Фота Волі Афіцэравай

Фота Волі Афіцэравай

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 10 студзеня паінфармаваў Вашынгтон аб зняцці абмежаванняў на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску, паведамляе амерыканскі часопіс Foreign Policy. Выданне называе гэта «дыпламатычным прарывам».

Дыпламатычныя кантакты дзвюх краін былі зведзеныя да мінімуму ў 2008 годзе, пасля таго як ЗША ўвялі санкцыі супраць Беларусі за парушэнні правоў чалавека. Аляксандр Лукашэнка тады абвінаваціў амерыканскае пасольства ў Мінску ў падрыўной дзейнасці. Мінск адклікаў пасла з Вашынгтона, абмежаваў колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску да пяці. Перад тым іх было 32, і гэта стандартная колькасць для амерыканскіх прадстаўніцтваў у краіне памеру Беларусі. Вось ужо 10 гадоў, як пасольствы дзвюх краін узначальваюць часовыя павераныя.

Foreign Policy піша, што пра рашэнне Мінска Уладзімір Макей паведаміў па тэлефоне памочніку дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Уэсу Мітчэлу ў чацвер, 10 студзеня. Уранку чацвярга, нагадаем, у Аляксандра Лукашэнкі адбылася нарада па пытаннях эканомікі і адносін з Расіяй.

На ёй Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, калі расійскае кіраўніцтва працягне ісці сваім курсам, яно страціць адзінага саюзніка на заходнім кірунку.

«Гэта вялікі крок. Гэта пачатак адлігі»,— сказаў Foreign Policy неназваны амерыканскі чыноўнік.

Уэс Мітчэл прыязджаў у Мінск у кастрычніку 2018 года. У тым жа месяцы ён заявіў: «Сёння нацыянальны суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць прыгранічных дзяржаў, такіх як Украіна, Грузія і нават Беларусь, з'яўляюцца тым надзейным бастыёнам, які абараняе ад расейскага неаімперыялізму».

Беларускае афіцыйнае агенцтва БелТА і прэс-служба МЗС пакуль ніяк не паведамілі пра гэтую навіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?