У Еўрасаюзе будзе забаронены продаж лямпачак напальвання. Такое рашэнне прынялі міністры энергетыкі ЕС.
З 1‑га верасня 2009 году будзе забаронены продаж лямпачак магутнасцю 100 ват, а з 2012 года ў Еўрасаюзе продаж звычайных лямпаў напальвання цалкам спыніцца. Традыцыйныя лямпачкі будуць паступова выводзіцца з ужывання.
Камітэт пры Еўракамісіі лічыць лямпачкі напальвання нізкаэфектыўнымі. Толькі 5 адсоткаў электраэнергіі ідзе на святло, астатняе марнуецца на выпрацоўку цяплыні. Дзеля эканоміі энергіі і абароны клімату лямпы напальвання будуць паступова вынятыя з гандлёвай сеткі ЕС.
Калі ўлічваць тэрмін жыцця традыцыйных лямпачак (максімум 3 гады), да 2015 года яны мусяць цалкам знікнуць з ЕС. Жыхары Еўрасаюзу пяройдуць на энергазберагальныя крыніцы асвятлення, кшталту галагенавых, люмінесцэнтных і святлодыёдных лямпаў. Адначасова за некалькі гадоў на вытворчасць энергазахоўваючых лямпаў будзе пераведзена і прамысловасць.
Энергазберагальныя лямпы новага пакалення спажываюць на 65‑80% менш энергіі. З іх дапамогай ЕС зможа зэканоміць ад 5 да 10 мільярдаў еўра ў год. Сярэдняя еўрапейская сям’я дзякуючы энергаашчадным лямпам знізіць выдаткі на электрычнасць на 50‑100 еўра ў год.
Новыя віды асвятлення каштуюць даражэй, чым лямпы напальвання, але пры гэтым яны спажываюць менш электраэнергіі, а «жывуць» болей.
ЯС, паводле EnergyLand.info