Экалагічны даклад па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы праекта стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС абмяркуюць сёння а 14-й гадзіне ў кінаканцэртнай зале Астраўца. Даклад апублікавалі на сайце Беларускай атамнай станцыі.

У стратэгіі разглядаюць тры варыянты абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам з БелАЭС. Усе варыянты зводзяцца да таго, што паліва ў любым выпадку будзе захоўвацца ў Беларусі.

Колькасць цеплавыдзяляльных зборак, выгружаных за 60 гадоў працы двух энергаблокаў БелАЭС, складзе арыенціровачна 5300 адзінак агульнай масай прыкладна 2500 тон цяжкага металу.

Варыянт 1. Накіроўванне апрамененай цеплавыдзяляючай зборкі Беларускай АЭС на перапрацоўку ў Расію, з улікам працяглага захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва (АЯП) у Расіі, з наступным вяртаннем высокаактыўных адходаў і іх захаваннем у Беларусі.

Варыянт 2. Накіроўванне апрамененай цеплавыдзяляючай зборкі БелАЭС на перапрацоўку ў Расію, з улікам працяглага «сухога» захоўвання АЯП на тэрыторыі Беларусі і з наступным вяртаннем і захаваннем высокаактыўных адходаў у Беларусі.

Варыянт 3. Доўгае захоўванне апрамененай цеплавыдзяляючай зборкі, у тым ліку з наступным захаваннем ў Беларусі (без адпраўкі ў Расію).

Адмова ад эксплуатацыі БелАЭС, якая з'яўляецца крыніцай утварэння адпрацаванага ядзернага паліва, немагчымая, адзначаецца ў дакладзе.

Зацвердзіць праект стратэгіі пасля грамадскага абмеркавання павінны ў першым квартале 2019 года. Заўвагі і прапановы па стратэгіі можна накіраваць да заўтра, 15 студзеня.

Беларуская АЭС будуецца па расійскім праекце ў Астраўцы. Першы энергаблок павінны ўвесці ў строй у 2019 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?