У нядзелю, 13 студзеня, на тэлеканале «Белсат» стартавала новая гумарыстычная перадача «Вечаровы шпіль», якую вядзе Алесь Карніенка. Перадача выходзіць на рускай мове і адрасаваная жыхарам не толькі Беларусі, але і ўсяго СНД. Ад гэтага і першы жарт — абыгрыванне мытнага («таможенного») саюза, як «таёжнага».

Цяпер, уласна, жарты. Канцэнтраваліся яны ў асноўным на беларускай тэматыцы.

***

«У Мінску невядомыя вандалы зламалі скульптуру «Вялікая істота». Так яе назваў аўтар — мастак Базыль Стахіевіч, але я лічу, што гэта быў неафіцыйны помнік дзяржаўнай палітыцы. Кожны, хто задаваўся пытаннямі, дзе свабодныя вакансіі, дзе нармальныя заробкі, дзе дэмакратыя, дзе? Кожны мог падысці да гэтага помніка і атрымаць адказ».

***

«Ведаеце, як па-беларуску гучыць фраза: «Усе савецкія людзі будуць жыць пры камунізме». Не? Нашмат карацей. «Усім па пяцьсот».

***

«Толькі ў 2017 годзе амаль 52 тысячы беларусаў атрымалі дазвол на жыхарства ў Еўрасаюзе. На «Беларусьфільме» час ужо здымаць рымэйк фільма «Уцёкі з Шаўшэнка», толькі называцца ён будзе «Уцёкі ад Лукашэнкі».

***

Была пародыя на размову Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

— Саня, на самба паедзеш?

— Не хачу, Вова. Ты меня і так увесь час, то з нафтай, то з крэдытамі кідаеш».

***

У рубрыцы «Добрыя навіны» на экране з’явіўся чалавек у майцы з дзяржаўным гербам і надпісам на ёй «Мне не сорамна», які еў закаткі на дзяржаўным чырвона-зялёным сцягу. Размаўляў ён на трасянцы.

«Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь па распіцці алкагольных напояў нечакана скацілася з другога месца на дваццаць сёмае. Злыя языкі кажуць, што гэта такі шахер-махер са статыстычнымі дадзенымі. І гэта толькі я зашыўся, а скажу Пятровічу ад Новага года завязаць, дык увогуле на пяцьдзесятае месца выйдзем».

***

«Кіраўнік Апарата Акадэміі навук заявіў, што не згодны з Дарвінам, і лічыць, што мы ўтварыліся ад прышэльцаў з космасу, але не ўдакладніў, хто «мы». Мне здаецца, што вучоны пацвердзіў тое, што мы і так ведалі: «Чыноўнікі зваліліся з месяца».

***

«Літоўская кампанія пабудавала ў Беларусі пяць біягазавых электрастанцый. Якія, удумайцеся толькі, працуюць на каравяках. Гэта ж брудны бізнэс! У адрозненне ад чысцюткага ўрана, на якім будзе працаваць АЭС у Астраўцы. Але самае страшнае, што гэтыя літоўскія інвестары могуць разбурыць беларускую эканамічную мадэль, бо яны робяць грошы з дзярма, а ў нас прынята наадварот».

***

Яшчэ адна рубрыка — гэта прагнозы гадалкі. Яна зачытала ў эфіры наступны ліст:

«Я жыву ў вёсцы на заробак у 200 рублёў, плачу падаткі, хаджу на датэрміновае галасаванне, усе мае дзеці вымушаныя былі добраахвотна ўступіць у БРСМ. Так, цяжка, не на ўсё хапае грошай, затое няма вайны, а яшчэ я часта закладваю за каўнер і тады забываю, дзе я жыву. Падкажыце, дзе мой дом?»

Адказ: «Бачу, што твая хата з краю».

***

«У 2018 годзе сам Дыега Марадона спачатку пагадзіўся на пасаду дырэктара брэсцкага «Дынама», а потым гэтае «Дынама» прадынаміў. Дыега Марадона ўмеў добра гуляць не толькі нагамі, але і рукамі, а тут нарэшце выкарыстаў і галаву».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?