Рэпартаж быў зроблены ў найгоршых прапагандысцкіх традыцыях крамлёўскіх СМІ, дзе ўсё змешваецца ў кучу: бандэраўскі Львоў, вераломны Захад, томас, майдан, галеча…
Затым ідзе пераключэнне на Беларусь. У сюжэце паказваюць канфлікт у мінскім метро, калі адзін з пасажыраў выгнаў з вагона «казака» са словамі «Чамадан! Вакзал! Расея!»
Чытайце таксама:
У Мінску хлопец выгнаў «казака» з вагона метро, канфлікт трапіў на ВІДЭА
«Хто ў страшным сне мог прадказаць, што ў сталіцы Беларусі, у Мінску, будуць нападаць на людзей толькі таму, што яны рускія»,
— пачаў распавядаць дыктар.
Затым зноў у сюжэце пераключыліся на Украіну, сцвярджалі, што Украіна нібыта пакутуе ад полчышчаў нацыяналістаў, а разрыў з Масквой нібыта вядзе да катастрофы.
Далей карэспандэнт пытаецца:
«Што рабіць беларускім уладам, якія працягваюць адбіваць атакі нацыяналістаў у інтэрнэце?»
У якасці «эксперта», які пацвердзіў існаванне нападаў нацыяналістаў у інтэрнэце, выступіў публіцыст Аляксей Дзерман.
Далей дыктар зрабіў заяву, што да пачатку ХХ стагоддзя на карце свету не існавала Беларусі і Украіны. І што створаны гэтыя краіны былі нібыта толькі высілкамі бальшавікоў.
«Савецкая ўлада змяніла расклад, намаляваўшы новыя межы, зрабіўшы дзве створаныя рэспублікі прывілеяванай часткай Саюза»,
— распавёў карэспандэнт НТВ.
Ён паўтарыў канспіралагічныя версіі, што нібыта Захад спецыяльна праз нацыяналізм не дае адбыцца саюзу Расіі, Украіны і Беларусі, таму што Захад нібыта бачыць у такім саюзе моцнага канкурэнта.