Баевікі, звязаныя з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» (яе частка ў Заходняй Афрыцы), захапілі горад Ран на паўночным усходзе Нігерыі. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў службах бяспекі краіны.
У горадзе вядуцца інтэнсіўныя баі паміж арміяй і баевікамі, частка будынкаў знішчана. Мясцовыя жыхары пакідаюць свае дамы.
Крыніцы Reuters сцвярджаюць, што горад цалкам перайшоў у рукі баевікоў, а ўрадавыя сілы пакінулі населены пункт. «Тэрарысты ўварваліся ў Ран, яны захапілі ўладу, нашы хлопцы адступаюць», — сказаў агенцтву на ўмовах ананімнасці адзін з вайскоўцаў.