Новая газета: Мінск не наш. Чаму праваліцца экстраная «інтэграцыя Беларусі»
Палітычны кансультант беларускага паходжання Віталь Шкляроў напісаў для «Новай газеты» некалькі аргументаў, чаму ў аперацыі «Мінск наш» у Беларусі прыхільнікаў не будзе.
Аўтар прызнае, што сувязі з Расіяй замянілі Мінску ўласную эканоміку і тым самым прафінансавалі замарозку краіны ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Тым не менш у адносінах Масквы і Мінска ёсць чатыры важныя супярэчнасці.
Па-першае, настальгія па СССР у Беларусі не накіравана на Маскву, лічыць аўтар.
Тыя ж людзі, што ва Украіне ўспрымаюць Расію апорай згубленага савецкага мінулага, у Беларусі бачаць яе светам дзікага Усходу з разгулам «барыг», «алігархаў» і «вар'яцкіх грошай» на фоне ўласнага аскепка стабільнасці.
Гэта значыць тыя ж самыя настроі, што Крамлю ў Крыме і на Данбасе прыкметна дапамагаюць, у Беларусі стануць вялікай перашкодай.
«Савецкая настальгія па стабільнасці працуе на ўсёй прасторы былой Беларускай ССР, але калі ў Крыме яна была накіравана на Расію, то ў Беларусі — на сябе і на Аляксандра Рыгоравіча»,
— піша Шкляроў.
Другая супярэчнасць — сацыялогія.
Падзеі 2014-2015 гадоў цалкам адназначна сведчаць аб тым, што расійскае кіраўніцтва знаходзілася ў палоне шматлікіх ілюзій адносна настрояў ва Украіне. Ілюзіі не спраўдзіліся.
Відавочна, што расійскае палітычнае кіраўніцтва выкарыстоўвае пры прыняцці рашэнняў недакладныя, няпоўныя альбо спецыяльным чынам сфальсіфікаваныя даныя.
Няма ніякіх падставаў меркаваць, што погляд і ацэнка ўнутраных «экспертных заключэнняў» па Беларусі будзе іншымі.
Трэцяя супярэчнасць — публічны фальстарт.
Дзве папярэднія «геапалітычныя акцыі» — Грузія ў 2008 годзе і Украіна ў 2014-м — публічна і гучна не рыхтаваліся, заўважае аўтар. У прыватнасці, ніякага Крыма да лютага 2014 года ў расійскім грамадскім прасторы не існавала. Тэма «вяртання ў родную гавань» усур'ёз абмяркоўвалася толькі ў тых жа колах «экспертаў», якія сёння абмяркоўваюць вяртанне Аляскі.
«Доўгае нагнятанне публічнай напружанасці без рэальных крокаў нехарактэрна для такога кшталту дзеянняў у мінулым»,
— піша Шкляроў.
Чым даўжэй тэма ў прасторы дыскусіі — тым вышэйшы шанец, што адэкватныя эксперты, а не толькі вузкае кола сяброў Рады бяспекі, змогуць данесці свой пункт гледжання да Крамля.
Супярэчнасць чацвёртая — «гэта ўжо працуе».
Аўтар прызнае, што для Крамля не будзе складана эфектыўна скарыстацца ўжо звыклымі і шматкроць апрабаванымі інструментамі прапаганды.
Знешняя экспансія ва ўсіх папярэдніх выпадках паказала, што здольная падняць рэйтынг, згладзіць любую рэакцыю на любыя балючыя рэформы, на рост падаткаў і зніжэнне ўзроўню жыцця ў Расіі.
Коммерсант FM: Цярпенню Крамля наступае канец
Палітычны аглядальнік «Коммерсант FM» Дзмітрый Дрызе аналізуе апошнія заявы Дзмітрыя Мядзведзева і пагрозы Беларусі Дзмітрыя Кісялёва. Журналіст лічыць, што цярпенню Крамля наступае канец.
Прыкметна, што градус напружанасці ў адносінах Масквы і Мінска павышаецца, заўважае аўтар. Дрызе піша, што Лукашэнка пачаў «выводзіць з сябе».
«Яму вырашылі адказаць, прычым відавочна з намёкам на тое, што ён можа яшчэ і сур'ёзна пашкадаваць пра вось такія недальнабачныя паводзіны»,
— піша Дрызе.
Такія супрацьстаянні бывалі паміж Беларуссю і Расіяй раней, заўважае аўтар. Але цяпер ёсць прынцыповае адрозненне — указаны Кісялёвым украінскі прыклад.
«Ці зразумеў Аляксандр Рыгоравіч гэты празрысты намёк? Можа быць. Прынамсі, раптам назваў непаразуменнем канфлікт на Данбасе і заклікаў яго хутчэй завяршаць. Узяў удзел. Да чаго б гэта?»
— піша Дрызе.
Московский комсомолец: Лукашэнка не праблема, а козыр Расіі
«МК» высветліў у двух «экспертаў», чым можа скончыцца абвастрэнне ў расійска-беларускіх адносінах. Іх меркаванні разышліся.
Андрэй Суздальцаў лічыць, што Расіі не трэба звяртаць увагі на пагрозы Лукашэнкі пасварыцца з Масквой.
Ён упэўнены, што на маючых адбыцца выбарах у Беларусі пераможа той кандыдат, на якога паставіць Крэмль.
«Мясцовая кіруючая эліта падтрымае толькі таго чалавека, які зможа выбіць з Расіі неабходныя для падтрымання эканомікі рэспублікі грошы. Пакуль Лукашэнка не спраўляецца з гэтай місіяй, а значыць яго будучыня туманная»,
— сказаў Суздальцаў.
А вось Захад фінансаваць Беларусь не будзе, упэўнены каментатар. Захад нібыта цалкам задаволены тым, што Расія вымушана цягнуць на сабе яшчэ адну дзяржаву.
«Ні ЗША, ні Еўрасаюз не стануць узвальваць на сябе гэтую ношу»,
— сказаў Суздальцаў.
А вось Дзяніс Дзянісаў, дырэктар «Інстытута міратворчых ініцыятыў і канфлікталогіі» лічыць, што Расіі няма чаго баяцца і Лукашэнка яе задавальняе.
Ён сцвярджае, што пераважная большасць беларусаў любяць Расію, ды і палітычная сістэма Беларусі такая, што пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка, яе не атрымаецца змяніць такім чынам, каб Захад мог лічыць Мінск сваім хаўруснікам або інструментам у барацьбе з Масквой.
«Лукашэнка — гэта не праблема, а козыр Расіі. Пакуль ён знаходзіцца ва ўладзе, няма ніякіх сумневаў, што Беларусь будзе заставацца саюзнікам Масквы. Разам з тым, як толькі рэспубліка ўвойдзе ў перыяд транзіту ўлады, у Крамля могуць пачацца цяжкасці»,
— адзначае «эксперт».