Свае парады даў ужо знаёмы па папярэдніх двух майстар-класах спікінг-коўч TEDxMinsk, кіраўнік школы прамоўніцкага майстэрства, бізнэс-трэнер і генеральны прадзюсар «Радыё Бі Эй» Дзмітрый Смірноў.
«Ва Уладзіміра Караткевіча ёсць апавяданне пра маленькую дзяўчынку, якая не баялася нічога ў свеце, акрамя пыласоса. І вось, калі яна спрабавала пайсці туды, куды ёй забаранялася, бацькі заўсёды страшылі яе, што там чакае пыласос. У кожнага з нас таксама ёсць свой пыласос, які не дае нам адкінуць свае перажыванні і дамагчыся поспеху», — пачаў Дзмітрый Смірноў.
А лідарам, калі разабрацца, быць не так і складана. Трэба толькі мець наступнае:
Першае — адказнасць
Адным з практыкаванняў, якое прапанаваў Дзмітрый Смірноў, было стаць у кола і як мага хутчэй усім разам выкрыкнуць сказ з пяці словаў. Вядома, у групе адразу знайшоўся той, хто прапанаваў гэты сказ.
У першую чаргу несці адказнасць перад самім сабой. Таксама — перад людзьмі, якія паверылі ў вашу ідэю і якія працуюць разам з вамі. І, вядома, адказнасць за вынік працы.
Другое — ідэю
У сапраўднага лідара заўсёды ёсць ідэя.
«Ідэя, якая заключаецца не толькі ў тым, каб зрабіць лепш для сябе. Поспех маюць тыя праекты, мэта якіх — спрасціць жыццё людзям. Напрыклад, кавярня. Гаспадар добрай кавярні дбае найперш пра тое, каб яго кавярня аб’ядноўвала людзей, каб там хацелася бавіць час, а не проста як зарабіць на ёй шмат грошай», — тлумачыць Дзмітрый Смірноў.
Трэцяе — мэту
Толькі паставіўшы канкрэтную мэту перад сабой, можна спадзявацца на поспех.
У якасці прыкладу Дзмітрый прапанаваў загадаць жаданне ўяўнай залатой рыбцы. Хлопец з залы загадаў дом. Трэнер намаляваў домік на паперы і працягнуў хлопцу: «Жаданне выканана. Але ці пра такі дом ты марыў?»
Так і з мэтамі, якія мы ставім перад сабой.
Мэта павінна быць канкрэтнай, дасягальнай, вымернай і абмежаванай у часе.
Важным складнікам поспеху на гэтым этапе трэнер лічыць планаванне. І ўменне размяркоўваць свой час.
«Акрамя ўсяго гэтага, лідар не баіцца рызыкаваць. Я тысячу разоў у сваім жыцці чуў адну і тую ж фразу: «Смірноў, куды ты лезеш?». А лезці трэба. І не адчайвацца, калі не атрымліваецца. Паглядзіце на Ілана Маска. Ён на сваіх ідэях згубіў мільёны долараў, але ён не спыняецца!»
Ёсць адна парада, як не думаць пра тое, што цябе можа чакаць правал. Яе сфармулявала Ірына Хакамада, і гучыць яна так: «Памрыце загадзя».
Іншымі словамі, уявіце сабе самае горшае, што адбудзецца, калі ў вас не атрымаецца. Перажывіце гэта загадзя і не бойцеся рабіць крок наперад.
«У кожнай паразе шукайце пазітыў. Не атрымалася так, як хацеў я, затое… Калі вам будзе здавацца, што гэта крах, падумайце, ці важным гэта будзе праз дзесяць год. Фіксуйце свае нават невялікія поспехі, самі прасіце вашых сяброў вас крытыкаваць. І не бойцеся ніякіх «пыласосаў», — працягвае Дзмітрый Смірноў.
Навучальныя майстар-класы скончыліся. Наперадзе ў школьнікаў падрыхтоўка прэзентацыі асабістых праектаў.
Яшчэ больш карысных парад:
Не «экай», а проста памаўчы — тры галоўныя складнікі поспеху прамоўцы
Пяць парад, як зрабіць годную прэзентацыю праекта — спатрэбіцца кожнаму выступоўцу
Хто найцікавей павіншаваў блізкіх з зімовымі святамі па-беларуску?
Перад навагоднімі святамі для ўдзельнікаў праекта velcom YOUTH кампанія запусціла зімовы чэлендж відэавіншаванняў на беларускай мове «Калядны спрынт». На сустрэчы нарэшце аб'явілі пераможцаў.
Самым папулярным віншаваннем стала відэа Віталя Клімянкова, яно сабрала амаль 630 лайкаў.
Віншаваннем, якое найбольш адпавядае практычным парадам майстар-класаў, быў прызнаны ролік Арыядны Шарыгінай.
Самым арыгінальным відэавіншаваннем, на думку ўдзельнікаў Naviband, стаў пост Вікторыі Ярац.
Не засталіся без увагі яшчэ дзве работы: самае першае відэа, якое было апублікавана, — віншаванне Настассі Быкоўскай.
А таксама відэа Іллі Баркоўскага, што сабрала амаль 600 лайкаў.
Што далей чакае старшакласнікаў у праекце
А далей 800 школьнікаў з усёй краіны пачнуць рэалізоўваць свае ідэі ў трох кірунках: тэхналогіі, культура і інклюзія.
Па ўмовах конкурсу, з 20 студзеня па 20 лютага ўдзельнікам неабходна будзе зняць і змясціць на сваіх старонках у сацсетках невялікі відэаролік-прэзентацыю праекта з хэштэгам #velcomYOUTH, які і будзе ацэньваць журы.
Галоўнымі крытэрамі пры ацэнцы праектаў стануць адпаведнасць выкананага праекта абранай тэме, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння праблемы, маштаб рэалізацыі праекта, ступень практычнай рэалізацыі ідэі, дэманстрацыя навыкаў, атрыманых падчас адукацыйных майстар-класаў і дакладнае адлюстраванне сутнасці праекта ў відэароліку.
Асаблівасць праекта velcom YOUTH у тым, што ўся камунікацыя ад падачы заяўкі да прэзентацыі праекта ў фінале вядзецца на беларускай мове. Аўтары самых значных, сучасных і арыгінальных праектаў трапяць у лік 10 фіналістаў. Яны наведаюць сустрэчу TEDxMinsk у сакавіку і пачнуць працаваць над прэзентацыяй сваёй ідэі з ментарамі. Выступы фіналістаў адбудуцца на выніковым мерапрыемстве TEDxYouth@Minsk у маі 2019 года. Усе 10 фіналістаў атрымаюць прызы — мабільныя тэлефоны iPhone Xs, а трое пераможцаў (па адным у кожным кірунку конкурсу) будуць запрошаныя на мерапрыемства TEDx у Аўстрыю.
Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH праводзіць кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і арганізатараў канферэнцыі TEDxMinsk.