Гарадзенскія мытнікі перакрылі канал пастаўкі наркотыкаў.

Як паведамляе прэс‑служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, расследаванне гэтай справы пачалося 11 снежня, калі ў пункце пропуску «Брузгі» пры правядзенні аперацый мытнага кантролю было канфіскавана больш як адзін кілаграм марыхуаны. Наркатычнае рэчыва знаходзілася ў коле, якое перавозіў у сваім аўтамабілі 20‑гадовы грамадзянін Беларусі. Супрацоўнікі Гродзенскай рэгіянальнай мытні звярнулі ўвагу, што аўтамабільнае кола не адпавядае транспартнаму сродку, на якім ехаў грамадзянін. Пры надглядзе з выкарыстаннем рэнтген‑комплексу было ўстаноўлена, што ў пустой прасторы знаходзіліся тры пакеты, абматаныя клейкай стужкай з рэчывам расліннага паходжання цёмна‑зялёнага колеру, як меркавалася — марыхуанай.

Пры апытанні затрыманага высветлілася, што пра пабочныя ўкладанні яму нічога не вядома, кола папрасіў прывезці ў Беларусь за ўзнагароджанне знаёмы, жыхар Гродна. Апрача таго, адно кола было ўвезена раней, два засталіся ў Польшчы і чакалі сваёй дастаўкі ў Беларусь.

Дзякуючы аператыўным дзеянням мытнікаў у гэты ж дзень было канфіскаванае раней увезенае кола, а ў ім яшчэ 1,2 кг марыхуаны. У далейшым, паводле інфармацыі беларускіх калег, супрацоўнікі польскай мытнай службы знайшлі яшчэ два колы з укладзенымі ў іх пакетамі з марыхуанай, а таксама 100 блокаў цыгарэт з расійскімі акцызнымі маркамі.

Пры ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці быў затрыманы жыхар Гродна, арганізатар перавозкі.

Па факце незаконнага перамяшчэння праз мяжу наркатычных сродкаў Гродзенскай рэгіянальнай мытні распачатыя дзве крымінальныя справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?