Культура33

Як беларус з Падляшша стварае самую грунтоўную анлайн-бібліятэку беларускіх выданняў 

Пра гісторыю і планы самай поўнай і самай вядомай анлайн-бібіліятэкі беларускіх кніг і выданняў kamunikat.org «Народная воля» распытала ў стваральніка партала, беластоцкага журналіста Яраслава Іванюка. 

Яраслаў Іванюк, фота ЗБС «Бацькаўшчына». 

— У 2000 годзе ў мяне нарадзіліся два дзіцяці, — смяецца Ярэк, — мой сын і «Камунікат». А рабіць сайт, дарэчы, навучыла жонка.

Падрабязнасці 18-гадовай даўніны Яраслаў згадвае на прыгожай беларускай мове. Іванюк — класічны прадстаўнік беларусаў Падляшша: нарадзіўся, вырас і жыве ў Польшчы, але сам — этнічны беларус.

— Я гадаваўся ў сям’і, дзе па-польску нават не размаўлялі. Толькі на мове! — тлумачыць Ярэк. — Не літаратурнай, канешне: у Бельску-Падляшскім мы гаворым на нашым мясцовым дыялекце. Але школа ў мяне была беларуская, ліцэй — таксама беларускі, імя Тарашкевіча. Пытання нават не ўзнікала — беларус я ці паляк! I сына свайго я запісаў беларусам.

Таленавіты журналіст, прафесійны гісторык, харызматычная асоба. Пра такіх, як Іванюк, звычайна кажуць: «чалавек справы». Падаецца, што менавіта з жадання ствараць і з’явілася ўся гэта гісторыя пад назвай «Камунікат».

— Ой, якія там напалеонаўскія задумы! Пасля ўніверсітэта і некалькіх гадоў працы на «Польскім радыё для замежжа» я вярнуўся з Варшавы на Беласточчыну. Працаваў на «Радыё Беласток» і супрацоўнічаў з беларускай рэдакцыяй у Варшаве. А вы ж цудоўна ведаеце, што гэта такое. Прагучала праграма — і ўсё. А частку эфіраў хацелася ўсё ж такі захаваць. Перанесці іх, што называецца, на паперу. Так з’явіўся бюлетэнь «Камунікат», які я потым пачаў пераносіць у інтэрнэт.

— Першыя ўражанні згадаеце?

— Спачатку вельмі добра чыталі матэрыялы пад гістарычнай рубрыкай. Але я заўсёды думаў: калі ёсць такі сродак камунікацыі, як інтэрнэт, то ў ім павінна прыстунічаць і беларускае мастацкае слова! Так паціху дайшла справа і да літаратуры. Шчыра? Мне вельмі хацелася прэзентаваць яе менавіта адсюль, з Беласточчыны.

— Амбіцыйна!

— Але нам сапраўды цікава ўсё, што мае сувязь з беларускасцю ва ўсіх яе праявах. Зайдзіце на сайт: там ёсць перыёдыка, навуковыя даследаванні, слоўнікі, метадычныя дапаможнікі. Бывае, што кніжкі выходзяць на іншым канцы свету. Але калі яны пра Беларусь — калі ласка!

— Адлегласць, атрымліваецца, не перашкода?

— Слухайце, калі з-за мяжы можна рабіць беларускае тэлебачанне, якія тады пытанні з інтэрнэт-бібліятэкай? Больш за тое, нягледзячы на, як вы кажаце, адлегласці, мы працуем толькі са згоды аўтараў! Заключаем дамовы, усё робім афіцыйна.

— Усім бы вашым калегам такую прынцыповасць!

— А трапілі аднойчы ў сітуацыю. Раптам чалавек пытаецца: «А па якім гэта праве вы аддалі мае кнігі на іншы сайт?» Мы здзівіліся. А як пачалі разбірацца, дык на тым сайце ўсе нашы рэсурсы! I гэта прытым, што я заўсёды за тое, каб беларускага слова ў інтэрнэце было многа. Але давайце вырашаць падобныя пытанні усё ж такі больш элегантна. Хаця б спасылкі пазначаць, ці што.

— Яраслаў, як быць стваральніку бібліятэкі з асабістымі прыхільнасцямі? Ёсць нейкія рэчы, якія дакладна не з’явяцца на вашых «палічках»?

— Графаманства — гэта адразу «не». Ніколі не будзе на сайце антыбеларускіх тэкстаў або нейкіх шавіністычных гісторый. Але не думайце: здаралася, што і нам адмаўлялі. Нагоды? Ды самыя розныя. Скажам, адзін пісьменнік не захацеў з намі супрацоўнічаць, таму што на «Камунікаце» ёсць аўтары, з якімі яму, цытую, «не па дарозе».

— Дарэчы, рабіць пісьменнікам персанальныя старонкі — таксама ваша прыдумка?

— Нейкі я задужа станоўчы атрымліваюся (смяецца). Між іншым, я ведаю, што многія пісьменнікі адмыслова не робяць сайты, а даюць чытачам менавіта нашы, камунікатаўскія, каардынаты. Адмыслова не робяць сваіх сайтаў. Бо ўсё неабходнае ёсць у нас: біяграфія, здымкі, творы. Так што недарэмна я працаваў па начах. Ну і зноў жа — усё ў свабодным доступе. Толькі спампоўвай ды чытай.

Так, напрыклад, выглядае старонка пісьменніка Андрэя Федарэнкі на kamunikat.org. 

— Мара любога карыстальніка!

— Прысутнасць беларускага слова ў інтэрнэце і так не дужа вялікая. А калі мы яшчэ грошы за гэта будзем браць… Дарэчы, на «Камунікаце», калі вы заўважылі, ёсць шмат газет і часопісаў, якія маюць свае сайты, але мы і з імі дамовіліся! Каб у адным месцы была і тая ж «Народная Воля», і іншыя газеты.

— Скажаце — «іншыя». Сапраўдныя знаходкі! Прэса дакамп’ютарнага часу — не жарты.

— Алічбоўваем дзясяты год: самвыдат, незалежную прэсу, эміграцыйныя часопісы. Аказалася, што ў інтэрнэце няма не толькі газет пачатку 1990-х гадоў. Няма нават прэсы 2000-х! Прыйдзе час, калі за гэту справу возьмецца і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Не хачу сказаць, што там нічога не робяць, не. Але, на жаль, мала што трапляе ў агульны доступ.

А вось цяпер уявіце: усю гэтую вяпікую камунікатаўскую справу стварае маленькі калектыў, не больш за дзесяць чалавек. Хаця такім рэсурсам мусіць займацца сотня людзей, разважае Яраслаў.

— Больш за ўсё намаганняў ідзе на алічбоўку старых газет. Часта ў іх проста нечытабельны стан, патрэбна рэканструкцыя. А рэканструкцыя — гэта заўсёды час, людзі і грошы. Бо я перакананы: за кожную справу людзям трэба заплаціць. А з валанцёрамі пакуль што складана. Так што сродкі — як звычайна, — самае балючае пытанне.

— Яраслаў, якая сёння статыстыка наведвання сайта?

— Скажу так: мінімум 1000 разоў на дзень сайт адкрываецца. I паколькі гэта не рэсурс навін, я лічу, што лічбы някепскія. Але бывае, што і яны павялічваюцца ў разы. Напрыклад, калі ў 2000-м у Беларусі былі выбары, мы паставілі на сайт «Малога канспіратара» (пра тое, як займацца апазіцыйнай дзейнасцю ва ўмовах палітычнага ціску). Спасылку на кніжку апублікаваў «Тут.бай» — і паказчыкі скочылі ў дзясяткі разоў.

— Яраслаў,чаго сёння не стае «Камунікату»?

— Я вельмі хачу пашырыць калекцыю аўдыякніг. I не проста пашырыць. Ёсць такая мара — іх рабіць! Скажам, з Зінаідай Бандарэнка мы пару гадоў таму запісалі «Птушак без гнёздаў» Ларысы Геніюш. Шыкоўна атрымалася. Я ўвогуле думаю, што сёння беларускую літаратуру варта было б папулярызаваць менавіта такім чынам.

— Цікава, а якія літаратурныя густы ў стваральніка бібліятэкі?

— То пойдзем у мой кабінет! Вось — на паліцах поўны збор Быкава, Караткевіча, усе нумары «Дзеяслова».

— І што, застаецца час на «пагартаць кніжку»?

— Ну як сказаць… Жыву я з журналістыкі. Акрамя радыё, працую ў Беларускім гістарычным таварыстве. Вечарамі-начамі раблю «Камунікат». Так, з вольным час праблема. Апошнім часам кніжкі радзей чытаю, але часцей слухаю — падчас прабежак. Можа, таму мне так хочацца нарабіць на сайце аўдыябукаў.

На развітанне задаю Яраславу самае простае, але, па вялікім рахунку, самае галоўнае пытанне: а навошта гэта яму? Калі можна проста хадзіць на працу, высыпацца, займацца домам, сям'ёй. Адпачываць, нарэшце.

— Не, ну бывае, што стомішся, — здаецца, нарэшце, Ярэк. — Але як падумаю, што няма ў свеце такой краіны, з якой бы яшчэ ні разу не зайшлі на «Камунікат»… Напэўна, людзям гэта ўсё ж такі трэба.

Р.S. У чэрвені 2018 года Яраслаў Іванюк разам са сваімі сябрамі- журналістамі Юрыем Калінам і Міхалам Сцепанюком заснаваў Фонд Kamunikat.org. У планах не толькі далейшае развіццё інтэрнэт-бібліятэкі, але таксама арганізацыя канцэртаў, вечарын, канферэнцый, праца з моладдзю.

Каментары3

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У пачатку вайны кавэзэшніцу Марыну Грыцук вывозілі з-пад Кіева на танку. Цяпер яна вядзе мерапрыемствы ў Расіі11

У пачатку вайны кавэзэшніцу Марыну Грыцук вывозілі з-пад Кіева на танку. Цяпер яна вядзе мерапрыемствы ў Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

У веткаўскім лясгасе бунт з-за нізкіх заробкаў — давялося ўмяшацца генеральнаму дырэктару аб'яднання11

Былая дэлегатка Каардынацыйнай рады расказала, як цяпер кіруе кветкавым бізнэсам у Варшаве2

«Яндэкс.Карты» навучыліся паказваць разметку на мінскіх дарогах

Хто прымусіў Трампа раптоўна адмовіцца ад увядзення тарыфаў10

Былога кіраўніка Музычнага тэатра прызначылі гендырэктарам мінскай філармоніі1

Курс еўра дасягнуў трохгадовага максімуму

Праект апарт-гатэля ў цэнтры Мінска, звязанага з Балабам, завярнулі — замінае сувязі з космасам

Жыхары ЖК пад Мінскам усім кварталам ратавалі рэдкую яшчарку. Аказалася, гэта была цацачная3

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч працягвае праходзіць хіміятэрапію

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У пачатку вайны кавэзэшніцу Марыну Грыцук вывозілі з-пад Кіева на танку. Цяпер яна вядзе мерапрыемствы ў Расіі11

У пачатку вайны кавэзэшніцу Марыну Грыцук вывозілі з-пад Кіева на танку. Цяпер яна вядзе мерапрыемствы ў Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць