Відэа сілавога затрымання беларускі Настассі Вашукевіч (Насці Рыбкі) у маскоўскім аэрапорце «Шарамеццева» апублікаваў тэлеканал РЕН ТВ.
Дзяўчына адчайна супраціўляецца і не жадае добраахвотна здавацца, кажучы: «Я не хачу нікуды ехаць».
Аператыўнікі спачатку спрабавалі вывезці яе ў інвалідным вазку, затым пад рукі вынеслі дзяўчыну з памяшкання.
Вечарам 17 студзеня паліцыя Масквы затрымала ў аэрапорце Алекса Леслі і Насцю Рыбку, а таксама яшчэ двух чалавек па справе аб арганізацыі прастытуцыі. Ім пагражае да шасці гадоў турмы.
Працаўніца эскорт-паслуг Рыбка стала вядомая, пасля таго як расійскі антыкарупцыйны блогер Аляксей Навальны агучыў яе прызнанні аб сэкс-трыпе з удзелам былога памочніка Пуціна, а цяпер віцэ-прэм'ера Прыходзькі на яхце, якая належыць мільярдэру Дзерыпаску.
Навальны заявіў, што расцэньвае сумесны «адпачынак» мільярдэра і чыноўніка як карупцыю.
Прыходзька захаваў сваю пасаду, расійскія кантраляваныя СМІ справу замаўчалі. Затое ў Рыбкі і яе партнёра па «бізнэсе» Алекса Леслі (Аляксандра Кірылава) неўзабаве пасля публікацыі расследавання пачаліся праблемы. Дзерыпаска падаў на абаіх у суд і адсудзіў 1 млн расійскіх рублёў. А пасля гэтага іх затрымалі ў Тайландзе.
Яны баяліся экстрадыцыі ў Расею і прасілі дапамогі ў амерыканскай амбасады. У прыватнасці, Насця Рыбка абяцала перадаць амерыканцам важныя звесткі аб умяшанні Расіі ў выбары прэзідэнта ЗША, якія ёй нібыта ўдалося атрымаць падчас размовы з расійскім мільярдэрам Алегам Дзерыпаскам. Тым не менш тайландскі суд пастанавіў экстрадзіраваць іх у краіны, па пашпартах якіх яны прыбылі ў Тайланд. Рыбка, адпаведна, павінна была прайсці ў Беларусь транзітам праз Маскву. Перад іх вылетам рупар расейскай прапаганды, агенцтва РІА «Навіны», апублікаваў інфармацыю, што затрыманне ў Маскве ім не пагражае, бо крымінальных спраў супраць іх не вядзецца.
У пасольстве Беларусі ў Маскве кажуць, што «правяраюць інфармацыю» аб затрыманні Вашукевіч.