Неяк глядзеў тэлеперадачу пра Мерлінскі палігон. Яна мяне зацікавіла: частка маёй службы ў Савецкай Арміі прайшла ў камандзіроўцы на Палессі, дзе наш інжынерны батальён выконваў спецзаданне па высяленні вёсак і хутароў з тэрыторыі Мерлінскага сельсавета. Ведаючы, як усё адбывалася, з многімі выкладкамі тэлеперадачы не магу пагадзіцца.

Па-першае. Наведваў Мерлін у 1962 годзе не першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі П.М. Машэраў, а старшыня Савета міністраў БССР Ц.Я. Кісялёў. Разам з ім у Мерлін на верталёце прыляцелі камандуючы Беларускай ваеннай акругай генерал арміі В.А. Пянькоўскі і генерал-лейтэнант авіяцыі з Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР (прозвішча запамятаваў). Мне давялося іх сустракаць і везці да месца сходу мясцовых жыхароў каля вёскі Калкі. А выпаў мне такі гонар таму, што газік, на якім я вазіў камандзіра батальёна Іванова, быў найменш пабіты тутэйшымі дарогамі і выглядаў больш прыстойна, чым іншыя транспартныя сродкі, падрыхтаваныя для сустрэчы высокіх гасцей і іх світы.

Пянькоўскі сеў на пярэдняе сядзенне і адразу спытаўся: «Сам откуда?» Пачуўшы, што я з Гродзеншчыны, сказаў: «Свой, белорус». Больш са мной гаворкі не было. Затое ўсю дарогу мае пасажыры гутарылі паміж сабою. Помню, размова зайшла пра Васілія Сталіна, на што генерал з Масквы сказаў, што ён «болтался в нетрезвом віде у зданія Генерального штаба». Яшчэ загаварылі аб «упреждающем ударе», на што маскоўскі госць адказаў: «Вопрос прорабатывается».

Напомню чытачам: якраз у гэты час выспяваў карыбскі крызіс.

Сустрэча з жыхарамі адбылася на выспе каля вёскі. Большасць жыхароў была не згодна з высяленнем, пісалі скаргі ў Маскву. На сустрэчу прыйшлі чалавек 100—150. Былі прынесены тры сталы, засланыя кумачом, і некалькі крэсел для важных асоб. Першым выступіў В.А. Пянькоўскі. Ён гаварыў аб неабходнасці ўмацавання абароны дзяржавы і аб мэтазгоднасці стварэння палігона.

Запомнілася, як адзін з жыхароў чамусьці назваў Пянькоўскага ляснічым і папрасіў слова. Пянькоўскі паведаміў, што ён не ляснічы, а генерал. Паляшук выказаў прабачэнне і сказаў, што прыняў яго за ляснічага таму, што ўгледзеў на пятліцах дубовае лісце. Мне падалося, што гэта была наўмысная хітраватасць мясцовага селяніна.

Па-другое. 3 якой нагоды ў тэлеперадачу аб Мерлінскім палігоне ўплялі кадры аб здрадніку А.У Пянькоўскім, да якога ні камандуючы БВА, ні Мерлінскі палігон не мелі ніякага дачынення? На момант арышту палкоўніка Пянькоўскага палігона яшчэ не было.

Па-трэцяе. СТБ паказвае, як магутныя трактары перасоўваюць хаты цалкам. Не ведаю, адкуль узяты гэтыя кадры, але яны таксама не маюць дачынення да Палесся, як і вялізны гурт бульбы і касьба «гуськом». Паказаныя кадры, на мой погляд, з’яўляюцца кінахронікай перыяду калектывізацыі. На той тэрыторыі, якую займаў Мерлінскі палігон, не было палёў, паказаных у тэлеперадачы, і ніколі не было калгаса. Адзіным прадпрыемствам быў леспрамгас, дзе, паводле чутак, працавалі ў асноўным зняволеныя.

Вестка аб камандзіроўцы нашага інжынернага батальёна з часці, што знаходзілася каля вёскі Аколіца, што пад Мінскам, была ўспрынята асабовым складам станоўча. Руцінны распарадак, ранішні пад'ём, фіззарадка, заняткі па інжынернай падрыхтоўцы, палітзаняткі ў процівагазах па серадах, страявая падрыхтоўка на пляцы — кожны дзень адно і тое ж абрыдла ўсім. I хоць інфармацыя была канфідэнцыяльная, але хутка ўсе ведалі пра мэту камандзіроўкі.

Грузімся з тэхнікай у Смалявічах у таварняк, і праз суткі мы ўжо на невялікай станцыі Гарынь. Сярэдзіна мая, пахне чаромха, цвіце бэз, бушуе зелень, адчуваецца подых поўдня. Нашы самадзейныя артысты проста на платформе вагона даюць канцэрт для жыхароў правінцыяльнай чыгуначнай станцыі. Запомнілася выкананне хіта таго часу «Хотят лі русскіе войны?». Паглядзець на салдат і паслухаць канцэрт сходзяцца палешукі.

Многа прыгожых дзяўчат. Здзіўляе мова: нібыта беларуская, але з моцным украінскім акцэнтам. Свой мясцовы дыялект.

Сваім ходам па гравійцы рухаемся ў бок Давыд-Гарадка, далей па грэблі — на Мерлін. Гэту дарогу хочацца апісаць больш падрабязна.

Дарога ўяўляла сабой невысокі насып з глеістага торфу, упоперак высланы бярвёнамі рознай таўшчыні і розных парод дрэў.

Больш за ўсё гэта былі вольха і бяроза. Калона грузавікоў, якую я «ўзначальваў» на газіку, налічвала каля сарака адзінак. Бярвёны гаці правальваліся пад коламі і незваротна знікалі ў дрыгве. Грузавікі буксіравалі адзін аднаго, лопаліся тросы, адрываліся бамперы, часам ехалі цугам. Ад руху тэхнікі па дамбе калыхаліся кусты і дрэвы абапал дарогі. Вечарам нас суправаджала харавое кваканне жаб.

Запомніўся паляшук: стоячы ў лодцы, ён касіў траву ля гаці і спытаўся, чаго мы едзем туды, куды немцы ў вайну не заходзілі. Мы, ваенныя, ведалі, куды і для чаго мы едзем.

Усе хаты ў вёсках і хутарах разбіраліся ўручную салдатамі і перавозіліся па жаданні жыхароў бліжэй да радні, у тым ліку ва Украіну. Насельніцтва не хацела пакідаць родныя мясціны, магілы сваіх продкаў, тым не менш масавага пратэсту не было, пра факты кідання пад колы грузавікоў мне не вядома. А бываць у розных пунктах перасялення мне даводзілася часта. Не было чуваць і пра якое-небудзь непадпарадкаванне ўладам пры перасяленні.

Усё было добра арганізавана, мясцовыя людзі не мелі прэтэнзій да салдат, якія займаліся перавозкай іх нерухомасці. Пры гэтым насельніцтва задавальнялі памеры грашовай кампенсацыі. У Мерлінскім сельсавеце кошт пабудоў вызначаў капітан Львоў.

Неяк з мэтай пракантраляваць падначаленых я прывёз камбата ў вёску Калкі, дзе мы сталі сведкамі непрыстойнай з’явы. Пасярэдзіне вуліцы ляжаў п’яны капітан Львоў са сваёй неразлучнай папкай. Вакол яго хадзілі куры, людзей не было. Камбат выскачыў з газіка і закрычаў: «Встать, свінья!» Каманды капітан не пачуў, і рэакцыі з яго боку не было. Капітана салдаты адвезлі ў месца дыслакацыі батальёна на «ЗіЛе», я з камбатам паехаў у Давыд-Гарадок, каб далажыць аб выпадку «куда следует».

Выкананне «спецзадання» зацягвалася, ваенныя начальнікі пачалі нервавацца, бо вызначаны час мінуў. Усё часцей можна было бачыць генерала Цэзара, які ўзначальваў усю аперацыю. Прыляцеў яшчэ адзін генерал з Масквы, якога мы з камбатам сустракалі ў Столінскім аэрапорце. Калі везлі яго ў Мерлін, на адным з раз’ездаў (іх было некалькі — гэта невялікая пляцоўка, на якой маглі раз’ехацца сустрэчныя грузавікі) стаяла некалькі знявечаных «ЗіЛаў». Адзін грузавік выглядаў даволі ўражальна, бо быў без крылаў, з аголенымі пярэднімі коламі. Тут жа на траве сядзелі чалавек шэсць салдат, відаць, спыніліся перакусіць. Выгляд іх выклікаў не меншае ўражанне, чым іх транспарт. Справа ў тым, што салдаты, якія займаліся разборкай хат і хлявоў, за кароткі час ушчэнт парвалі абмундзіраванне і апрануты былі як папала, у большасці гэта было цывільнае адзенне, якое ім давалі тыя ж перасяленцы, у якіх яны працавалі.

Генерал загадаў спыніцца, выйшаў з машыны, прывітаўся. На прывітанне ніхто не ўстаў і ніхто не адказаў. Відаць, для генерала такая сцэна была непрывычнай, але ён не збянтэжыўся, дастаў блакнот і стаў запісваць са слоў камбата нумар вайсковай часці і прозвішчы камандзіраў. Дарэчы, нам пашанцавала, бо салдаты былі не нашы, а з падраздзялення грамадзянскай абароны г. Тулы. Калі ад’язджалі, падышоў салдат і сказаў генералу: «Трэці месяц не плацяць грошы, курава няма». У той час кожнаму радавому салдату плацілі 3 рублі 80 капеек у месяц.

Цяпер коратка пра наш быт. Спалі салдаты ў зямлянках партызанскага тыпу, з накатам і нарамі. Усіх даймалі блохі і камары. 3 асабістай гігіенай таксама былі праблемы. Зрэдку салдат вазілі ў лазню ў леспрамгас. Часцей за ўсё водныя працэдуры былі для начальства на рацэ Сцвіга, а для салдат — каля калодзежа. Ніхто не скардзіўся, бо шматразова было даведзена, што пры выкананні важнага спецзадання дрэнныя бытавыя ўмовы непазбежны.

Недзе месяцы праз два знаходжання ў Мерліне апусцеў склад ПФС, скончыліся крупы, макарона і тушонка. Інтэндант забіў трывогу. Для сувязі з «большой землей» прыходзілася кожны раз ездзіць на АТС у Давыд-Гарадок. Другой сувязі ў батальёне не было. Праходзіў дзень за днём, але з прадуктаў з Давыд-Гарадка прывозілі толькі хлеб. Камбат вымушаны быў зняць частку асабовага складу з работ і задзейнічаць яе на зборы грыбоў і чарніц. Дарамі прыроды мясцовасць была багата.

Грыбоў было столькі, што за дзень узвод збіраў іх цэлы кузаў «ЗіЛа». Хапала самім на ежу і на пастаўку ў Давыд-Гарадок на мясцовы кансервавы завод. У выніку шматступеньчатага бартару адтуль прывозілі нават жывых свіней. 3 захаваннем мяса без халадзільніка былі праблемы. Нават захаванне ў крапіве вынікаў не давала — мяса псавалася.

Нарэшце прыйшла вестка, што прадукты будуць дастаўлены верталётам. Сапраўды,

верталёт сеў у вызначаны час недалёка ад сельсавета і, выкінуўшы пяць мяхоў, адляцеў. Радасць тых, хто сустракаў, хутка змянілася расчараваннем — усе пяць мяхоў былі набіты сушанай морквай. Больш за ўсіх былі збянтэжаны інтэндант Закрэўскі і старшыня Серакураў — яны неслі адказнасць за харчаванне. Адзіны магчымы спосаб выжывання быў знойдзены. Некаторы час асабовы склад харчаваўся комплексам з трох страў: боршч з сушанай морквы, гарнір з сушанай морквы і кампот з сушанай морквы. Гэты рацыён салдаты ўспаміналі да канца службы, а можа, і пазней. Праўда, такое харчаванне надоўга не зацягнулася: у Столін з роднай часці паступілі прадукты — кансервы, цукар і крупы.

3 пастаўленай задачай батальён справіўся, хаця ў вызначаныя тэрміны не ўклаліся і страты тэхнікі былі значныя. Нягледзячы на гэта, амаль усе ўдзельнікі атрымалі ганаровыя граматы з подпісам генерала Цэзара.

На заканчэнне хачу дадаць, што ніякіх слядоў ядзернага выбуху ў той час не было заўважана, і цяперашнія размовы пра гэта, лічу, маюць фэйкавы характар. Мне было вядома, што палігон быў патрэбны для выпрабавання тактычных ракет. Запускі іх планаваліся аднекуль з-пад Мазыра. Дапускаю, што планы ў далейшым маглі змяніцца і палігон мог быць выкарыстаны для бомбакідання. Недарэмна генералы з Масквы, якія курыравалі спецзаданне і прыязджалі ў Мерлін, былі генераламі авіяцыі.

Цешыць тое, што падчас нашай камандзіроўкі на Палессе значнай шкоды Альманскім балотам нанесена не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0