Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп загадаў свайму ўжо былому адвакату Майклу Коэну схлусіць Кангрэсу датычна перамоваў аб будаўніцтве хмарачоса Trump Tower ў Маскве.
Пра гэта паведамляе Buzzfeed са спасылкай на дзве ананімныя крыніцы — чыноўнікаў, прыцягнутых да расследавання адносна імавернага супрацоўніцтва Трампа з Расіяй.
Па словах Коэна, Трамп падтрымаў яго ідэю наведаць Расію падчас прэзідэнцкай кампаніі, каб асабіста сустрэцца з Уладзімірам Пуціным і пачаць перамовы аб будаўніцтве.
«Зрабі гэта», — сказаў Трамп свайму адвакату, сцвярджаюць крыніцы.
Па іх словах, у той час, калі Трамп публічна заяўляў, што ў яго няма пагадненняў з Расіяй, яго дзеці — Іванка і Дональд Трамп-малодшы рэгулярна атрымлівалі дэталёвыя паведамленні пра нерухомасць ад Коэна, якога прызначылі кіраўніком гэтага праекта.
Акрамя таго, па словах экс-адваката прэзідэнта, пасля выбараў Трамп асабіста даручыў Коэну схлусіць, заяўляючы, што перамовы аб будаўніцтве ў Маскве скончыліся месяцамі раней, чым на самай справе, паведамляюць крыніцы.
Падчас перадвыбарчай кампаніі Трамп адмаўляў, што мае бізнэс-інтарэсы ў Расіі.