21.01.2019 / 09:42

У Шаркаўшчыне прадалі сядзібу «з гісторыяй» за адну базавую 1

На днях за адну базавую велічыню з аўкцыёну сышоў будынак сядзібы Федаровічаў у Шаркаўшчыне. Нерухомасць з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю трэцяй катэгорыі і пабудавана ў пачатку XX стагоддзя, піша sb.by.

Да 2012 года ў былой панскай сядзібе размяшчалася тэрапеўтычнае аддзяленне раённай бальніцы. Потым — нічога. Ад незайздроснай долі запусцення і разбурэння будынак вырашыла выратаваць жыхарка Наваполацка. Стогадовы дом у самой Шаркаўшчыне яна зараз павінна абсталяваць пад жылое памяшканне. Агульная плошча куплі — 361 квадратны метр з трыма халоднымі прыбудовамі і падвалам. Акрамя адной базавай велічыні, новая ўладальніца павінна таксама пакрыць 3031 рубель 10 капеек за падрыхтоўку нерухомасці да продажу. Намеснік начальніка ўпраўлення па распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю фонду «Віцебскаблмаёмасць» Вольга Юшкоўская распавядае: «Будынак выстаўлялі на продаж з кастрычніка 2017 года. Спачатку гаворка ішла аб рынкавай цане, потым паніжаўся кошт на 20, 50 і, нарэшце, 80 працэнтаў. У выніку былую сядзібу набыла навапалачанка. Выпадак, калі за адну базавую велічыню прыватнай асобе дастаецца гісторыка-культурная каштоўнасць, вельмі рэдкі, практычна адзінкавы».

Разам з тым, гэта не самы экзатычны лот у Віцебскай вобласці. Нагадаем, што летась жыхарка вёскі Новае Сяло стала гаспадыняй сяміпавярховай цаглянай вежы пад Оршай. Здзелка была ажыццёўлена на аўкцыёне «Віцебскаблмаёмасць», а будынак раней належаў «Белтэлекаму».

0
Юзік Крулеўскі / Адказаць
21.01.2019 / 11:19
Пад Гановерам (Ніжняя Саксонія) ў мінулым годзе за 1 эўра прадалі замак спадчыннага прынца. Чаму? Ды проста -- яго утрыманне штогод каштуе 250 000 000 эўра. І нахалеры прынцу такая радасць.

Дык шаркоўскі палац і побач з тым замкам не стаіць. Але малойцы шаркоўскія, што здолелі яго захаваць да сёння, а потым камусьці ўпіхнуць хоць за 10 эўра (1 базавая).

Глыбоцкае начальства, наогул, ніколі з палацамі доўга не цырымонілася, пабурыла ўсе на цэглу для свінарнікаў і сабе на катэджы.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру