Інцыдэнт адбыўся ў Вашынгтоне, калі студэнты Каталіцкай вышэйшай школы Ковінгтана пратэставалі супраць абортаў, а побач праходзіў марш карэнных народаў.
Насмешкі пачаліся, калі адзін з удзельнікаў маршу, прадстаўнік народа амаха, ветэран арміі Натан Філіпс пачаў спяваць песню Руху амерыканскіх індзейцаў і грукаць у барабан.
Адзін з падлеткаў стаў проста перад Філіпсам і вытарашчыўся на яго. Іншыя хлопцы крычалі, спявалі, смяяліся і пляскалі ў ладкі. Многія з іх былі ў футболках і кепках з надпісам «Зробім Амерыку вялікай ізноў» — слоганам перадвыбарнай кампаніі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Філіпс потым распавёў, што падышоў да падлеткаў, калі пачуў, што яны выступаюць за будаўніцтва сцяны на мяжы паміж ЗША і Мексікай. Гэтая сцяна павінна прайсці праз землі карэнных амерыканцаў, таму яны выступаюць супраць будаўніцтва.
Відэа стала вірусным ў сацсетках, яно выклікала абурэнне сярод карыстальнікаў, хоць ёсць і такія, хто абараняе падлеткаў.
Каталіцкая дыяцэзія горада Ковінгтан і каталіцкая школа пасля апублікавалі заяву, у якой асудзілі дзеянні падлеткаў і папрасілі прабачэння ў Натана Філіпса.