Месенджар WhatsApp, якім валодае Facebook, распаўсюджвае абмежаванне па колькасці перасыланняў паведамленняў на цэлы свет. Зараз карыстальнік можа перасылаць адно і тое ж паведамленне не больш за пяць разоў. Мэта новаўвядзення — барацьба з дэзінфармацыяй і чуткамі, піша Reuters.
Раней адно і тое ж паведамленне можна было перасылаць да 20 разоў (як іншым карыстальнікам, так і ў групавыя чаты). Месенджар знізіў летась гэты ліміт да пяці, але дзейнічала гэта абмежаванне толькі ў Індыі. Гэта стала рэакцыяй кампаніі на гісторыю, калі ў штаце Махараштра лінчавалі пяцярых мужчын на падставе чутак, якія распаўсюджваліся праз месенджар.