22.01.2019 / 19:03

У кнігарнях з'явіўся беларускі пераклад кнігі Памука «Стамбул. Горад і ўспаміны» 2

«Стамбул. Горад і ўспаміны» — кніга аднаго з самых чытаных пісьменнікаў нашага стагоддзя, Архана Памука. Яго кнігі перакладзены на 64 мовы. У 2006 годзе Памук атрымаў Нобелеўскую прэмію як аўтар, «які ў пошуках меланхалічнай душы роднага горада выявіў новыя сімвалы для сутыкнення і перапляцення культур». Кніга ўпершыню пабачыла свет у 2003 годзе. Цяпер «Стамбул» выйшаў па-беларуску ў перакладзе Таццяны Урублеўскай-Токер. Публікуем урывак з кнігі.

Калі б маю бабулю спыталі аб яе перакананнях, яна б адказала, што падтрымлівае праеўрапейскія рэформы Атацюрка, але, папраўдзе, яе, як і ўсіх астатніх жыхароў горада, што Захад, што Усход не вабілі зусім. Яна і з дому выходзіла вельмі рэдка. Для яе, як і для большасці насельніцтва, дом і быў горадам, яна не цікавілася ні помнікамі архітэктуры Стамбула, ні яго гісторыяй, ні яго «славутасцямі». Хоць і была паводле адукацыі настаўніцай гісторыі. Пасля заручын з маім дзедам, тады ішоў 1917 год, яшчэ да іх вяселля, яна пайшла з ім на спатканне ў рэстаран, што для Стамбула 1910-х было даволі адважным учынкам. Наколькі я магу сабе ўявіць, гэта быў рэстаран-казіно ў Пэры, там падавалі алкагольныя напоі, і яны сядзелі адно насупраць аднаго, а калі дзядуля спытаў, што яна будзе піць (у сэнсе гарбату, ліманад), бабуля падумала, што ёй прапаноўваюць алкаголь, і дала вельмі рэзкі, як на яе, адпор: «Алкаголь я не ўжываю, шаноўны спадар».

Праз сорак гадоў за святочным сталом бабуля, бывала, выпівала шкляначку піва і, павесялеўшы, чарговы раз пераказвала гэтую добра знаёмую ўсім гісторыю, а пасля доўга смяялася. А ў будныя дні яна, седзячы ў вялікай гасцёўні ў сваім заўсёдным крэсле, ад смеху вярталася зноў да слёз па мужу, «выключным чалавеку», які так рана пайшоў ад нас і якога я бачыў толькі на некалькіх фотаздымках. Пакуль яна плакала, я спрабаваў уявіць сабе бабулю ў маладосці, як яна радасная гуляла па вуліцах. Але ўбачыць у гэтай пышнай, спакойнай рэнуараўскай матроне тоненькую, высокую, нервовую жанчыну з карціны Мадыльяні мне ўдавалася з цяжкасцю.

Пасля таго як дзядуля зарабіў свой капітал, ён нечакана памёр ад лейкеміі, а бабуля «ўзначаліла» нашу вялікую сям’ю. Кухар Бекір, яе адданы сябра, калі бываў стомлены яе бясконцымі загадамі і папрокамі, з лёгкай іроніяй казаў: «Як скажаце, начальнік!» Што праўда, бабулі быў падначалены толькі дом, па якім яна хадзіла з вялікім звязкам ключоў. Бацька з братам яшчэ ў маладыя гады страцілі фабрыку, якая дасталася ім ад дзеда, іх шырокамаштабныя будаўнічыя праекты і рызыкоўныя інвестыцыі прагаралі, і бабуля, сама седзячы ўвесь час дома, на іх просьбу пакрысе распрадавала рэшту дзедавай маёмасці, будынкі, паверхі, кватэры і, паплакаўшы трошкі, прасіла сыноў наступны раз быць асцярожней.

Ранішнія гадзіны бабуля праводзіла ў ложку, лежачы пад вялікай тоўстай коўдрай, абапіраючыся на стос велізарных пуховых падушак. Кожную раніцу кухар Бекір прыносіў ёй шырокі паднос з яйкамі ўсмятку, маслінамі, брынзай і падсмажаным хлебам, які акуратна ставіў на вышываную кветкамі падушку, пакладзеную пасярэдзіне коўдры (крыху псавала карціну толькі газета, уціснутая паміж падушкай і срэбным падносам) — так, у ложку, за доўгім сняданкам і чытаннем газеты, яна прымала першых наведнікаў. (Ад бабулі я пераняў звычку піць салодкі чай, трымаючы ў роце кавалак цвёрдай брынзы.) Першым заходзіў мой дзядзька, які ніколі не сыходзіў на працу, не пацалаваўшы маму на развітанне. Потым забягала цётка, да таго часу яна паспявала правесці мужа на працу і сама ўжо трымала ў руках сумку. Кожную раніцу заходзіў і я, як двума гадамі раней мой брат, — незадоўга да школы я з бабуляй вучыўся чытаць; я браў сшытак, і, прымасціўшыся на краёчку коўдры, спрабаваў спасцігнуць таямніцу літар. Як высветлілася потым у школе, вучыцца чаму-небудзь у іншых мне вельмі нудна, а выгляд чыстай старонкі выклікае жаданне не напісаць штосьці, а ўсю яе спрэс размаляваць.

Пасярод нашага невялікага ўрока ў пакой заходзіў Бекір і кожны раз казаў тую самую фразу: «Што мы ім сёння дамо?»

Ён задаваў сваё пытанне з усёй сур’ёзнасцю, быццам гаворка ішла пра тое, каб накарміць цэлую бальніцу або вайсковую казарму. Бабуля з кухарам пачыналі абмяркоўваць, хто і з якіх кватэр прыйдзе на абед і на вячэру і што для іх прыгатаваць, у пошуках натхнення бабуля зазірала ў вялікі адрыўны каляндар, поўны самых разнастайных звестак, у канцы кожнай старонкі там змяшчалася «меню дня»; а я тым часам глядзеў на варону, што кружляла вакол кіпарыса на заднім двары.

Бекір не страчваў пачуцця гумару, нягледзячы на ўсе свае размаітыя справы і клопаты, кожнаму з унукаў сваёй гаспадыні, якія бегалі з паверху на паверх, ён даў па мянушцы. Мяне ён называў Варонай. Праз шмат гадоў ён патлумачыў мне, што назваў мяне так, бо я ўвесь час сачыў за варонамі, якія сядзелі на суседніх дахах, і яшчэ таму, што я быў вельмі худы. Мой брат, які вельмі любіў свайго плюшавага мядзведзя і ніколі з ім не разлучаўся, атрымаў мянушку Нянька, адзін з маіх стрыечных братоў, у якога былі даволі раскосыя вочы, стаў Японцам, іншы, які вылучаўся ўпартасцю, — Казой, а трэці, які на­радзіўся неданошаным, — Паўгодкам. Многія гады ён клікаў нас гэтымі мянушкамі, і ў ягоным голасе мне чуліся ноткі пяшчоты.

На бабуліным туалетным століку, як і на маміным, ста­яла такое самае люстэрка; мяне так і цягнула расчыніць яго створкі і ўбачыць, як маё адлюстраванне губляецца ў бясконцасці, але дакранацца да яго было забаронена. Справа ў тым, што бабуля, якая па паўдня праводзіла ў ложку, ніколі не выкарыстоўвала яго на тое, каб рабіць макіяж, яна ўсталявала сваё люстэрка такім чынам, каб у ім можна было з ложка ўбачыць увесь доўгі калідор, чорны ход, пярэдні пакой і гасцёўню да самага далёкага акна, такім чынам, гледзячы ў люстра, бабуля магла сачыць за падзеямі ў доме: хто прыйшоў і хто сышоў, хто якія вядзе па кутах размовы і ці не б’юцца адзін з адным яе ўнукі. У доме заўжды панаваў паўзмрок, таму, гледзячы на цёмнае адлюстраванне, бабуля не заўсёды магла разабраць, што менавіта адбываецца каля якога-небудзь перламутравага століка, тады яна з усяе сілы клікала Бекіра, ён адразу з’яўляўся і дакладаў, хто і што робіць.

Пасля абеду бабуля чытала газету і часам вышывала кветкамі навалачкі, але часцей за ўсё яна курыла цыгарэты і гуляла ў безік у кампаніі некалькіх пані свайго веку з Нішанташы. Памятаю, што ім здаралася гуляць і ў покер. У мяккім-мяккім, крывава-чырвонага колеру аксамітным мяшэчку, з якога бабуля даставала сапраўдныя гульнёвыя фішкі, ляжалі яшчэ і старыя асманскія манеты, з дзірачкамі, з насечкай на гурце, з пячаткамі султанаў. Я любіў, прымасціўшыся ў кутку, вазіцца з імі.

Адна з жанчын за гульнёвым сталом калісьці жыла ў султанскім гарэме, пасля падзення Асманскай імперыі султанавы сямейнікі (язык не паварочваецца сказаць «прадстаўнікі дынастыі») былі вымушаныя пакінуць Стамбул, гарэм быў распушчаны, і яна выйшла замуж за аднаго з калег майго дзеда. Мы з братам перадражнівалі празмерна пачцівыя словы «васпані, шаноўная спадарыня», якія яны з бабуляй казалі адна адной, нягледзячы на тое што былі сяброўкамі, пры гэтым яны папоўніцы апляталі масленыя булачкі і тосты з сырам, якія Бекір прыносіў проста з печы. Абедзве яны былі поўнымі дамамі, але не бралі гэта да галавы, бо ў іх часы паўната не лічылася заганай. Раз на сто гадоў мая пышнацелая бабуля ўсё ж выходзіла з дому, напрыклад, калі яе запрашалі ў госці, тады падрыхтоўка пачыналася за некалькі дзён і апошнім яе этапам было зацягванне гарсэта, дзеля чаго з першага паверха клікалі жонку швейцара, Камер-ханым, каб яна з усіх сіл пазацягвала гарсэтныя шнуркі. Гэтая сцэна адбывалася за шырмай, і я, уздрыгваючы, назіраў за тузаннем і шморганнем, падчас якога бабуля раз-пораз ускрыквала: «Цішэй, дачушка!» А за некалькі дзён да гэтага прыходзіла пані, якая рабіла бабулі манікюр і педыкюр; я быў зачараваны яе працай, яна расстаўляла па ўсім пакоі пемзы, тазікі з мыльнай вадой, шчотачкі і мноства іншых загадкавых прыстасаванняў і гадзінамі чаравала над бабулінымі пазногцямі; але больш за ўсё мяне займалі шарыкі з ваты, якімі манікюрша раздзяляла пухлыя бабуліны пальцы на нагах, пакуль фарбавала пазногці ў агніста-чырвоны колер, гэта вабіла і гідзіла адначасова.

Праз дваццаць гадоў, калі ўсе мы раз’ехаліся па іншых дамах і раёнах, бабуля па-ранейшаму жыла ў доме сям’і Памук, і кожны раз, калі я раніцай прыходзіў наведаць яе, яна ляжала ўсё ў тым самым ложку ў паўцемры сярод сумачак, газет і падушак. У пакоі стаяў усё той самы, ні на што не падобны водар, сумесь пахаў мыла, адэкалону, пылу і дрэва. Сярод рэчаў, з якімі бабуля ніколі не разлучалася, быў тоўсты сшытак у скураной вокладцы. Кожны дзень яна запісвала рахункі, успаміны, з’едзеныя стравы, выдаткі, планы, якое стаіць надвор’е і іншыя падобныя рэчы ў гэты дзіўны «пратакольны» сшытак. Магчыма таму, што некалі бабуля вывучала гісторыю, яна любіла часам з іроніяй успомніць асманскія «цырымоніі» і іх мову, а гэты «пратакол» даваў ёй такую магчымасць; а іншым вынікам яе цікавасці да гісторыі сталі імёны яе ўнукаў, кожнаму з нас было дадзена імя якога-небудзь пераможнага султана часоў станаўлення Асманскай імперыі. Кожны раз, уваходзячы ў пакой, я цалаваў ёй руку, і яна давала мне грошы, якія я, ані не бянтэжачыся, з радасцю хаваў у кішэню, пасля я ва ўсіх падрабязнасцях расказваў, як там жывуць тата, мама і брат, а яна часам зачытвала мне сёе-тое са свайго сшытка.

«Прыходзіў мой унук Архан. Вельмі разумны, мілы хлопчык, ён вучыцца ва ўніверсітэце на архітэктара. Я дала яму дзесяць лір. Калі будзе на тое Божая воля, калі-небудзь ён дасягне поспеху, і тады імя Памук зноў будуць прамаўляць з павагай, як за часоў яго дзеда».

Прачытаўшы нешта, яна з загадкавай іранічнай усмешкай глядзела на мяне, акуляры рабілі позірк яе затуманеных катарактай вачэй яшчэ больш дзіўным, а я спрабаваў разгадаць, што крыецца за яе іроніяй: насмешка над сабой або разуменне таго, якая ўсё ж недарэчная штука — жыццё, і спрабаваў адказаць ёй такой жа ўсмешкай.

6
Кажыма праўду / Адказаць
22.01.2019 / 21:44
Прывабліваць сучаснага чытача трэба не ўрыўкамі пра дзедаву смерць ад лейкеміі ці бабчыны ранішнія пеставанні, а падаваць жараныя хвакцікі пра хлапечы зацвярдзелы пісюн.

Майму брату куплялі коміксы, і я спачатку прасіў яго прачытаць словы герояў, а пасля, калі ён быў у школе, адкрываў іх і «чытаў» сам, прыгадваючы тое, што пачуў ад яго. Адным цудоўным цёплым папалуднем мяне паклалі спаць пасля абеду, але я заснуў не адразу і ўзяўся разглядаць комікс пра каўбояў. Раптам я заўважыў, што мой пісюн, які мама называла піпкай, цвярдзее. Гэта здарылася, калі я разглядаў карцінку з паўголым індзейцам. На індзейцу не было нічога, акрамя танюткай вяроўкі на поясе, з якой, каб прыкрыць яго «піпку», звешваўся падобны на сцяг шматок гладкай тканіны, пасярэдзіне якога быў намаляваны круг.

Іншым разам, зноў пасля абеду, я, пераапрануты ў піжаму, выцягнуўся пад коўдрай і размаўляў з мішкам, які быў у мяне, колькі я сябе памятаю. І зноў я адчуў тое самае ацвярдзенне. Чароўную сутнасць новага прыемнага пачуцця я зразумець не мог, але і не хацеў, каб іншыя ўбачылі перамену ў маім целе, якая ўзнікла акурат у той момант, калі я сказаў мядзведзю: «Я цябе з’ем». Дзіўнае ацвярдзенне ўзнікала зноў, калі я хапаў свайго мядзве...

стар. 30

Памук, А. Стамбул. Горад і ўспаміны / Архан Памук ; пер. з тур. Т. І. Урублеўскай-Токер. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2018. — 500 с. : іл. — (Серыя «Noblesse Oblige»)

Не прапусціце ў сваіх дзетках першыя прыкметы нобелеўскага генія – эрэкцыю на індзейца і медзведзяня.
0
Акадэмкніга / Адказаць
23.01.2019 / 13:31
Купляйце  ў Акадэмкнізе і чытайце....
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру