22.01.2019 / 11:40

«Давай руку, я яе адрэжу». За што збілі фізрука ў кіеўскай школе і чаму яго калегі рыхтуюць забастоўку 19

У кіеўскім ліцэі №157 на мінулым тыдні бацька вучня чацвёртага класа напаў на настаўніка фізкультуры. Ён збіў яго ў школьным двары і пагражаў адпілаваць руку нажоўкай. У выніку настаўнік трапіў у бальніцу з гематомамі, страсеннем мазгоў і надрывам лёгкага. А бацьку адправілі пад начны хатні арышт.

У Мінадукацыі папрасілі МУС і Генпракуратуру ўзяць канфлікт на кантроль, а настаўнікі ліцэя на Абалоні пагражаюць страйкам 23 студзеня — на іх думку, інцыдэнт не расследуецца, а педагогі застаюцца безабароннымі.

Украінскі партал «Страна» сабраў усю інфармацыю пра скандальны інцыдэнт у навучальнай установе.

Збітым аказаўся настаўнік фізкультуры Ігар Мацвіенка.

Праз што адбыўся канфлікт

Вучні 4А класа распавялі журналістам пра тое, што папярэднічала збіцьцю фізрука.

У аднаго з школьнікаў быў дзень нараджэння. Канфлікт пачаўся, калі настаўнік павёў клас на ўрок фізкультуры ў іншы корпус школы. Па дарозе ён і яго сябар шумелі, выкладчык зрабіў ім заўвагу і развёў па розных канцах шэрагу.

На ўроку дзеці гулялі ў гульню з мячом, а двое хлопчыкаў сядзелі на лаўцы, а затым узялі мяч і сталі яго кідаць аб сцяну. Фізрук сказаў, што не дазваляў браць мяч, і загадаў пакласці яго на месца, каб гэта не перашкаджала іншым дзецям. Пасля таго як школьнікі некалькі разоў праігнаравалі зварот, настаўнік выйшаў з сябе, схапіў імянінніка, прыцягнуў да сябе і крыкнуў на вуха: «Ты што, мяне дрэнна чуеш? Я сказаў: пакладзі мяч!» Тады вучань заплакаў і выбег з класа.

Класны кіраўнік 4А класа Таццяна Літвінава падзялілася, што пасля ўроку Ігар Мацвіенка зайшоў да яе і распавёў пра канфлікт. Ён сказаў, што шкадуе аб тым, што не стрымаў эмоцый, і папрасіў прабачэння перад хлопчыкам. Той быў засмучаны, яго павінны былі павіншаваць на перапынку, але ён папрасіў зрабіць гэта на наступным, каб супакоіцца.

Па словах класнай кіраўніцы, школьніка павіншавалі пазней, ён прыйшоў у сябе і спакойна даседзеў астатнія ўрокі. Не скардзіўся, бацькам не тэлефанаваў. Са школы хлопчыка забірала бабуля, якой ён распавёў сваю версію інцыдэнту, а праз 20 хвілін у школу патэлефанавала маці і сказала, што яна з мужам хоча сустрэцца з фізруком. Ёй далі кантакт Ігара Мацвіенкі, і пасля ўрокаў у школу прыехаў бацька з яшчэ адным з бацькоў — бацькам другога хлопчыка, якому зрабілі заўвагу на фізкультуры.

«Бацька хлопчыка сказаў настаўніку: «Пагаворым на вуліцы», і яны выйшлі», — падзялілася Таццяна Літвінава.

Што здарылася на школьным двары

На школьным двары бацька пакрыўджанага хлопчыка паваліў на зямлю выкладчыка і ўдарыў яго па галаве. Сам пацярпелы распавёў, што бацька яго вучня дастаў пілу і сказаў: «Якой рукой ты біў? Давай яе сюды, я адрэжу».

Усё, што адбывалася, здымаў на мабільны тэлефон другі бацька, які чакаў на паркоўцы. Інцыдэнт зафіксавалі і камеры відэаназірання. На відэа бачна, што ў руках нападніка пакет, у ім і ляжала нажоўка.

Пасля гэтага бацька школьніка пакінуў месца здарэння, а настаўнік трапіў у бальніцу са шматлікімі гематомамі, надрывам лёгкіх і страсеннем мазгоў. Медыкі адпампавалі вадкасць з лёгкіх, стан пацярпелага пасля паступлення ацанілі як дрэнны, але стабільны.

Ігар Мацвіенка прапрацаваў у ліцэі больш за 20 гадоў, ён спартсмен міжнароднай катэгорыі, мае чорны пояс па тхэквандо. У школе кажуць, што ён не адказаў на ўдары, паколькі, па-першае, гэта было нечакана, а па-другое, мабыць, ён не хацеў абвастраць канфлікт.

«Ён здаровы дзядзька, мяне падняў, стукнуў у спіну. Тады я страціў трохі прытомнасць на некаторы час, збілася дыханне», — распавёў сам Ігар Мацвіенка журналістам.

Што кажуць бацькі школьніка

Дзевяцігадовага хлопчыка, за якога такім радыкальным спосабам вырашыў заступіцца бацька, клічуць Рома, а імя нападніка — Уладзімір Дацэнка. Маці вучня Вольга Свердлікава сказала журналістам, што яе сына настаўнік прынізіў пры ўсім класе, схапіў за плячо і крыкнуў з такой сілай у вуха, што яно было закладзена нейкі час, і што менавіта слёзы хлопчыка раззлавалі яе мужа. «Я хачу сказаць, што гэта была мужчынская бойка паміж мужчынамі, якія не змаглі знайсці агульную мову. У майго мужа быў крык душы, таму што дазволілі падняць руку на майго, на яго, на наша дзіця», — распавяла жанчына.

Што распавялі ў паліцыі

У паліцыі распачалі крымінальную вытворчасць па ч.1 арт. 121 КК Украіны (наўмысныя цяжкія цялесныя пашкоджанні). Па гэтым артыкуле пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

У паліцыі адзначылі, што высвятлялі месцазнаходжанне Уладзіміра Дацэнкі, але ён сам з'явіўся ў аддзяленне паліцыі са сваім адвакатам. Аднаму з бацькоў паведамілі пра падазрэнні. Пазней суд выбраў яму ў выглядзе меры стрымання начны хатні арышт.

Настаўнікі пагражаюць страйкам

Калектыў школы стаў на бок настаўніка, там кажуць, што за час працы ён ні з кім не канфліктаваў. Інтарэсы пацярпелага абараняе яго калега, настаўнік права ліцэя №157 Сяргей Берандзея.

«Зразумейце, настаўнікі зусім неабароненыя людзі. Мы не можам падняць на кагосьці руку. Не толькі ў маральным сэнсе, але і ў прававым. Да настаўніка, які распачаў бойку з бацькам ці вучнем, будуць ужытыя жорсткія меры», — распавёў ён.

У ліцэі сказалі, што разглядаюць пытанне аб тым, каб выключыць з навучальнай установы чацвёртакласніка Рому.

Настаўнікі кажуць таксама, што аднакласнікі Ромы, якіх увечары запрасілі на дзень нараджэння, распавялі, што ім прадэманстравалі відэа нападу на фізрука, каб паказаць, як трэба «вырашаць пытанні».

Рэакцыя Мінадукацыі

У Мінадукацыі Украіны адрэагавалі на інцыдэнт у кіеўскай школе.

«Школа — адзін з асноўных падмуркаў нашай дзяржавы, таму ні пры якіх абставінах мы не можам дапусціць, каб на яе тэрыторыі, над настаўнікамі, якія з'яўляюцца сэрцам школьнай адукацыі, на вачах у дзяцей, якіх мы павінны перадаць каштоўнасці ўзаемапавагі і цывілізаванага грамадства, здзяйсняўся гвалт і здзекі», — гаворыцца ў заяве.

У лісце да Арсэна Авакава ў Мінадукацыі дадалі, што «пакаранне вінаватага і рашучае асуджэнне з боку дзяржавы падобных гвалтоўных дзеянняў неабходна для абароны і развіцця як ўкраінскага настаўніцтва, так і школьнікаў, якія ў будучыні будуць будаваць нашу краіну».

Ведамства звярнулася да міністра ўнутраных спраў Арсэна Авакава, каб ён узяў расследаванне справы пад асабісты кантроль.

Пра тое, што возьме справу на кантроль, паведаміў генпракурор Юрый Луцэнка.

nn.by

25
Минчанин / Адказаць
22.01.2019 / 11:49
В наши дни слишком много свободы в школах даётся детям и слишком мало педагогам. Все должно быть наоборот
5
Белачупакабра / Адказаць
22.01.2019 / 11:52
Якi жах. Добра, што ёсць незалежныя СМI
45
Мірон / Адказаць
22.01.2019 / 12:01
Ад 16 секунды бачна, што настаўнік прабаваў супрацяўляцца, але не здолеў. Нават стойку не прыняў. Наадварот, ён сам падышоў пад удар, які і прапусціў. Гэта значыць, не абараняцца ён збіраўся.
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру