Аліне 24 гады. Увечары 15 студзеня дзяўчына чакала на прыпынку «Плошча Бангалор» 33-і тралейбус. Калі Аліна спрабавала ўвайсці ў тралейбус, яе працяла токам. Пра здарэнне піша tut.by.

— Тады я заходзіла праз заднія дзверы. Толькі паставіла нагу, як мяне крыху затрэсла, пачалося моцнае паколванне. Я ні за што не трымалася. Паспрабавала зайсці другі раз у сярэднія дзверы — адбылося тое ж самае. Тады я падышла да кіроўцы і распавяла, што тралейбус б'ецца токам.

Пасля гэтага кіроўца апусціла токапрыёмнік, высадзіла пасажыраў і з'ехала. Дзяўчына незадаволеная, што кіроўца не выклікала ёй хуткую.

— Яна нават не спытала, як я сябе адчуваю, ці патрэбна мне дапамога. Да мяне — нуль увагі. Хуткую я выклікала сама.

У бальніцы дзяўчыну наведалі супрацоўнікі «Мінсктранса». Аліне патлумачылі, што тралейбус выпусцілі на лінію ў спраўным стане.

— Сказалі: адзінае, што магло здарыцца, — гэта статычная электрычнасць. Але гэта быў удар электрычным токам.

Выпісалі Аліну 18 студзеня з дыягназам «уздзеянне электрычнага току».

— Папрасілі назірацца ў тэрапеўта, рабіць ЭКГ. Ніякага медыкаментознага лячэння мне не прызначылі. Аднавілі сардэчны рытм і ціск, але ўсё роўна ў мяне перыядычна бывае дыхавіца.

Работнікі «Мінсктранса» выбачыліся перад дзяўчынай і перадалі садавіну.

— Выбачэнні былі толькі на словах, хацелася б нейкі матэрыяльнай кампенсацыі — усё ж такі здароўе пацярпела. І хай больш старанна правяраюць тралейбусы перад тым, як іх выпусцяць на маршрут.

«Мінсктранс»: тралейбус новы, ніякіх заўваг не выявілі

Першы намеснік дырэктара «Мінсктранса», галоўны інжынер Ігар Ковель пацвярджае, што 33-і тралейбус 15 студзеня знялі з лініі.

— Тралейбус праверыла камісія — усё было ў межах допуску. Тралейбус не можа наогул не мець ўцечкі току, але ўсё нармавана. Дапушчальны ток уцечкі складае 3 мА. Перавышэння мы не выявілі, праверылі сістэму абароны — усё працуе. Быў бы перавышаны ток уцечкі — тралейбус адключыўся б, не змог рухацца. Па тралейбусе ніякіх іншых заўваг не выявілі, ён адзін з новых, цяпер працуе на лініі.

Здагадак, чаму дзяўчына магла адчуць удар электрычным токам, у галоўнага інжынера няма. Ён кажа: магчыма, у пасажыркі падвышаная адчувальнасць.

Па словах Ігара Ковеля, кіроўца дзейнічала па інструкцыі. А выклікаць хуткую яна павінна, калі яе аб гэтым папросяць. У гэтым выпадку было невідавочна, што дзяўчыне патрэбна дапамога медыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?