22.01.2019 / 13:06

Віктар Марціновіч: Афіцыйнаму Мінску самы час пачынаць перамовы з Пазняком 44

Я гляджу на тое, як Аляксандр Рыгоравіч — чалавек, што пачынаў сваю палітычную кар’еру на супрацьстаянні нацыяналістам — кажа асцярожныя словы пра абарону незалежнасці і суверэнітэту, і не магу зразумець: як вось да гэтага дайшло? Як так здарылася, што менавіта Аляксандр Рыгоравіч, які шматкроць падкрэсліваў, што ён найбольш адданы сябра Расіі і больш прарускага чалавека ва ўсёй Беларусі не знайсці, зрабіўся апошняй надзеяй на далейшае існаванне беларускай дзяржавы?

Чаму так атрымалася, што на ягоным фоне прадстаўнікі БНФ — некалі самай моцнай незалежніцкай сілы, што аб’ядноўвала ўсіх прыхільнікаў адраджэння — выглядаюць няўцямнымі мямлямі?

Яны ў найлепшым выпадку могуць паўтараць за прэзідэнтам, што «сыдуць у лясы» (прэзідэнт сказаў, што Беларусы пойдуць у лясы і хто, як не БНФ) — быццам там, у лясах, гэтыя заўсёднікі офісаў здолеюць пратрымацца хаця б тыдзень без электрычнага чайніка і пячэнек.

Прызнаем: нацыянальная ідэя сёння не мае соцень тысяч прыхільнікаў, як гэта было за часамі Пазняка. Прызнаем: старанная работа дзяржавы па дыскрэдытацыі і маргіналізацыі некалі галоўнай партыі краіны дала плён. І цяпер адзінай магчымай дэманстрацыяй таго, што ў Беларусі ёсць некалькі тысяч сімпатызантаў беларускай гісторыі, культуры і мовы, можа быць канцэрт на ўгодкі БНР (я б на месцы дзяржавы рабіў яго на плошчы Незалежнасці і даваў рэкламу па ўсіх тэлеканалах).

Калі гэта пачалося? Чорным часам для нацыянальнай ідэі стаўся ад’езд Пазняка. Але, відавочна, вінаваціць у заняпадзе БНФ чалавека, які абудзіў краіну і спарадзіў БНФ, не выпадае.

Тым болей што Пазняка выціснулі з Беларусі вельмі недвухсэнсоўнымі пагрозамі жыццю. Прынцыповае тут тое, што было далей, а менавіта падзеі 1999 года, раскол і з’яўленне на чале БНФ «Адраджэнне» інтэлігентнага дзядзечкі Вінцука Вячоркі. Менавіта з тае пары арганізацыя, прыхільнікі якой некалі каталі міліцэйскія машыны па праспекце, ператварылася ў гісторыка-культурны клуб: «Чарнобыльскі шлях» у бок Бангалор, пячэнькі ў офісе, электрачайнік, рассылка факсаў па рэдакцыях, конныя выезды ў выходныя (бо мы ж арыстакратыя).

Тут можна сказаць, што папярэдняя схема, калі Фронтам кіравала каманда, што адпачкавалася ў КХП БНФ, таксама не была надта працаздольнай, бо яны таксама рассылалі факсы, пераказвалі словы Зянона. Але за гэтымі хаця б ззяў аўтарытэт чалавека, які расказаў нацыі пра Курапаты. Пазняк, з ягоным страшным позіркам, з яго не заўсёды адэкватнымі і зразумелымі заявамі, меў яўную харызму, у той час як Вячорка здольны быў адно патлумачыць журналістам па тэлефоне правільнае напісанне свайго прозвішча.

Зразумела, што за расколам і ўсім наступным відавочна стаялі старанныя ручкі спецыялістаў вузкага профілю, але — як мы бачым цяпер — прывялі яны краіну адно да сітуацыі, калі галоўнай незалежніцкай сілы проста не стала. І замест магутнага фронту, на які можна было б паківаць Маскве (можа, спужалася б), даводзіцца ладзіць пераказ ідэй фронту. Укладаючы гэтыя ідэі ў вусны палітыкаў, што з барацьбой за незалежнасць ніколі не асацыяваліся.

Мне вось цікава, афіцыйны Мінск ужо вядзе сакрэтныя перамовы з Пазняком? Калі не — дык самы час пачынаць.

Бо выявілася, што палітычнае поле існуе па законах складанай экасістэмы. І калі вывесці адзін тып істот, усім астатнім раптоўна зробіцца горанька. І наша палянка можа існаваць з адным-адзіным гульцом ва ўмовах, калі прыязныя людзі ў абмен на абяцанне братэрства самі прыносяць пячэнькі і кіпень з электрачайніка. А вось калі пачынаецца рубілава і трэба «выходзіць шчыльнымі радамі» — збіраць у тыя «шчыльныя рады» няма каго.

То тэлефануйце Пазняку. Абяцайце яму месца сенатара, дом у Драздах і штотыднёвы эфір у «Вечаровым Перліне» (куды ён, дарэчы, падзеўся?). Інакш усе нашы замежныя партнёры хутка зразумеюць, што патрыётаў і адданых прыхільнікаў незалежнасці ў Беларусі засталося хіба што некалькі тысяч. І будуць патрабаваць аддаць ім не толькі наш рубель, але і мяжу, пашпарт і ўсё астатняе.

28
LitvinM / Адказаць
22.01.2019 / 13:24
Самі і адказалі на пытаньне свае - усе пачалось з яго ад'езду. А вось тэза, што ў свой час сотні тысяч былі за ідэі БНФ сеньняшнім днем падаюцца сумніўнымі. Так - тады быў шалены ўздым. але ен тычыўся ня толькі і ня столькі пытаньня адраджэньня, а хутчэй за ўсе быў скіраваны супраць абрыдлага цараваньня КПСС. БНФ так і ня здолеў прыйсьці да ўлады, хоць і стаяў каля яе, і па словах таго ж Пазьняка з Навумчыкам - ня тыя былі сілы каб вуліцай пастанавіць аб рэферэндуме і новых выбарах. А ўжо амаль праз год народ абярэ супрацьлегласьць Пазьняку, а праз два гады і ад Пагоні са сьцягам і мовай адрачэцца, а потым і ўвогуле ... у бездань.
Мне здаецца. што праблема не ў Пазьняку і Вячорку, а ў інфантыльнасьці нашага грамадства што да свайго НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГОНАРУ. Тут асноўная праблематыка. І вось пакуль па цемечку з усходу не пачнуць біць - не варухнемся
14
Жвір / Адказаць
22.01.2019 / 13:31
Чаму так атрымалася, што на ягоным фоне прадстаўнікі БНФ — некалі самай моцнай незалежніцкай сілы, што аб’ядноўвала ўсіх прыхільнікаў адраджэння — выглядаюць няўцямнымі мямлямі?
Няўжо пісьменьніку не вядома, што ў Беларусі няма унутрыпалітычнага жыцьця. Яно забаронена, зьліквідавана гвалтам. Цяпер Узурпатар мае ўсе магчымасьці паказваць сваіх апанэнтаў якімі заўгодна, таму Марціновіч бачыць апазыцыю менавіта такой, якой яму (і ня толькі яму) дазволена і прадпісана яе бачыць... 

А ў астатнім, канечне ж, бліскуча. Удалы сьцёб перадае сур'ёзнае пытаньне для роздуму...аб мінулым і будучым... :))
17
Бел. / Адказаць
22.01.2019 / 13:40
Перамоаы будуць и пасьпяховыми ;). Хто ни хитры, той дурны
Паказаць усе каментары/ 44 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру