22.01.2019 / 15:22

У пачатку 80-х у Менску была толькі адна дзяўчына, якая вучылася па-беларуску — гутарка 6

БССР называлася беларускай дзяржавай, але адабрала ў беларусаў нацыянальную мову. Бацькі Насты Лісіцынай у пачатку 1980-х забралі дачку са школы, бо даваць ёй беларускамоўную адукацыю там адмаўляліся. А калі дазволілі, Наста стала адзінай у Менску і адзінай у Беларусі гарадзкой школьніцай, якая вучылася цалкам па-беларуску, піша Радыё Свабода.

«Я ў гэтую школу больш і не заходзіла ніколі»

«Ой, ды ня быў гэта для мяне аніякі стрэс! Мне бацькі казалі, што мы беларусы і нармальна вучыцца па-беларуску. А якое гэта для іх было змаганьне, дык я толькі дарослая даведалася».

Пакуль мы едзем паглядзець на школу, у якой Наста адвучылася па-беларуску, яна хуценька апавядае пра сябе. Яна і цяпер жыве ў Менску, ня так далёка ад сваёй школы. Дваццаць гадоў жыве з мужам, якога ў размове згадвае кожныя 5 хвілін. У сям’і гадуецца трохгадовая Ўльляна. Казкі ёй дома чытаюць па-расейску і па-беларуску. Старэйшаму сыну Карнею неўзабаве будзе 15.

Наста кажа, што, атрымаўшы атэстат, паступіла ў Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць «беларуская мова». Адвучылася, вярнулася ў Менск, стала працаваць настаўніцай і завочна паступіла на юрфак.

«Бываюць жа людзі, якія па 30 гадоў працуюць на адным месцы. Але гэта зусім не маё», — кажа Наста, апісваючы, як шмат гадоў працавала ў маркетынгу. А пасьля захапілася альтэрнатыўнай энэргетыкай і пайшла працаваць у фірму, якая прадае сонечныя воданагравальнікі.

«Я ў школу гэтую, як скончыла, так і не заходзіла ніколі», — кажа яна, гледзячы на будынак.

«Усё гэта была ідэя бацькоў»

«Вох, які бацька ў мяне быў! — з захапленьнем згадвае Наста. — Ён людзей бачыў, як рэнтген! Толькі не хваробы, а сутнасьць іхную. І ўсё, што ён казаў, пасьля так і было. А калі прынялі закон пра дзьве дзяржаўныя мовы, дык ён свае заключэньні стаў па-беларуску пісаць. Інжынэрам працаваў. Галава там ува ўсіх была квадратная! Міністар яму званіў, казаў: «Ягоравіч, я тут чытаў-чытаў, не разумею». А бацька не «працэнты» напісаў, а «адсоткі».

Наста з бацькамі, фатаздымак зь сямейнага архіву

Насьціны бацькі — Мікалай Лісыцын і Раіса Карнееўна Хіневіч — нарадзіліся ў сярэдзіне 1930-х. Дзецьмі перажылі вайну. Абое скончылі беларускія школы.

«Бацька ў мяне са Слаўгараду, а маці з Гомельшчыны», — расказвае Наста. — Бацька вучыўся ў Горацкай акадэміі і ў Літве (у Коўне ў політэхнічным). А маці працавала спачатку выхавальніцай у садку, а пасьля скончыла курсы пры Доме модаў, стала краўчыхай. Так усё жыцьцё гэтым і займалася».

Размаўлялі ў сям’і і па-беларуску, і па-расейску. У 3-ю менскую школу з музычным ухілам Наста пайшла ў 1980-м. Першыя гады адвучылася разам з усімі, а пасьля бацькі забралі яе дахаты: вучыць Насту па-беларуску, як яны хацелі, школа адмаўлялася.

«Я пераводу на хатняе навучаньне ня ўзрадавалася, — кажа Наста. — Праз тое, што я ў школу не хаджу, да мяне стаўленьне зьмянялася. Тыя, з кім я пачынала вучыцца, пайшлі далей. А я прыйшла праз год у меншую клясу. Дый дзецям трэба зь сябрамі быць, а ня дома сядзець».

Праз год школа знайшла падручнікі па-беларуску — іх прывозілі зь беларускай школы ў Міханавічах. І Наста стала зноў хадзіць на заняткі: на фізкультуру і замежную мову разам з усімі, а на ўсе астатнія — адна.

Наста Лісіцына ў школе. Фотаздымак зь сямейнага архіву

«Прыходзіла, а ў клясе я і настаўнік. Кожны ж урок мяне пыталіся, душу вытрэсвалі», — сьмяецца цяпер Наста. — Гэта ж амаль як прыватнае навучаньне было. А настаўніца фізыкі, памятаю, прыходзіла і казала: «Ведаеш, я буду вучыцца разам з табой. Калі я што ня так кажу, ты мяне выпраўляй».

Настаўнікаў Наста ўспамінае з удзячнасьцю. Але з клясным кіраўніком і аднаклясьнікамі спачатку было цяжка. «Калі я прыйшла, там ужо дзеці былі супраць мяне настроеныя. Такі-і-і-і-ія байкоты мне аб’яўлялі! Не размаўляў са мной аніхто. І настаўніца сама маўчала. А я малая была — бегала, плакала, не разумела, чаму».

Тут на абарону прыходзіў бацька. «Ішоў у школу і заступаўся за мяне, — успамінае яна. — Я адчувала сябе за плячыма. Ня тое, каб мяне ў хаце палашчылі, папесьцілі — і давай, ідзі, разьбірайся сама. Не, ён ішоў у школу, размаўляў. Я бачыла, што ён на маім баку».

«Выклікалі псыхіятрычную дапамогу, пагражалі пазбавіць бацькоўскіх правоў»

«Наста, ці была ты шчасьлівым дзіцем?» — гэта ж галоўнае пытаньне, якое задаюць пра дзяцінства.

«Так! — Наста проста квітнее. — Вядома, я была шчасьлівым дзіцём! Мяне маці кожны год на мора вазіла. Усе на вёсках ці на лецішчах, а я на мора на самалёце лётала. І ў мяне ж часу не было! Мы 6 дзён на тыдзень вучыліся. Адна нядзеля была, каб выспацца, выгуляцца, зрабіць урокі, вымыцца. А да восьмай клясы ў мяне «музыкалка» была: першая зьмена звычайныя прадметы, а другая — музычныя. І я ж яшчэ на танцы бегала, у «Карагодзе» танчыла».

Наста прыносіць з сабой цэлую паласу з газэты «Звязда» за 1991 год. Журналістка Алена Ціхановіч тады сабрала «Пэдагагічную паэму» з дакумэнтаў. Пра тое, як давалася бацькам яе бесклапотнае дзяцінства і беларускамоўная адукацыя, бацька расказаў Насьці ўжо тады, калі яна падрасла.

«Для мяне не было ў гэтым нічога надзвычайнага. Ніхто не казаў мне, што мы «змагары», «героі», «пераможам». Зусім не было такога. Казалі, што трэба вучыцца па-беларуску, бо мы беларусы. І для мяне гэта так і было», — тлумачыць яна. — Гэта была не мая вайна, бо я была дзіцём. А бацькоў жа і хацелі пазбавіць бацькоўскіх правоў, і псыхіятрычную дапамогу на іх выклікалі».

Бацькі Насты Лісіцынай — Мікалай Лісіцын і Раіса Хіневіч. Фатаздымак зь сямейнага архіву

Паводле ўспамінаў Насты, найбольш адносіны не складаліся з дырэктаркай школы. «Яна ж была жонкай дэпутата Вярхоўнага савету. І зь яе статусам вось такое ў школе — гэта ж партбілет на стол. — Наста памятае, як прыходзілі да дырэктаркі з бацькамі, як настаўнікі прыходзілі да іх дахаты з праверкамі. — Зь яе падачы выклікалася і міліцыя, і лісты яна пісала ў розныя камітэты».

Але бацькам доўга ўдавалася адгароджваць дачку ад усіх праблем. Сапраўднае гора прыйшло ў сям’ю, калі памерла маці Раіса. Насьце было шаснаццаць.

«Ды вашыя дзеці ня ведаюць ані расейскай, ані беларускай, ані ангельскай!»

Мікалай Іванавіч памёр 13 гадоў таму. Пасьпеў пабачыць унука Карнея. Цяпер Карней у 9-й клясе. У беларускамоўную школу яго не аддалі. Але Наста ўпэўненая, што сытуацыя з навучаньнем па-беларуску цяпер непараўнальна лепшая.

«Калі я ў 1980 годзе пайшла ў школу, у Менску не было ані школаў, ані ліцэяў, ані садочкаў, ані клясаў у школах. Наагул не было, — тлумачыць яна сваю пазыцыю. — А цяпер гімназія 4-я ёсьць? Школы ёсьць, садочкі ёсьць? Ты сваё дзіця прыводзіш, дык там яшчэ 30 такіх жа беларускамоўных вакол скача. А я ж адна была зусім — на ўвесь Менск!»

Мікалай Лісіцын і Раіса Хіневіч з Арынай Вячоркай, Вінцуком Вячоркам і іхнай дачкой Радаславай. Фатаздымак зь сямейнага архіву

Цяперашняй адукацыяй Наста актыўна незадаволеная. «Гэта шаленства, што яны твораць з гэтай адукацыяй, — абураецца яна. — Я думала, што ў нашай школе быў жах, але там была сыстэма, парадак, усё было зразумела. А тут проста экспэрымэнты над дзецьмі: падручнікі штогод новыя, праграмы мяняюцца».

Уся гэтая сыстэма, перакананая яна, спарадзіла цэлы інстытут рэпэтытарства, якога ў ейныя школьныя гады проста не існавала. «Бо цяпер школьная адукацыя не дае магчымасьці дзецям з гэтымі ведамі паступаць далей. Нават тым, якія гэтую праграму засвоілі!»

Наста з прыкрасьцю прыгадвае, як калісьці сталі дазваляць паступаць у пэдагагічныя ўнівэрсытэты зь нізкімі баламі. «І гэтыя «дзеці» ўжо прыйшлі да нашых дзяцей адпрацаваць свае два гады. У мяне хрэсьнік крыжаванку разгадваў для ўроку па беларускай мове, дык замест «сякеры» там быў «тапор»…»

Тым, што яе гісторыя цяпер можа камусьці быць цікавай, яна шчыра зьдзіўленая. Кажа, што ў маладых цяпер «вэктар» пераважна на тое, каб зьехаць зь Беларусі, напрыклад у тую ж Расею.

«Мне здаецца, гэта неактуальна зусім. Я вось пачытала нядаўна абмеркаваньне пад артыкулам пра тое, колькі людзей гаворыць па-беларуску. Там і разумныя людзі, вядома, камэнтуюць. Але ёсьць і тыя, хто піша: «Вой, нашым дзецям так цяжка. У іх у галаве каша — і беларускую вучыць трэба, і расейскую трэба, і ангельскую трэба». Ды вашыя дзеці ня ведаюць ані расейскай, ані беларускай, ані ангельскай! Адкуль у іх каша ў галаве? Раскладзіце вашую кашу па розных талерках, і праблемаў ня будзе».

«Мова, бацькі, зямля — гэта ж нашая аснова. Усё гэта мусіць захавацца, — кажа Наста Лісіцына. — Мой бацька любіў казаць: чым больш чалавек ведае моваў, тым больш разоў ён чалавек. Вы ж і самі гэта ведаеце».

1
Крэйзі / Адказаць
22.01.2019 / 15:43
Як нібыта расейскі горад пасярод Беларусі. Дарэчы, як і сёння.
0
Лявон Баршчэўскі / Адказаць
22.01.2019 / 16:58
Крэйзі,

сёньня сітуацыя непараўнальная. Я асабіста ведаю з пару тысячаў бацькоў, якія сьвядома аддавалі і аддаюць сваіх дзяцей вучыцца па-беларуску.
Зрэшты, зь Мікалаем і Настай Лісіцынымі я некалі таксама знаёміўся.
4
Крэйзі / Адказаць
22.01.2019 / 19:17
Лявон Баршчэўскі, хацелася б верыць, аднак 100-200 вучняў на сталіцу і нават гэтыя тысячы ў іншых гарадах замест 1 раней нічога яшчэ прынцыпова не змяняюць, покуль на перыферыі збольшага беларускамоўная адукацыя знікае (ці знішчаецца спецыяльна). Я скончыў расейскамоўны клас у школе, у паралельным да 9 было беларускамоўнае навучанне. Ніхто з іх па-беларуску не размаўляе і кажуць, што беларуская мова - мёртвая. А наш горад павінен быў быць аналагам “западэнцаў”. Мае аднагрупнікі ў Менску (не абавязкова з) здзіўляліся, што ўвогуле нехта размаўляе на беларускай.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру