17 снежня ў галоўным корпусе БДУ адкрылася мінералагічная выстава «Каменная казка».

Як паведаміла журналістам перад адкрыццём арганізатар выставы загадчык музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ Валянціна Смалякова, мэта мерапрыемства — папулярызацыя «прыроднага матэрыялу, які ўпрыгожвае, дарыць цяпло і лечыць людзей».

У экспазіцыі прадстаўлены работы з мінералаў, дрэва, керамічныя вырабы
майстроў Беларускага саюза народнай творчасці і грамадскага аб’яднання «Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчын».

Дэманструюцца аўтарскія калекцыі мінералаў і горных парод Кольскага паўвострава і Урала, калекцыя бурштыну краін Балтыі і Беларусі, калекцыя беларускіх крамянёў. Свае работы прадстаўляюць 65 удзельнікаў, у асноўным з Беларусі, а таксама госці з Літвы, Украіны, Конга.

У рамках выставы працуюць экспазіцыі «Сімфонія «шчаслівых» самацветаў снежня», «Малахітавая шкатулка», «Выкапнёвы лес у працах майстроў». Яны арганізаваны музеем землязнаўства, выкладчыкам кафедры дынамічнай геалогіі Сяргеем Юдаевым і супрацоўнікамі геаграфічнага факультэта БДУ. «Шчаслівымі» мінераламі снежня прызнаны біруза, рубін, блакітныя сапфіры, цырконы, лазурыты.

Наведвальнікі выставы могуць не толькі паглядзець на мінералы, але і набыць вырабы з іх.

Паводле слоў В.Смаляковай, экспазіцыя традыцыйна карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва. На яе думку, за гады правядзення мінералагічных выстаў‑кірмашоў людзі сталі лепш разбірацца ў мінералах.

У рамках выставы пройдуць конкурсы на лепшую мінералагічную калекцыю, лепшую работу, арыгінальнае афармленне кампазіцыі. Іх вынікі будуць падведзены 20 снежня.

Выстава будзе працаваць да 21 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?