Індывідуальны прадпрымальнік з Гродна ледзь не пазбавіўся вялікай сумы грошай. Мужчына здае аўтамабіль «Шкода» наёмным кіроўцам для работы ў таксі. Але часам сам карыстаецца легкавіком для асабістых паездак, паведамляе гродзенская абласная міліцыя.
Падчас адной з такіх паездак ён забыўся скрутак з 10 тыс. рублямі ў бардачку. Згадаў пра іх праз некалькі гадзін: на машыне да таго часу ўжо ездзіў другі кіроўца. Грошай у бардачку не аказалася.
Падазраваць сталі аднаго з кіроўцаў, 22-гадовага маладога чалавека, які сеў за руль адразу пасля ўладальніка. Аднак той сваё дачыненне да знікнення ўсяляк адмаўляў. Ён нават патэлефанаваў па нумары 102 і паведаміў, што ўладальнік машыны яго ілжыва вінаваціць у здзяйсненні крадзяжу.
Неўзабаве сваю пазіцыю змяніў. Ён распавёў, што забраў грошы і перадаў іх знаёмаму. На пытанне, чаму хлусіў, наймальніку і міліцыянтам нічога зразумелага не адказаў.
Заведзена крымільная справа.