Адна з фаварытак перадвыбарчай гонкі ва Украіне Юлія Цімашэнка адказала на пытанне Радыё Свабода пра яе палітыку ў дачыненні Беларусі ў выпадку абрання прэзідэнтам.
Яна перакананая, што Беларусь, як і Украіна, мае арыентавацца на еўрапейскія каштоўнасці і вызначыць ЕС як прыярытэтны вектар сваёй замежнай палітыкі.
Адказваючы на пытаньне, ці будзе яна ўлічваць інтэграцыйны канфлікт між Беларуссю і Расіяй пры стасунках з беларускім бокам, Юлія Цімашэнка заявіла:
«Я перакананая ў тым, што крок за крокам усе краіны, якія выйшлі з Савецкага Саюза, будуць набліжацца да еўрапейскіх каштоўнасцяў, у тым ліку да вельмі цеснай супрацы з тымі краінамі, якія ўваходзяць у ЕС. Украіна будзе не толькі сама праходзіць гэты шлях — набліжэнне і сяброўства ў ЕС, а мы будзем рабіць так, каб усе краіны еўрапейскага кантынента рана ці позна мелі магчымасць стаць часткай адной (еўрапейскай) сям’і».