
Венесуэльская апазіцыя доўгі час танула ў міжпартыйных спрэчках і прайгравала. Сітуацыя змянілася цягам двух тыдняў, пасля таго як кіраўніком Нацыянальнай асамблеі быў абраны 35-гадовы Хуан Гуайдо.
Ён сын лётчыка і настаўніцы, абодва яго дзяды былі вайскоўцамі. У палітыку ён прыйшоў студэнтам. Па адукацыі ён інжынер. Акрамя таго, ён скончыў аспірантуру ва Універсітэце Джорджа Вашынгтона ў ЗША.
У 25 гадоў ён стаў сузаснавальнікам партыі «Народная воля», якая ўстала ў рашучую апазіцыю чавістам. Кіраўніка гэтай партыі Лопеса пазней арыштуюць і пасадзяць у турму па абвінавачванні ў арганізацыі беспарадкаў. Тыя беспарадкі пакінуць след на шыі Гуайдо: шнар ад гумовай кулі.
Гуайдо абралі новым спікерам 5 студзеня, а пасля таго як Мадура 10 студзеня правёў чарговую ўласную інаўгурацыю, Гуайдо абвясціў яго ўзурпатарам (на прэзідэнцкіх выбарах у маі 2018 года Мадура па афіцыйных звестках атрымаў 68% галасоў выбаршчыкаў пры яўцы толькі 46%. Апазіцыя тыя выбары байкатавала).
23 студзеня на масавым мітынгу пратэсту супраць дыктатуры Мадура і эканамічнага калапсу Гуайдо прынёс прысягу прэзідэнта.
Нечаканыя крокі Гуайдо гальванізавалі венесуэльскае грамадства, якое было ўжо зняверыўшыся ў магчымасці штосьці памяняць у краіне. Яны таксама выклікалі імгненную рэакцыю ЗША, з якімі Мадура вядзе даўнюю барацьбу, і суседніх краін, якія прынялі мільёны венесуэльскіх мігрантаў, што бягуць ад эканамічнага крызісу.
Каментары