Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у тэлефоннай размове з венесуэльскім калегам Нікаласам Мадура выказаў яму падтрымку, распавёў у твітары прэс-сакратар турэцкага лідара Ібрагім Калын.
«Наш прэзідэнт патэлефанаваў кіраўніку Венесуэлы Нікаласу Мадура і сказаў: «Брат мой, Мадура, трымайся, мы з табой», — напісаў Калын. Ён дадаў, што Анкара прынцыпова выступае супраць усіх спробаў захопу ўлады ў Каракасе.
Напярэдадні, 23 студзеня, кіраўнік венесуэльскага парламента Хуан Гуайда падчас выступу на мітынгу абвясціў сябе в.а. прэзідэнта. Яго падтрымалі ЗША, Канада, Бразілія, Калумбія, Чылі, Эквадор, Коста-Рыка, Перу, Мексіка, Парагвай, Гандурас, Панама, Грузія, Аргенціна, Уругвай і Гватэмала. Пры гэтым Балівія і Куба лічаць прэзідэнтам Нікаласа Мадура.