У 2012 годзе «Наша Ніва» распавядала пра жыццё студэнта гістфака БДУ Мікіты Курэпіна, які жыў за адну стыпендыю, але пры гэтым умудраўся адкладаць 15 даляраў на адпачынак. Гэты матэрыял тады стаў адным з самых папулярных на сайце ў тым годзе. Мікіта прынцыпова размаўляў па-беларуску, прытым што нарадзіўся ў Расіі.

Курэпін не скончыў гістфак БДУ і ў 2015 годзе па спецыяльнай праграме перабраўся жыць у Ізраіль (Мікіта — габрэй па матчынай лініі). Мы падрабязна апісвалі ўмовы яго жыцця за мяжой, хлопец выглядаў вельмі задаволеным сваім пераездам. Аднак нядаўна стала вядома, што ён вернецца ў Беларусь. Што ж здарылася? Пра гэта Мікіта распавёў нам у гутарцы.

Мікіта Курэпін.

Мікіта Курэпін.

«НН»: Чым вы сёння жывяце і займаецеся?

Мікіта Курэпін: На дадзены момант я знаходжуся ў gap-year (гадавым адпачынку паміж універсітэтамі). Зарабляю грошы працай у гатэлі ля ўзбярэжжа Чырвонага мора.

У вольны час імкнуся да падарожжаў і самаразвіцця, зрабіў акцэнт на вывучэнні замежных моў. Ва ўніверсітэце ў мяне быў абавязак атрымаць акадэмічны ўзровень па ангельскай мове, а таксама акадэмічны і рэлігійны ўзровень іўрыта. Калі я іх атрымаў, то хутка згадаў пра сваю дзіцячую мару вучыць французскую мову. Але гэтая справа ўвесь час адкладвалася на пасля. Калі дасягнуў добрага ўзроўню ў французскай, то пабачыў, што ў ёй ёсць шмат супольнага з італьянскай. Так я паспрабаваў крыху павучыць і яе. Карацей, мяне зацягнула.

«НН»: Вы рэпатрыяваліся ў Ізраіль праз праграму МАСА (для моладзі з габрэйскім паходжаннем), пасля яе сканчэння ці навучаліся недзе яшчэ?

МК: Пасля сканчэння праграмы я доўгі час спрабаваў адшукаць сябе, змяняў гарады і працы. З канца 2016 года ўладкаваўся ў Ерусаліме, дзе першапачаткова праходзіў праграму даўніверсітэцкай адукацыі. Пасля пачаў навучанне ў Габрэйскім універсітэце Ерусаліма на спецыяльнасцях гісторыя і паліталогія. У той жа час працаваў на біржы, цікавых часовых працах, дробных праектах, а таксама спрабаваў стажыравацца ў парламенце і ўдзельнічаць у палітычным жыцці Ізраіля. Жыццё было падобнае да цыклу з падзенняў і пад'ёмаў. Магчыма, мне гэта нават падабалася.

«НН»: Наколькі ўвогуле змянілася ваша жыццё за апошнія два гады? 

МК: Гэта быў цікавы перыяд. Я паспеў пабываць студэнтам аднаго з топ-100 універсітэтаў свету, здабыць вялікае кола знаёмых як з палітычнага актыву ўніверсітэта, так і парламентарыяў. Быў перыяд фінансавай дэпрэсіі: доўгі час пасля аплаты за пражыванне і адукацыю (недзе 700 еўра на месяц) у мяне заставалася каля 100-150 еўра на ежу, што лічыцца невялікай сумай, але беларускі досвед дапамагаў існаваць і на гэтыя сумы.

Мікіта ў Ізраілі за гатаваннем дранікаў.

Мікіта ў Ізраілі за гатаваннем дранікаў.

Чытайце: Выжыванне па Курэпіну. Студэнт БДУ жыве на 40 рублёў у месяц. І жыве!

«НН»: Раскажыце пра выбары ў Ізраілі, у якіх вы не так даўно ўдзельнічалі? Наколькі яны дэмакратычныя?

МК: Гэта былі муніцыпальныя выбары. Партыя, у якой я быў актывістам, прыняла рашэнне, што яны не будуць прасоўваць свой спіс у мясцовыя дэпутаты і падтрымаюць адну гарадскую ліберальную партыю з яе кіраўніком на пасаду мэра. Па выніках выбараў гэта партыя набрала найбольшую колькасць месцаў у гарадскім парламенце, але ў другім туры наш ліберальны кандыдат атрымаў паразу ад прадстаўніка ўльтрарэлігійных і ўсходнегабрэйскіх суполак. Было вельмі цяжка бачыць, што кандыдату не хапіла некалькі тысяч галасоў да перамогі, і ён атрымаў 49,15%. З іншага боку таксама было сумна, што грамадзяне Беларусі не могуць уплываць на гарадское жыццё як грамадзяне дэмакратычных краін.

«НН»: Вы таксама прымалі ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях, ці былі праз гэта ў вас нейкія праблемы?

МК: Удзел у антыўрадавых дэманстрацыях, перш за ўсё супраць карупцыі там, стала адной з маіх галоўных «забаў». Згадаю некаторыя моманты. Я любіў прыходзіць баставаць кожны суботні вечар каля дома прэм'ер-міністра, мы спявалі песні, выступалі з прамовамі, але гэты рух не меў пэўных актыўных дзеянняў і ўплыву на падзеі.

Часам на антыкарупцыйныя пратэсты маглі прыйсці да 20 пратэстоўцаў. Зімой 2017 года я ўдзельнічаў у хвалі пратэстаў супраць дэпартацыі мігрантаў і бежанцаў. У Ізраілі не хапае чорнарабочых і асабіста мне не хацелася б, каб гэты недахоп пераўтварыўся ў вялікі крызіс. Урэшце рух перамог і закон аб дэпартацыі не быў ратыфікаваны, а пасля быў адменены.

Некалькі разоў перад парамі апазіцыйныя ўніверсітэцкія партыйныя супольнасці з'язджаліся да міністэрства транспарту. Мы, студэнты, былі незадаволеныя працай аўтобусных маршрутаў, іх якасцю. Я разам з некаторымі актывістамі спрабаваў перакрыць пад'езды да міністэрства. Усё скончылася тым, што студэнцкая рада зліла пратэсты, але аўтобусных маршрутаў стала трохі больш. Таксама я актыўна займаўся палітычнай агітацыяй ва ўніверсітэце, прадстаўляў яго ад імя сваёй партыі на дні студэнта ў парламенце, прымаў удзел у арганізацыі сустрэч з парламентарыямі ва ўніверсітэце…

Бастуюць.

Бастуюць.

«НН»: Вы згадалі пра цяжкі фінансавы перыяд, а зараз вам хапае грошай на жыццё?

МК: Мой заробак да падаткаў на сёння складае прыблізна 2400 даляраў. У падаткі ўключаныя як звычайныя падаткі, розныя страхоўкі, так і аплата пражывання, харчавання і транспарту. На асабістыя выдаткі ў мяне ідзе недзе 125 даляраў на месяц. Недзе 1500 даляраў штомесяц атрымліваецца адкладаць.

«НН»: З вашых мікраблогаў я зразумела, што большая частка гэтых запасаў ідзе на падарожжы: толькі за 2018 год вы наведалі каля 16 краін. Дзе найбольш спадабалася?

МК: Вельмі спадабаліся па камфорце жыцця Францыя і Эстонія. Эстонія, хоць і з'яўляецца дзяржавай з постсавецкай прасторы, імкліва рухаецца да скандынаўскага ўзроўню жыцця праз падтрымку інфармацыйных тэхналогій, інавацый і замежнага інвеставання. Беларусі і Ізраілю гэтага не хапае.

Беларусы ўвогуле нядрэнны народ. А калі б яшчэ часцей выказвалі сваю думку, менш цярпелі, былі больш ініцыятыўнымі, менш ужывалі алкагольных напояў, дык магчыма б наша краіна стала найлепшым месцам у свеце для жыцця.

«НН»: Што найбольш уразіла падчас вандроўкі ў Палесціну?

МК: У сакавіку 2018 года я зрабіў невялічкае падарожжа ў акупаваныя Ізраілем тэрыторыі. Быў абраны Віфлеем. Падарожжа мяне вельмі ўразіла. З аднаго боку, мясцовы ўрад нічога не робіць там для паляпшэння жыцця — няма сістэмы аховы здароўя, адукацыя на нізкім узроўні, не развітая сфера паслуг, палова жыхароў гораду беспрацоўныя, горад тоне ў смецці і смуродзе. Адзіная крыніца прыбыткаў — турысты.

Я пабачыў жыццё з іншага боку муру і сам размежавальны мур, праз які немагчыма перайсці. Высокая мяжа паміж розным светам. Вельмі складана ўявіць, што ў XXI стагоддзі адна супольнасць можа перашкаджаць руху іншай супольнасці толькі праз тое, што яны маюць іншую, але вельмі падобную рэлігію.

«НН»: Вы пісалі, што хочаце вярнуцца ў Беларусь, гэта сапраўды так? Нам падавалася, што вас задавальняе жыццё ў Ізраілі. Што ж здарылася?

МК: Ад Ізраіля я чамусьці чакаў сучаснай еўрапейскай развітай дзяржавы, але рэчаіснасць апынулася іншая. Рэлігійнае мілітарысцкае расісцкае грамадства, якое лічыць усіх, хто не пагаджаецца з дзяржаўнай думкай, антысемітамі, вельмі далёкае ад мяне — атэіста і пацыфіста. Я не магу зразумець, чаму я павінен забіваць невінаватых ні ў чым людзей або ненавідзець іх толькі таму, што яны жывуць на іншым кавалачку зямлі.

Чаму я зацікаўлены вярнуцца ў Беларусь? Я так і не скончыў сваю вышэйшую адукацыю, а ў Беларусі магу зрабіць гэта за адзін год, заплаціўшы за яе як замежны грамадзянін. Чаму б не скарыстацца такой магчымасцю, калі няма куды спяшацца?

«НН»: Адной з прычын вяртання ў Беларусь, відаць, з'яўляецца і тое, што ваш сённяшні хлопец Радзівон жыве тут…

МК: Так, у мяне ёсць хлопец. Ён беларус, жыве ў Мінску. Пазнаёміўся з ім я падчас майго візіту ў Беларусь у канцы кастрычніка — пачатку лістапада, і неяк усё пайшло…

Мікіта са сваім бойфрэндам.

Мікіта са сваім бойфрэндам.

«НН»: Ці не страшна было зрабіць камінг-аўт? Ці ведаюць пра вашы адносіны сваякі? Як да аднаполых пар ставяцца ў Ізраілі? 

МК: Камінг-аўт быў зроблены яшчэ з мінулым швейцарскім хлопцам. Страху не было, бо я ведаў, што мае сябры заўжды гатовыя прыняць мяне такім, якім я ёсць. А на меркаванні старых і далёкіх ад мяне знаёмых я звяртаю менш увагі.

Сям'я, канечне, прыняла мой камінг-аўт складана, але гэта амаль ніяк не паўплывала на маё жыццё, усё ж з 17 гадоў я жыву адзін.

Што тычыцца Ізраіля, то да аднаполых пар тут ставяцца добра. Звычайна рэлігійнае грамадства, арабская супольнасць і дэвіянтныя ўсходнегабрэйскія супольнасці ўспрымаюць некаторыя формы праяўлення пачуццяў з абурэннем. Мне гэта складана зразумець, але гэта іх права. Наш праварэлігійны ўрад увесь час кажа, што мы людзі тыпу Б, нават забараніў заводзіць дзяцей і рабіць аднаполым сем'ям ЭКА. Было арганізавана шмат пратэстаў, да якіх далучыліся прафсаюзы, але гэта ні на што не паўплывала.

Фота з дзяцінства.

Фота з дзяцінства.

«НН»: А што наконт выказванняў беларускага міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча пра «пэўную катэгорыю дзіравых грамадзян». Ці ўтульна вам будзе будаваць адносіны ў краіне з такім стаўленнем да ЛГБТ-супольнасці?

МК: Канечне, непрыемна, калі выказваюцца так пра значную частку грамадства, але большасць насельніцтва Беларусі яго пакуль у гэтым падтрымлівае. Асабіста я не перажываю з-за гэтых слоў. Часам я браў свайго хлопца за руку на вуліцы, цалаваў у вагоне метро ці краме. Ён, канечне, саромеўся, людзі былі ў шоку, але ж у праяўленні пачуццяў няма нічога незвычайнага.

Спадзяюся, што і ён, і беларусы прызвычаяцца да гэтага, зменяць сваю думку, зразумеюць, што каханне не можа быць па-за законам. Паступова Беларусь пачне далучацца да еўрапейскіх каштоўнасцяў, бо пакуль мы не зменім саміх сябе — нічога вакол не зменіцца.

«НН»: Ці ўяўляеце вы сваё жыццё ў Беларусі на ўмоўныя 500 даляраў пасля таго, як пажылі на суму ў 3—4 разы большую? Гатовыя зноў есці пустую макарону і грэчку? Чым плануеце тут зарабляць на жыццё?

МК: Мне хочацца папрацаваць на чвэрць стаўкі настаўнікам гісторыі ў школе. Спадзяюся, мяне прымуць. Не ведаю, як буду жыць на настаўніцкі заробак. З іншага боку, я ж сёння зарабляю грошы не дзеля таго, каб за адзін тыдзень іх потым патраціць. Я планую жыць з хлопцам: мне падаецца, разам галадаць прасцей, чым у адзіноце. Я і не такое перажываў. Заўжды можна адшукаць нейкае выйсце з любой складанай сітуацыі.

У планах у мяне пакуль скончыць адукацыю ў Беларусі, а пасля, можа, паехаць атрымліваць другую ступень адукацыі або недзе ў іншай частцы Еўропы, або зноў пераехаць жыць у камфортнае месца, каб спыніцца ў пошуках новай радзімы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?