Зацверджаны пералік адкрытых акцыянерных таварыстваў, што забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галін эканомікі і «іншыя важныя дзяржаўныя патрэбнасці», паведаміла прэс‑служба ўрада.

Такое рашэнне прынятае пастановай Савета міністраў № 1927 ад 15 снежня 2008 года, якое ўступіла ў сілу заднім чыслом — з 17 ліпеня 2008 года.

У пералік увайшлі 162 прадпрыемствы, у тым ліку ў Мінбудархітэктуры — 8, Мінпраме — 11, Мінсельгасхарчы — 40, Мінэнерга — 8, канцэрнах «Белдзяржхарчпрам» — 15, «Белнафтахім» — 9, «Беллегпрам» — 14, «Беллеспаперапрам» — 3. Таксама адзначаны стратэгічна значныя прадпрыемства ў Брэсцкай вобласці — 9, у Віцебскай — 14, Гомельскай — 6, Гродзенскай — 6, Мінскай — 9, Магілёўскай — 6, у Мінску — 4.

У пералік, у прыватнасці, увайшлі ААТ «Бярозабудматэрыялы», «Керамін» (Мінск), «Белкард» (Гродна), «Мінскі падшыпнікавы завод», «Гарызонт», «Камунарка», беларуска‑расійскае сумеснае прадпрыемства «Брэстгазаапарат», «Крыніца», «Мазырсоль», «Элема» і інш.

Дадзеная пастанова ўрада прынятая ў адпаведнасці з дэкрэтам № 7 ад 14 красавіка 2008 года, які паступова адмяняе абмежаванні на абарачэнне ў Беларусі акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных у працэсе раздзяржаўлення і прыватызацыі, адчужэнне якіх раней было замарожана.

На першым этапе (з 17 ліпеня 2008 года) адменена абмежаванне на адчужэнне акцый таварыстваў, у статутных фондах якіх доля дзяржавы або адсутнічае наогул, або складае 75% і больш. Таксама поўнасцю адмяняецца забарона на адчужэнне акцый акцыянерных таварыстваў, што ажыццяўляюць перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі, перададзеных сельгасвытворцам, і прадпрыемстваў хлебапрадуктаў.

На другім этапе (з 1 студзеня 2009 года) будуць адменены абмежаванні на адчужэнне акцый акцыянерных таварыстваў з доляй дзяржавы звыш 50%. Пры гэтым на першым і другім этапах адмена абмежаванняў не распаўсюджваецца на акцыі акцыянерных таварыстваў, што забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галін эканомікі. Пералік такіх ААТ і зацверджаны цяпер пастановай урада № 1927. На трэцім этапе (з 1 студзеня 2011 года) усе абмежаванні будуць поўнасцю адмененыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?