У Буда-Кашалёўскім раёне ўчыніў самагубства грамадзянін Расеі. Віталь жыў у Беларусі 14 гадоў, меў тут жонку і шэсьць дзяцей. За адміністрацыйныя правапарушэньні яму пагражала дэпартацыя, піша «Радыё Свабода».

«Яго пагражалі выслаць на дзесяць гадоў. Вось ён і набраў сабе ў галаву», — сказала Свабодзе жонка Віталя. На мінулым тыдні яна пахавала мужа.

Сіротамі засталіся шэсьць дзяцей. Жанчына кажа, што ў сям’і былі фінансавыя праблемы. Віталь працаваў на мясакамбінаце ў Буда-Кашалёве.

«Яго звольнілі, бо быў неяк выпіўшы на працы. Пачаліся праблемы з боку міліцыі — бо гэта правапарушэньне. Раней яго лавілі бяз флікера — таксама правапарушэньне. Від на жыхарства ў яго забрала міліцыя. Сказалі на працягу пяці дзён рабіць часовы дазвол на пражываньне, або дэпартуюць на дзесяць гадоў. Тыя паперы больш за сто рублёў каштавалі. Грошай не было дзе ўзяць», — сказала жанчына.

Віталь пасьпеў уладкавацца на новую працу — дворнікам у гімназію ў Буда-Кашалёве.

«Але ўсё роўна яму гэта не дапамагло. Міліцыя казала, што дэпартуем. Вось так набраў сабе ў галаву, і ўсё», — дадала Вольга.

Яна кажа, што цяпер, апроч дзяцей, у яе нікога не засталося. «Дзеля дзяцей даводзіцца трымацца», — падсумавала жанчына.

У Лі́пініцкім сельскім савеце сказалі, што ведаюць пра трагедыю. Міліцыя раней патрабавала зь сельсавету характарыстыку на Віталя.

«Для чаго — не тлумачылі. Мы характарызавалі яго станоўча, быў у законным шлюбе, гадавалі з жонкай дзяцей. Канечне, праца была ў яго з малым заробкам. Але ці гэта была прычына, ці што іншае — ня ведаем», — сказалі ў сельсавеце.

Віталь працаваў на мясакамбінаце ў Буда-Кашалёве разам з украінцам Сяргеем Працэнкам, якога высылаюць зь Беларусі на тры гады за адміністрацыйнае правапарушэньне. Сяргей цяпер абскарджвае рашэньне ў Гомельскім абласным судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?