Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Днямі палітык Анатоль Лябедзька, які цяпер кіруе арганізацыяй «Еўрапейскi дыялог», запрасіў прадстаўнікоў беларускай апазіцыі паразважаць на тэму «Прэзiдэнцкая кампанія: чаканні, выклiкi, iнтрыгi». На запрашэнне адгукнуліся старшыня партыі «Справядлівы свет» Сергей Калякін, кіраўнік АГП Мікалай Казлоў , лідар БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук, кіраўнік руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч, кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Александр Ярашук і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «БХД» Вольга Кавалькова.

Амаль за чатыры гадзіны было выказана шмат цікавых думак наконт прэзідэнцкай і парламенцкай кампаній, выбараў адзінага кандыдата, Плошчы і іншага. Але пачалося ўсё з абмеркавання дзевяці тэзісаў наконт будучых прэзідэнцкіх выбараў, якія агучыў вядомы палітолаг Валерый Карбалевіч.

«Народная Воля» занатавала словы некаторых палітыкаў.

Валерый Карбалевіч: «Грамадства больш саспела да перамен, чым улада»

— На першы погляд усе беларускія выбары падобныя адны на адны, і здаецца, што за 20 з нечым гадоў нічога не мяняецца, — гаворыць Карбалевіч. — Але гэтыя прэзідэнцкія выбары будуць мець свае асаблівасці.

1. Няпэўнасць з тэрмінамі. Пакуль ніхто не ведае, калі адбудуцца выбары. Улада пачала муціць ваду, казаць, што прэзідэнцкая кампанія можа адбыцца разам з парламенцкай, у 2019 годзе. Нагадаю, што ў Канстытуцыі напісана: прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў. І ніякіх іншых варыянтаў больш не прадугледжана. Іншыя варыянты могуць быць толькі тады, калі прэзідэнт не можа па нейкіх прычынах выконваць свае абавязкі. Тое самае і з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Паводле Канстытуцыі, дэпутаты абіраюцца на пяць гадоў. Ніякіх іншых варыянтаў быць не можа.

2. У адрозненне ад папярэдніх выбараў, Захад будзе рабіць стаўку не на падтрымку апазіцыі, а на беларускую стабільнасць.

3. Востры крызіс у адносінах з Расіяй. Можна сказаць, што і ў 2010 годзе выбары праходзілі на фоне такога ж крызісу, але тады Расія не ставіла пытанне пра больш цесную інтэграцыю, не замахвалася на беларускі суверэнітэт. Не выключаю, што гэтым разам Расія паспрабуе прасунуць на беларускія выбары свайго кандыдата. Не дзеля таго, каб звергнуць Лукашэнку, а каб зрабіць яго больш паслухмяным і мець магчымасць на яго ціснуць. Бо падчас выбарчай кампаніі Лукашэнка будзе больш уразлівым.

4. Знік украінскі сіндром, страх беларусаў перад вайной і перад крывавым Майданам. Раней Лукашэнка казаў: ну і што, што ў нас малыя заробкі і пенсіі, затое няма вайны. І гэта працавала. А зараз вайна ва Украіне фактычна спынілася…

5. Крызіс даверу да ўлады і персанальна да Лукашэнкі. Як мне падаецца, такога нізкага ўзроўню даверу яшчэ ніколі не было. Ужо мала хто верыць у здольнасць Лукашэнкі падвысіць узровень жыцця. Беларуская стабільнасць — гэта сінонім «безнадеги».

На мой погляд, сёння грамадства перарасло ўладу і больш саспела да перамен. Людзі, якія праводзілі выбарчыя кампаніі падчас мясцовых выбараў, распавядалі, што ім было даволі цяжка знайсці прыхільнікаў Лукашэнкі…

6. Развіццё інтэрнэту. Сёння каля 70 працэнтаў беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам. Улады страцілі манаполію на інфармацыю. Роля тэлевізара і дзяржаўных медыя моцна знізілася. З дзяржаўнымі тэлеканаламі моцна канкурыруюць незалежныя сродкі масавай інфармацыі, незалежныя інтэрнэт-рэсурсы. І гэта дае магчымасць апанентам выкарыстоўваць гэтую сітуацыю на сваю карысць.

7. Палітызацыя грамадства — яна ўжо пачалася ў звязку з беларуска-расійскім канфліктам. Цяпер велізарная колькасць наведвальнікаў на незалежных інтэрнэт-рэсурсах — раней такога не было. І чым бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў, тым больш гэтая палітызацыя будзе ўзмацняцца. І нават калі ўлады развядуць парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, гэта не саб’е палітызацыю. Палітызацыя працуе не на ўладу, не на рэжым.

8. Дэвальвацыя інстытута выбараў як механізму ўплыву на ўладу. Грамадства не верыць у выбары.

9. Падчас самага вострага за ўсю гісторыю кіравання Лукашэнкі крызісу даверу да ўлады апазіцыя аказалася найменш гатовая ўзначаліць працэс перамен. Складваецца ўражанне, што ніхто не спадзяецца на перамогу.

Па самых прыблізных падліках, на прэзідэнцкія выбары пойдуць як мінімум пяць незалежных кандыдатаў. І апазіцыя падчас выбараў будзе вырашаць свае ўласныя, партыйныя, карпаратыўныя, індывідуальныя праблемы. Як мне падаецца, гэта самы драматычны, нават трагічны момант…

 

Ігар Барысаў: «Голыя, але ганарлівыя»

Аляксандр Лукашэнка рыхтуе на выбары сваю апазіцыю. Так лічыць старшыня БСДП (Грамада).

— Першыя сімптомы гэтага былі заўважаны падчас мінулай выбарчай кампаніі, — гаворыць Барысаў. — Я тады быў прэс-сакратаром кампаніі «Права выбару», і мы сачылі за статыстыкай. Былі тры палітычныя партыі, якія моцна стартанулі па ўсіх паказчыках — ад колькасці вылучаных кандыдатаў да колькасці сябраў у камісіях. Гэта былі ЛДПБ, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і Камуністычная партыя Беларусі. Усе астатнія партыі былі прадстаўлены на мяжы статыстычнай пагрэшнасці. Калі ў гэтую сістэму інтэграваць яшчэ «Белую Русь», то, мяркую, рыхтуецца мадэль на ўзор расійскага парламента, дзе ёсць лаяльныя да ўлады камуністы, сацыял-дэмакраты, ліберал-дэмакраты і партыя ўлады.

Не сакрэт, што ўдзел у выбарчых кампаніях — гэта не толькі медыйнасць, платформа, людзі, але яшчэ і сродкі. Мы ведаем, што ўсяго некалькі разоў у прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый былі дастатковыя сродкі для таго, каб удзельнічаць у выбарах. Сярэдні «рынкавы кошт» аднаго выбаршчыка — адзін долар. У Беларусі прыкладна крыху больш за 7 мільёнаў выбаршчыкаў. Вось і лічыце, якія сродкі патрэбны, каб правесці больш-менш нармалёвую выбарчую кампанію. Мы ведаем, што ніводны з тых еўрапейскіх донараў, якія ёсць, нават у складчыну з некім, такія грошы не дасць. І ўвогуле Захад зараз не бачыць сэнсу падтрымліваць апазіцыю… Я таксама лічу, што Захад робіць стаўку на стабільнасць.

У грамадства ёсць запыт на тое, каб ад апазіцыі быў адзіны кандыдат. Але многія партыі пераследуюць унутрыпартыйныя мэты, бо выбараў няма, а ёсць выбарчая кампанія. Да таго ж няма пляцоўкі для камунікацый дэмакратычных арганізацый. Пакуль сітуацыя выглядае так: голыя, але ганарлівыя. Гэта пра беларускую апазіцыю.

БСДП (Грамада) рыхтуецца і да прэзідэнцкай, і да парламенцкай кампаній. Мы падрыхтавалі перадвыбарную платформу — надрукуем яе, як толькі будуць абвешчаны выбары. Але вялікіх змен і спадзяванняў на тое, што праз выбары можна змяніць уладу, сапраўды няма…

 

Сяргей Калякін: «Беларусы сёння жывуць не горш, чым тры гады таму…»

Старшыня партыі «Справядлівы свет» выступае супраць адзінага кандыдата ад апазіцыі і лічыць, што рэальны крамлёўскі кандыдат ускалыхнуў бы сітуацыю ў Беларусі.

— Усё, што сказаў Карбалевіч, вельмі спрэчна, — лічыць Калякін. — Лукашэнка заўсёды прызначаў даты выбараў так, як яму гэта было патрэбна. Я тут наогул не бачу праблемы.

Што тычыцца канфлікту з Расіяй, то з выплат па знешняй запазычанасці, якія павінны быць у гэтым годзе, 70 працэнтаў трэба аддаць Расіі. Калі Расія рэструктурызуе гэтую запазычанасць у найбліжэйшы час, усё стане ясна.

На жаль, для нас асноўным кандыдатам ад Расіі на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі будзе Аляксандр Лукашэнка. Пакуль ён ва ўсім задавальняе цяперашнюю расійскую ўладу. Можа быць, нам і хацелася б, каб з’явіўся нейкі рэальны кандыдат ад Расіі, і было б цікава, калі б Расія яго сапраўды падтрымала. Гэта ўскалыхнула б і грамадства, і вертыкаль. Але я не думаю, што гэта рэальны сцэнарый…

Што тычыцца крызісу даверу да сістэмы і фінансавых цяжкасцяў, то гэта, як мне здаецца, таксама за вушы прыцягнута. Так, астатнія краіны сталі жыць лепш, і далёка адышлі ад нас, але гэта іншая тэма. Беларусы сёння жывуць не горш, чым жылі год і нават тры гады таму. Таму я не бачу вялікай палітызацыі грамадства або сур’ёзных фактаў, якія адрознівалі б будучую прэзідэнцкую кампанію ад папярэдніх.

Тое, што людзі расчараваліся ў палітыцы ў цэлым, — гэта сапраўды так. У нас няма яркіх кандыдатаў, яркіх праграм…

Карбалевіч кажа пра інтэрнэт, але пытанне ў тым, што людзі там шукаюць. Палітычныя навіны ці парнаграфію? Многія атрымліваюць інфармацыю праз сацыяльныя сеткі, але пакуль гэта, на жаль, не капіталізавана палітыкамі. Хоць магчымасць хутка мабілізаваць прыхільнікаў праз сацсеткі сапраўды ёсць.

Сёння шмат хто кажа: трэба падтрымаць Лукашэнку ў барацьбе за незалежнасць. Але гэта лухта несусветная! Бо суверэнітэт турмы для тых, хто сядзіць у гэтай турме, ніякай каштоўнасці не мае! Без захавання асноўных правоў і свабод суверэнітэт не з’яўляецца той сакральнай мэтай, за якую людзі будуць галасаваць.

На мой погляд, адзінае, пра што можна сёння гаварыць з Лукашэнкам, — гэта сацыяльна-эканамічнае становішча грамадзян. Яно не вельмі дрэннае, але бесперспектыўнае…

 

Мікалай Казлоў: «Трэба рыхтавацца да перамогі»

Цяперашні кіраўнік АГП удзельнічае ў праймерыз і не выключае, што пойдзе на плошчу — у тым выпадку, калі будзе перакананы, што вынікі выбараў сфальсіфікаваны.

 

— Запыт на адзінага кандыдата ў грамадства ёсць, прычым ужо шмат гадоў, — гаворыць Казлоў. — Праймерыз — гэта дэкларацыя гатоўнасці апазіцыі да перамоў, спроба папрацаваць разам.

Сёння назіраецца стомленасць выбаршчыкаў, нават нейкая агрэсіўнасць да існага становішча ў краіне. Я за апошнія дні абышоў амаль 200 кватэр і не ўбачыў прыхільнікаў Лукашэнкі. І заўважыў, што пратэстныя настроі ў грамадстве даволі моцныя.

Што тычыцца суверэнітэту, то, можа, я песіміст, але мне здаецца, што заявы «Лукашэнка — гарант суверэнітэту» не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Давайце ўспомнім трубу «Белтрансгазу», якая гарантавала нам энергетычную незалежнасць. Як толькі Лукашэнку прыціснулі, гэтая труба раптам аказалася ржавай, і мы яе «вельмі выгадна» прадалі расійцам. І калі Украіна мае магчымасць рээкспарту газу з Еўропы, то Беларусь — не, таму што не валодаем гэтай трубой, якой бы ржавай яна ні была.

Калі Расія сур’ёзна вырашыць стварыць нам праблемы эканамічнага характару, то я не ўпэўнены, што Лукашэнка са сваімі сынамі пойдзе з аўтаматам у руках абараняць краіну.

Што тычыцца перамогі, то сапраўдных выбараў у Беларусі няма. І не будзе, пакуль Ярмошына кіруе выбарамі, пакуль Лукашэнка ва ўладзе.

Але я ўсё роўна лічу, што трэба рыхтавацца да перамогі. Жыццё — імклівае, і ўсё настолькі хутка мяняецца, што мы павінны быць гатовы да любога сцэнарыя.

Як будзе дзейнічаць Казлоў, калі раптам стане адзіным кандыдатам ад правацэнтрыстаў і па выніках выбараў яму намалююць не рэальны працэнт галасоў, а толькі 3—5 працэнтаў? Ці павядзе ён людзей на плошчу адстойваць свой выбар?

«Мне падабаецца сцэнарый Арменіі, — адказаў падпалкоўнік у адстаўцы. — Я асабіста гатовы пайсці на плошчу, калі паўстане пытанне аб тым, што гэта сапраўды перамога і яе трэба адстаяць. Але ўсё будзе вырашаць народ. Беларусь спакойная і цывілізаваная краіна, мяркую, да жудасных крывавых сцэнарыяў у нас справа не дойдзе».

 

Юрась Губарэвіч: «Галоўнае — рэгістрацыя»

Кіраўнік руху «За Свабоду» не выключае, што напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі будзе прэзентавана новае выбарчае заканадаўства.

— Перамога павінна быць нашай галоўнай мэтай, але на першым этапе самае галоўнае — быць зарэгістраванымі кандыдатамі, якія атрымаюць магчымасць легальна выкарыстоўваць кампанію для сустрэч з людзьмі, пікетаў і гэтак далей. На маю думку, найлепшая пазіцыя будзе ў той групы апазіцыі, якая здолее паміж сабой дамовіцца і вылучыць супольнага кандыдата на прэзідэнцкія выбары.

Не выключана, што напярэдадні выбараў мы атрымаем нейкія зрухі ў выглядзе змен у Выбарчым кодэксе альбо закона аб дзейнасці палітычных партый.

Аляксандр Ярашук: «Расія можа не прызнаць беларускія выбары»

Такі прагноз робіць кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

— Мне падаецца, што гэта можа быць адна з самых цікавых прэзідэнцкіх кампаній, бо сітуацыя парадаксальная: ужо сёння бачна, што Захад блізкі да таго, каб прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў, а Расія якраз можа заявіць пра фальсіфікацыі і пра тое, што галасы лічыліся непразрыста.

На мой погляд, Крэмль не будзе рыхтаваць свайго кандыдата на выбары, але можа падтрымаць некага з беларускіх палітыкаў, якія будуць балатавацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?