Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) прапанавала выйграць відэарэгістратар. Для гэтага трэба было наклеіць на сваё аўто выяву Пагоню, зрабіць сэлфі і даслаць фота арганізатарам.

У выніку пераможцам стаў 60-гадовы мінчук Уладзімір Леановіч. Ён кажа, што пра такую ініцыятыву з Пагоняй яму расказала дачка: «Яна ў мяне больш прасунута ў камп’ютарах. Яна і дасылала фота».

Чаму далучыўся? «Мне гэты герб заўсёды быў больш блізкі за цяперашні, як і бел-чырвона-белы сцяг. Я ў 2007 годзе нават у Літве купіў значок з Пагоняй і нашу яго па сёння, не саромеюся. Яны там трошку розняцца, наша і літоўская, але ўсё адно — гэта Пагоня».

Сам Уладзімір Генадзьевіч ні ў якіх палітычных арганізацыях не быў. «Толькі ў савецкія часы быў сябрам КПСС, тады шмат хто быў», — тлумачыць ён. На мітынгі ён таксама не хадзіў: «Раней працы шмат было, а цяпер нешта ніяк не дайду».

Цяпер Уладзімір Леановіч на пенсіі. Ён працаваў інжынерам-будаўніком, скончваў вячэрні інстытут у Мінску. Дарэчы, ён карэнны жыхар сталіцы, у пасведчанні аб нараджэнні стаіць, што нарадзіўся яшчэ ў Сталінскім раёне Мінска. Бацька Уладзіміра быў родам з Дзяржынскага раёна, а мама нарадзілася ў Шабанах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?