Расійскі палітолаг Глеб Кузняцоў, кіраўнік Экспертнага інстытута сацыяльных даследаванняў, у сябе ў фэйсбуку ў дзесяці пунктах акрэсліў сутнасць сітуацыі ў Венесуэле і як яна можа развівацца далей.

1. Венесуэла была найбагацейшай краінай Паўднёвай Амерыкі. Уласна, гэтае багацце саслужыла ёй кепскую службу. Інжынеры, дактары, банкіры, прадпрымальнікі і гэтак далей — падчас бурнага росту нафтанкі з сярэдзіны ХХ стагоддзі — яны ў значнай колькасці аказаліся «завазныя». Мясцовая белая эліта з часоў Перэса Хіменэса, замест таго, каб гадаваць уласны сярэдні клас, імпартавала яго як прадмет прэміяльнага спажывання — у абмен на нафтавыя звышпрыбыткі. Адных партугальцаў там апынуліся сотні тысяч, прытым што гэта не самая вялікая дыяспара.

2. Уласна ідэя чавізму — калі ачысціць яго ад шалупіння — гэта і ёсць пераразмеркаванне прыбыткаў ад «кепскіх» хлопцаў — белай эліты, набытага ёю сярэдняга класа, яе ж «заморскіх гаспадароў» са ЗША і Еўропы — да «добрых»: індзейцаў, крэолаў, мулатаў, самба. Папулярнасць Чавэса ў народзе і першыя аб'ектыўныя поспехі яго кіравання звязаны былі менавіта з маштабнымі сацыяльнымі праектамі, якія павялічвалі доступ сацыяльных «ахвяр» з мясцовых да адукацыі, аховы здароўя, чыстай вады, сацыяльнай дапамогі і гэтак далей. Акрамя таго, апора на войска (а войска трэба было вырваць з пад кантролю «белай эліты», сфарміраваць уласнае афіцэрства) мела на ўвазе неабходнасць экспанентнага росту выдаткаў на куплю лаяльнасці сілавікоў.

3. У выніку менавіта неабходнасць экспанентнага росту выдаткаў на ўсё — ад уласнай карумпаванай эліты да індзейцаў у джунглях — абярнулася катастрофай. Спачатку выгналі замежнікаў (каб мець магчымасць прадаваць нафту, ім прыйшлося заплаціць кампенсацыю, якая дадаткова лягла на замежны доўг), потым разрабавалі/нацыяналізавалі буйны бізнэс, потым — сярэдні, потым — дробныя крамы. З пункту гледжання тэорыі чавізму, гэта ўсё было «ок», бо належала не сапраўдным венесуэльцам, а чужому нацыянальна-класаваму элементу. Чавізм — гэта ў велізарнай ступені нацыяналізм, пра гэта часта забываюць.

4. Сёння Венесуэла — класічнае failed state. Тое, што там няма туалетнай паперы, — паўбяды. Вада і электрычнасць — па дзве гадзіны на дзень, лекаў няма, мінімальна складанай меддапамогі няма. Напрыклад, дыяліз — элементарная працэдура па цяперашніх часах — не праводзіцца шмат гадоў, што выракла нырачных хворых на хуткую і пакутлівую смерць. Мільёны ўцекачоў у сумежных краінах ужо ёсць, а ў выпадку працягу дынамікі іх будзе істотна больш. Менавіта з гэтым звязана дружная падтрымка Гуайдо памежных з Венесуэлай краін. Аматарам «кампаратывістыкі» неабходна разумець, што і Украіна, і Арменія, і Куба — для жыхара Венесуэлы ўсё адно што Швейцарыя ці Нарвегія для нас.

5. Нікалас Мадура. Ключавой постаццю, вакол якой кансалідаваны рэжым з'яўляецца не ён, а адзін з лідараў няўдалага першага чавесаўскага перавароту 1992 года, пасля ключавая постаць і віцэ- ў адміністрацыі Чавеса, які быў міністрам усяго на свеце, а цяпер кіраўнік партыі, кіраўнік «Канстытуцыйнага сходу», што замяніў парламент краіны, як мяркуюць — адзін з лідараў наркакартэля «Лос Солес», вядучы тэлеперадач і наогул вельмі цікавая постаць, — Дыясдада Кабельё.

6. Менавіта Кабельё — чыя функцыя была забяспечваць сувязь паміж усімі стаўпамі і спадарожнікамі чавізму — войскам, партыяй, медыя і «белымі адукаванымі», якія прысягнулі Чавесу — на сёння аб'ектыўна з'яўляецца сапраўдным лідарам дзяржавы, пакуль Мадура махае сцягам перад тэлекамерай. Ён вядзе перамовы, бадзёрыць генералаў, адначасова выступае з ваяўнічымі заявамі і сцвярджае, што знаходзіцца на сувязі з Гуайдо («ён сказаў мне, што адчувае велізарны ціск з-за мяжы») («Гуайдо: Кабельё маніць нават калі кажа праўду»). У Кабельё няма будучыні ў свеце без чавізму, ён знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі як арганізатар наркагандлю (арыштавана актываў на 800 млн даляраў) і пад следствам як арганізатар замаху на сенатара Марка Рубіа — найболей паслядоўнага крытыка венесуэльскага ўрада ў Штатах.

7. Калі серыял Narcos дойдзе пасля Мексікі да Венесуэлы і іх дзяржаўнага наркакартэлю Los Soles менавіта Кабельё стане галоўным антыгероем сезону. Калі Чавес укладваў у падтрымку наркагандлю нейкую палітычную ідэю — гэта «вайна са ЗША на тэрыторыі Калумбіі» і імкнуўся хутчэй карыстацца рэсурсамі FARC, чым асабіста апераваць наркагандлем, то пасля яго смерці генералы Венесуэлы ўзялі на сябе прамыя функцыі па наркатрафіку, максімізаваўшы і прыбыткі, і рэпутацыйныя выдаткі. Дайшло да таго, што ў высокапастаўленых сілавікоў, якія прыбылі ў Іспанію, канфіскоўваюць па паўтоны какаіну, а службы грамадзянскай авіяцыі Венесуэлы ловяць на тым, што яны падаюць фальшывыя коды грамадзянскіх авіялайнераў самалётам з наркотыкамі. Уласна, выкрытая прамая сувязь найвышэйшага генералітэта Венесуэлы з наркатрафікам і стварае запас трываласці для рэжыму — мужыкам проста няма куды падацца ў новым свеце пасля Мадуры акрамя як у турму.

8. Наркатрафік, кантрабанда атрыманага па дзяржзакупах у Калумбію і чорны рынак — тры кіты дабрабыту дзейснай эліты Венесуэлы. Нафта сёння — гэта паліва для тых самых дзяржзакупаў, а не спосаб узбагачэння эліт, як было да Чавеса. Грамадства вельмі спрасцілася і дэградавала. Эміграцыя вычысціла забяспечаных і адукаваных. Так, у кожнай еўрапейскай краіне ёсць праграма вяртання дахаты «венесуэльцаў» італьянскага, іспанскага, партугальскага, нямецкага паходжання. Тыя, каму няма куды вярнуцца, знаходзяцца ў сумежных дзяржавах большай часткай. Гэта значыць, ніякая змена ўлады сёння не вырашыць праблем краіны. Гэта важна разумець аптымістам. Але захаванне ўлады чавістамі не дае нават надзеі на рашэнне гэтых самых праблем.

9. Таму мой прагноз такі: перамога «апазіцыі» не дазволіць сфармаваць устойлівы эфектыўны ўрад і Венесуэлу чакае шмат узрушэнняў, гэта раз. І два, перамога чавістаў таксама не дазволіць разлічваць ім на стабільнасць і палітычнае даўгалецце. 25 мільёнаў чалавек жадаюць дзяржавы, святла, вады, медыцыны, больш за тое, у іх ёсць досвед жыцця ў дзяржаве, а сёння ў Венесуэле дзяржавы няма. І шанцаў, што яна з'явіцца ў творчым звязе Мадуры, які размаўляе з птушачкамі, і картэля Los Soles таксама няма. Дзе выйсце? Думаю, у другім-трэцім «пакаленні» вайскоўцаў — сённяшнія маёры і падпалкоўнікі, па-першае, не з'яўляюцца абвінавачанымі наркагандлярамі, як іх босы, па-другое, жывуць жыццём, хутчэй, звычайных венесуэльцаў, чым чавісцкай эліты. Менавіта яны і скажуць сваё слова. Калі не сёння, то ў перспектыве некалькіх гадоў.

10. Што ж датычыць фундатараў у патэнцыйна «белы сектар» эканомікі — у нафтанку, то ім важна разумець, што яны ў цяперашняй сітуацыі хутчэй закладнікі, чым рэальныя партнёры венесуэльскіх эліт. Нафта — гэта не заробак для іх, і нават не абяцанне заробку. Гэта, хутчэй, спосаб прымусіць хоць кагосьці весці з імі справы, ну і забеспячэнне валюты для дзяржзакупак усяго і ўсіх. Кітайцы — мяркуючы па рэзкім скарачэнні кантактаў і фіксацыі страт на венесуэльскім кірунку — гэта разумеюць. Для таго, каб венесуэльская нафта зноў стала цікавай і прыбытковай у стратэгічнай перспектыве краіне трэба праз шмат прайсці — спыніць інфляцыю, аднавіць базавыя функцыі дзяржавы, радыкальна абмежаваць злучэнне сілавікоў з наркатрафікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?