Беларуская міліцыя адсочвае аптэчкі са складоў і бамбасховішч часоў СССР. Як аказалася, у іх ёсць прэпараты, якія могуць выкарыстоўваць наркагандляры, піша газета «На страже».

Фота: МУС.

Фота: МУС.

У верасні мінулага года ў Мінску ў закінутым бамбасховішчы на ​​вуліцы Аэрадромнай міліцыянты знайшлі 180 старых індывідуальных аптэчак (АІ-2). Як аказалася, у іх быў псіхаактыўны прэпарат «Тарэн».

З 1979 года ён уваходзіў у наборы медыкаментаў абаронных і сацыяльных прадпрыемстваў. А выкарыстоўваўся як лякарства ад атручэнняў. 10 гадоў таму яго забаранілі і «Тарэн» трэба было знішчыць. Але, як аказалася, гэта патрабаванне выканалі не ва ўсіх выпадках.

Так у 2017 годзе ў Віцебску міліцыянты злавілі двух маладых людзей — у іх была партыя гэтага рэчыва, якога хапіла бы на сотні доз. Адзін з іх сказаў, што знайшоў прэпарат у старым бамбасховішчы.

Выяўлены пад зямлёй прэпарат праз вентыляцыйную шахту хлопец даставаў разам з 16-гадовым школьнікам. Затрыманыя таксама паведамілі пра іншыя падобныя месцы з «Тарэнам». Напрыклад, у бамбасховішчы фабрыкі «КІМ» міліцыя знайшла каля 10 000 таблетак.

А ў красавіку 2018 года ў поле зроку міліцыі трапіў жыхар Віцебскага раёна. У яго таксама захоўваўся «Тарэн». Мужчына заявіў, што не памятае, адкуль узялася старая аптэчка, а ў аптэчцы ён захоўваў рыбалоўныя кручкі. Экспертыза паказала, што мужчына наркотыкі не ўжывае.

У лістападзе гэтага ж года жанчына з вёскі Выгада перадала міліцыі 40 таблетак «Тарэна». Яны ляжалі ў яе ў гаражы ў старых аптэчках, якія засталіся ад папярэдняга гаспадара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0