Рэклама наркотыкаў на слупе каля ДАІ Маскоўскага раёна

Рэклама наркотыкаў на слупе каля ДАІ Маскоўскага раёна

Пасля артыкула Еўрарадыё пра рэкламу наркотыкаў вакол станцыі метро «Міхалова» ў Мінску камунальныя службы звярнулі ўвагу на праблему. Цягам дня супрацоўнікі «Мінсктранса» і «Мінгарсвятла» прыбіралі трафарэтныя надпісы.

Але зафарбаваць усе надпісы ў камунальных службаў не атрымалася. Раніцай 28 студзеня іх можна знайсці на кіёсках, на слупе насупраць аддзела ДАІ УУС Маскоўскага раёна і на трансфарматары проста ля школы №145 па вуліцы Алібегава.

«Мы знайшлі яшчэ штук 30 [трафарэтаў], — не хавае начальнік аддзела гарадской гаспадаркі Адміністрацыі Маскоўскага раёна Ігар Чарнецкі. — Нават на дзвярах пад'ездаў ад рукі напісаныя гэтыя аб'явы. Мы ўвесь час шукаем, зафарбоўваем гэтыя надпісы, а яны зноў з'яўляюцца. Уся вуліца Рафіева ў іх была! Як толькі знаходзім надпісы — адразу паведамляем і зафарбоўваем».

«Мінгарсвятло» прыбірае надпісы з ліхтарных слупоў, «Мінсктранс» — з апораў тралейбуснай лініі, «Гаррамаўтадар» — з прыпынкаў. Але хто прыбярэ надпісы з кіёскаў і трансфарматараў? Колькі яшчэ гарадскіх службаў трэба падключыць і скаардынаваць, каб прыбраць рэкламу наркотыкаў з мінскіх вуліц?

У сваю чаргу, міліцыя займаецца пошукам таго, хто пакідае аб'явы. У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама Еўрарадыё расказалі, што вынікі праверкі хутка будуць апублікаваныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?