Па сюжэце камандзір экіпажа танка «Т-34» Мікалай Івушкін і механік-кіроўца Сцяпан Васілёнак (якраз беларус) трапляюць у нямецкі палон.

У лагеры немцы прыдумляюць сваім курсантам новы від трэніроўкі: вучыцца страляць з «Пантэр» па жывых мішэнях — танках з палоннымі. Івушкін вырашае, што падчас адной з такіх трэніровак ён разам з экіпажам збяжыць на іх танку. Далей — без спойлераў. Паглядзіце вось тызер.

Беларускі гісторык Віталь Еўмянькоў паглядзеў сагу пра вайну цалкам і застаўся незадаволены тым, што беларус у гэтым фільме паказаны як «чалавек, які не мае ўласнага меркавання, працавіты і прыдатны да выканання загаду».

Зачапіла яго і тое, што перамога ў выніку робіцца рукамі беларуса і рускага, без украінца, які адразу ж загінуў. «На мой погляд, гэта відавочная маніпуляцыя, расійскаму гледачу як бы навязваецца меркаванне: усё, мы больш не маем пры сабе сярэдняга брата, ёсць толькі малодшы брат. Няхай нязграбны, няхай не заўжды зразумелая яго мова. Але брат!» — робіць выснову гісторык.

Мы звязаліся з акцёрам Віктарам Дабранрававым, які ў фільме граў беларуса, і папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі ад яго персанажа. 

Віктар Дабранраваў у вобразе механіка-кіроўцы Васілёнка.

Віктар Дабранраваў у вобразе механіка-кіроўцы Васілёнка.

«Мне сумна чытаць падобныя водгукі. На мой погляд, гэта непаўнацэнная пазіцыя. Падаецца, гэты чалавек так у цэлым глядзіць на свет, гэта яго бачанне рэчаіснасці. Дык, можа, варта яго змяніць?

Такімі непаўнацэннымі пазіцыямі славяцца краіны Прыбалтыкі. Мне б не хацелася думаць, што шмат такіх настрояў ёсць і ў роднай Беларусі.

Мой персанаж зусім іншы: ён моцны, сапраўдны. Ён добры і магутны — падобныя якасці закладваліся ў гэтага героя. А тое, што ён салдат і падпарадкоўваецца камандзіру, — гэта нармальна, гэта закон службы.

Моманты са здымкаў.

Без лішняй сціпласці, мільёны людзей, якія ўжо ўбачылі гэты фільм, убачылі ў яго героях прыклады подзвігу, мужнасці і непадробных, сапраўдных рэчаў. Тое, чым можна ганарыцца і з чаго варта браць прыклад.

Што тычыцца думкі, што ў фільме былі закранутыя адносіны Расіі і Украіны… Ведаеце, вялікі мастак не глядзіць навіны і не робіць нешта на злобу дня. Напісанне сцэнарыя, вытворчасць і поствытворчасць фільма — гэта вельмі працяглы працэс. Праца над стужкай агулам заняла шэсць год. Вось і палічыце: усё пачыналася да ўсіх украінскіх падзей.

Сапраўднае кіно павінна аб’ядноўваць, натхняць і адукоўваць. Мне здаецца, усе тры складнікі ў «Т-34» ёсць. І той, хто захоча, знойдзе там іх, а не палітыку».

Віктар Дабранраваў запэўнівае, што вельмі любіць Беларусь:

«Мы шмат праектаў здымалі ў Мінску. Неяк я наведваў «Славянскі базар у Віцебску». Беларусь — вельмі прыгожая, прыязная краіна з цудоўнымі людзьмі. У мяне там жыве шмат знаёмых і сяброў. І нам, людзям, перш за ўсё трэба думаць пра чалавечыя стасункі, а не пра палітыку. Палітыка — гэта зло».

Каб яго персанаж, беларус Сцяпан Васілёнак, праўдзіва размаўляў у фільме на трасянцы, акцёр разбіраў увесь сцэнарны тэкст са сваім беларускім сябрам, а таксама глядзеў беларускае тэлебачанне: «Я слухаў мелодыку беларускай мовы і спрабаваў яе вывучыць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?