29.01.2019 / 15:29

Гулец зборнай Украіны перайшоў у газпрамаўскі «Зеніт». Як такое стала магчымым? 11

29-гадовы ўкраінец Яраслаў Ракіцкі падпісаў кантракт на 3,5 года з піцерскім «Зенітам». Да гэтага ў біяграфіі футбаліста быў усяго толькі адзін клуб — данецкі «Шахцёр», за які ён правёў больш за трыста гульняў.

Ва Украіне, вядома, такі трансфер не ўспрынялі з энтузіязмам. На Ракіцкага ляціць досыць шмат крытыкі. Але самім пераходам у клуб «Газпрама» там мала хто здзівіўся. А чаму так?

Сам Ракіцкі з гарадка Першатравеньск Днепрапятроўскай вобласці. У абласным цэнтры, Дняпры, жывуць і бацькі гульца. У трынаццаць гадоў ён трапіў у школу данецкага «Шахцёра», дзе прайшоў усе прыступкі сталення.

Ракіцкі — цэнтральны абаронца. Адзін з найбольш надзейных у сваім амплуа на постсавецкай прасторы. Здаецца, Украіна павінна толькі радавацца такому выканаўцу, але не ўсё так проста.

І хаця Ракіцкі правёў звыш пяцідзесяці матчаў за нацыяльную зборную Украіны, але балельшчыкі ўсё адно заставаліся ім незадаволеныя.

Справа ў тым, што Ракіцкі прынцыпова ніколі не выконвае нацыянальны гімн Украіны. А яшчэ не трымае руку на сэрцы, калі ён выконваецца. Натуралізаваныя бразільцы трымаюць, а Ракіцкі — не.

«Я ведаю словы гімна, але не спяваю. Проста так не спяваю. Настройваюся на матч, каб паказаць найлепшую гульню», — казаў ён.

Дае падставу для размоваў Ракіцкі і іншымі ўчынкамі. Напрыклад, ён ніколі не выказваўся ў падтрымку ўкраінскіх салдатаў, якія ваююць на ўсходзе краіны. Затое аднойчы лайкнуў са свайго акаўнта ў інстаграме парад у гонар чарговай гадавіны «ДНР». Калі пра гэта пачаліся размовы, то «падабайку» футбаліст выдаліў.

Іншы гулец данецкага «Шахцёра» Андрэй Пятаў у свой час увогуле фоткаўся з сепаратыстамі з георгіеўскімі стужкамі. Трэнера зборнай Андрэя Шаўчэнку нават прасілі не выклікаць гэтых футбалістаў у стан зборнай.

Ракіцкі вельмі любіць родны Данецк. Ён набівае на скуры татуіроўкі з выявай горада. А пасля перамог піша: «Данбас, ты ў нашых сэрцах, гэтыя перамогі дзеля вас».

У сацыяльных сетках футбаліст Ракіцкі можа павіншаваць жыхароў Данецка з Днём шахцёра, затое заўсёды ігнаруе афіцыйныя ўкраінскія святы. Ездзіў на адпачынак у Крым ужо пасля акупацыі паўвострава.

Летась пасля гульні «Шахцёра» і кіеўскага «Дынама» адзін з балельшчыкаў кіяўлян выскачыў на поле і ўдарыў Ракіцкага. Той адрэагаваў спакойна: «Гэта балельшчыкі, гэта нармальна. Я прапанаваў яму выйсці адзін на адзін, але той адмовіўся».

Калі ўжо стала вядома пра пераход у «Зеніт», то фанаты «Шахцёра» напісалі ў сваім твітары: «Рак [мянушка Ракіцкага — «НН»], выбар не ўхваляем. Але дзякуй за прыцэлы, оптыку, спальнікі і другія рэчы, дзякуй!» Ясна, што ніякай дапамогі байцам АТА Ракіцкі не аказваў.

Цяпер заўзятары спрачаюцца, ці варта Ракіцкага далей выклікаць пад сцягі зборнай. Зрэшты, ці паедзе сам Яраслаў.

Зміцер Панкавец

159
вася чэсных / Адказаць
29.01.2019 / 15:54
Все просто, у Ярослава полно родственников в Донецке и он в курсе, что там реально происходит - от них, а не от укр."незалiжных"СМИ.
22
Электробус / Адказаць
29.01.2019 / 15:58
Менавіта так і выглядае рэалізацыя пранцыпу «чамадан, вакзал, ...!»
23
Niemand / Адказаць
29.01.2019 / 16:10
Ён заўжды быў баваўнянай каларадай. І паехаў да яшчэ аднаго такога ж вырабу № 2 - Тимощука. Затухнуць у іжорскай багне - лагічны фініш для такіх "хвутбалёраў".
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру