30-31 сакавіка Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) запрашае беларускіх старшакласнікаў на вясновыя Дні адчыненых дзвярэй у Вільні. Сустрэча адбудзецца ў новым навучальным корпусе ЕГУ — у будынку Аўгустынскага кляштара ў Старым горадзе Вільні.

На Днях адчыненых дзвярэй абітурыенты і іх бацькі даведаюцца пра новыя і абноўленыя бакалаўрскія праграмы: «Візуальны дызайн», «Еўрапейская спадчына», «Медыя і камунікацыя», «Сусветная палітыка і эканоміка», а таксама аб праграме бесперапыннага навучання «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза».
Удзельнікі Дзён адчыненых дзвярэй пазнаёмяцца з выкладчыкамі, студэнтамі і выпускнікамі ЕГУ, змогуць задаць пытанні пра паступленне, стыпендыі і праграмы абмену, а таксама здаць уступныя іспыты ва ўніверсітэт.
Пры рэгістрацыі да 3 лютага ЕГУ аказвае бясплатную візавую падтрымку выключна для навучэнцаў школ і каледжаў, а таксама слухачам курсаў цэнтра «Прапілеі» (Мінск).
Зарэгістравацца на Дні адчыненых дзвярэй у Вільнюсе вы можаце ўжо зараз па спасылцы.
Рэгістрацыя на экзамены без візавай падтрымкі — да 20 сакавіка.
Праграма Дзён адчыненых дзвярэй
30 сакавіка (субота) пройдзе выстава навучальных праграм ЕГУ, профільныя сустрэчы абітурыентаў з выкладчыкамі, студэнтамі і адміністрацыяй. Абітурыенты таксама возьмуць удзел у спецыяльным варкшопе «Я (не) гуманітарый» і змогуць здаць уступны іспыт па англійскай мове.
31 сакавіка (нядзеля) пройдуць уступныя экзамены па эсэ і кампазіцыі. Атрыманыя вынікі абітурыенты могуць выкарыстоўваць пры паступленні ў ЕГУ ў 2019 годзе.

Абноўленыя праграмы ЕГУ і магчымасці навучання ў Вільні
У 2019 годзе ЕГУ прапануе гранты для поўнага ці частковага пакрыцця кошту навучання, а таксама стыпендыі для студэнтаў з Беларусі і іншых краін.
У межах навучання на абноўленых праграмах ЕГУ студэнты будуць рэгулярна працаваць над асабістым прафесійным і акадэмічным партфоліа, якое дазволіць ім прайсці практыку ў прэстыжных міжнародных арганізацыях, а таксама значна павялічыць магчымасці на рынку працы пасля завяршэння навучання.
Навучанне на праграмах «Візуальны дызайн» і «Еўрапейскае спадчына» грунтуецца на звароце да артэфактаў еўрапейскай культуры. Паводле навучальнага плану студэнтам прапануецца ўдзел у палявых школах у гарадах, якія адносяцца да фарміравання еўрапейскай інтэлектуальнай традыцыі: Вільня, Санкт-Пецярбург, Фларэнцыя і Афіны. На працягу кожнага году навучання студэнты будуць працаваць над асабістым праектам, які прысвечаны асноўным гарадам палявой школы.
Праграмы навучання спецыялізацый «Медыя і камунікацыя», «Сусветная палітыка і эканоміка» і «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза» грунтуюцца на звароце да праблематыкі сацыяльных трансфармацый у Беларусі і рэгіёне праз прызму еўрапейскай інтэлектуальнай традыцыі.
Спалучаючы курсы агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі з перадавымі профільнымі дысцыплінамі ад спецыялістаў-практыкаў, праграмы фарміруюць рознабаковых прафесіяналаў, якія атрымліваюць міжнароднае прызнанне і шырокія магчымасці ў кар'ернай сферы.

З 2019 года ЕГУ становіцца больш адкрытым і актыўна развівае міжнародную арыентацыю. Ва ўніверсітэт прыцягваюцца замежныя студэнты і выкладчыкі з краін Еўропы і ЗША. Акрамя таго, фокус у сістэме ацэнкі вынікаў студэнтаў змяшчаецца з адзнак за працу ў навучальных курсах да практычных дасягненняў навучэнцаў.
У новым навучальным годзе студэнты, якія прадэманструюць высокія вынікі праз рэалізацыю асабістых акадэмічных і творчых праектаў, змогуць атрымаць грант на навучанне ці стыпендыю.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт — адзіны беларускі ўніверсітэт, які ажыццяўляе сваю дзейнасць у межах еўрапейскай інтэлектуальнай традыцыі і кіруецца прынцыпамі ліберальнай адукацыі. Навучанне ў ЕГУ ажыццяўляецца па мадэлі свабодных мастацтваў (англ. Liberal arts), што дазваляе максімальна раскрыць крэатыўны і акадэмічны патэнцыял студэнтаў, развіць адаптыўнасць і навыкі крытычнага мыслення. Навучальны працэс праграмы агульнаўніверсітэцкай падрыхтоўкі ЕГУ грунтуецца на калектыўнай працы студэнтаў і выкладчыкаў. Акрамя класічных лекцый, студэнты ўцягнутыя ў такія сучасныя формы вучэбнай дзейнасці, як сімпозіумы, цьютараты, канферэнцыі, семінары, індывідуальныя кансультацыі і анлайн-заняткі.
Каментары