Куінджы. Ай-Петры. Крым

Куінджы. Ай-Петры. Крым

Гісторыя ўкраінца, які скраў з Траццякоўскай галерэі карціну «Крым» Архіпа Куінджы, мяне агаломшыла літаральным узнаўленнем таго, што ўжо аднойчы адбылося. З творам Леанарда да Вінчы. І пры ўдзеле пакрыўджанай італьянскай нацыянальнай годнасці.

Здаецца, расійскія СМІ перасталі акцэнтаваць, што чалавек, які здзейсніў крадзеж, 32-гадовы Дзяніс Чупрыкаў, ёсць ураджэнцам Сімферопаля, менавіта каб прыбраць усе непажаданыя асацыяцыі. Бо гэтую гісторыю можна прачытаць так: Расія «вярнула ва Украіны» Крым. Тады крымчанін (жыве ў Маскве з 2013-га года) вырашыў «вярнуць у Расіі» Куінджы.

Вы ведаеце, як Джаконда стала Джакондай? Любы гісторык мастацтва вам распавядзе, што па стане на канец ХІХ стагоддзя Леанардава «Мона Ліза» лічылася адным з найменш цікавых твораў калекцыі Луўра. У яе быў караценькі ўсплёск папулярнасці, калі Напалеон канфіскаваў яе і вывесіў у сваёй спачывальні, але пасля вяртання ў музей пра шэдэўр да Вінчы збольшага забыліся: карціна вісела счарнелая, а галоўным сваім здабыткам Луўр лічыў «Узнясенне Марыі» Мурыльё.

І вось прыйшоў 1911-ы год, і Джаконду скралі. У гісторыкаў медыя ёсць версія, што знікненне Джаконды было першай медыйнай сенсацыяй у сучасным разуменні гэтага слова: нават гібель «Тытаніка» ў 1912-м годзе не здолела адвесці ўвагу газет ад пытання, хто забіў Лору Палмер, хто сцібрыў Мону Лізу.

Бо карціну проста вынеслі з залы музея. Нехта абгарнуў яе анучай і збег праз службовыя дзверы. Пра Джаконду пісалі газеты, яе рэпрадукцыі цягам месяцаў зноў і зноў змяшчалі на вокладку часопісы. Пачаўся хайп, як цяпер кажуць. «Мона Ліза» раз і назаўсёды зрабілася самым вядомым творам Леанарда.

Але самае цікавае пачалося праз два гады. Калі да дырэктара італьянскай галерэі Уфіцы прыйшоў нейкі шпундзік па імені Вінчэнца Перуджа і прапанаваў узяць у калекцыю сапраўднага Леанарда. Агледзеўшы прапанову, галерыст пазнаў у карціне «Мону Лізу». Перуджа арыштавалі, Джаконду ж пусцілі ва ўрачыстую вандроўку па Італіі. Бо, вы ведаеце, Леанарда да Вінчы — італьянскі мастак. І што тая Джаконда рабіла ў Парыжы — асобная тэма для размовы. Дык вось. Перуджа пасадзілі. Але вельмі сімвалічна. На 6 месяцаў. І, як ён казаў пазней у інтэрв’ю, ніколі яшчэ ён не еў так смачна, як у той вязніцы. Бо суайчыннікі гатавалі яму раскошныя пачастункі, а ўдзячныя вертухаі з задавальненнем перадавалі іх герою.

Праз 6 месяцаў Перуджа выйшаў і зрабіўся нацыянальнай іконай. Ён распавядаў, што ставіў мэтай вярнуць Мону Лізу дадому, адкуль яе «забраў Напалеон».

Напалеон сапраўды прысабечыў шмат італьянскіх (і не толькі італьянскіх) шэдэўраў падчас сваіх войнаў, але што да Моны Лізы — тут яўны паклёп. Перуджа памыляўся: гэтую карціну сам італьянскі мастак падарыў французскаму каралю Францыску, так што яе жыццё ў Парыжы было цалкам «законным».

Але ж для нацыі, што адчувала сваю пакрыўджанасць суседзямі, усе гэтыя падрабязнасці былі неістотнымі. Напалеон — зламыснік, Перуджа — герой. І гэта яшчэ Італія і Францыя не знаходзіліся ў стане вайны!

А зараз вернемся да сітуацыі з «Крымам» Куінджы. І на секунду дапусцім, што Дзяніса Чупрыкава не паспелі арыштаваць і ён здолеў праз адсутную мяжу з усходам Украіны завезці палатно ў Кіеў. Нават калі б яго, як і Перуджа, вырашылі сімвалічна асудзіць за крадзеж (штраф? папярэджанне?), статус нацыянальнага героя яму быў бы забяспечаны. «Яны забралі ў нас Крым — мы забралі ў іх «Крым», — магу ўявіць сабе такую назву адмысловай выставы ў прэзідэнцкім палацы.

Італьянец Перуджа быў шкляным майстрам, меў кантракт з Луўрам і таму добра ведаў усе ўваходы і выхады. У выпадку з Трацякоўкай — выглядае — «Крым» здолеў знесці проста з экспазіцыі чалавек, які ніякіх інсайдаў не ведаў. Перуджа ўсяму свету прадэманстраваў пранырлівасць італьянцаў і няўважлівасць французаў (пасля крадзяжу ахоўнікі Луўра гадзіну адмаўляліся ўздымаць трывогу, бо сцвярджалі, што карціну не маглі проста знесці, што яе забралі для афіцыйнага фатаграфавання). Тое самае зрабіў і Чупрыкаў — праз дзеянні якога ўсе экспанаты Трацякоўкі цяпер праходзяць тэрміновае чыпаванне.

Цікава, як адны і тыя ж сюжэты паўтараюцца амаль у тыя ж гады з розніцай у стагоддзе! З іншага боку, пакуль ёсць войны, будзе і розная — у тым ліку вось такая крэатыўная — рэакцыя на іх. А лепей нам — ні першага, ні другога!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?