Кадзуа Ісігура. Не адпускай мяне

Пераклад з англійскай Ганны Янкуты.

«Не адпускай мяне» — раман вядомага брытанскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2017 года Кадзуа Ісігура. Паводле версіі аўтарытэтнага часопіса «Time», увайшоў у лік ста найлепшых англамоўных раманаў за апошняе стагоддзе.

У элітнай школе-інтэрнаце Хэйлшэм выхоўваюцца дзеці, у якіх па-за яго сценамі нікога няма. А ёсць багатая Мадам, якая і апякуецца Хэйлшэмам. Толькі школа аказваецца незвычайнай: у ёй гадуюць донараў органаў для хворых людзей. І выхаванцы — зусім не простыя дзеці…

Раман «Не адпускай мяне» выйшаў у нобелеўскай серыі «Noblesse Oblige». Раней пабачылі свет «Стамбул» Архана Памука, «Каханне падчас халеры» Габрыеля Гарсіі Маркеса, «Смерць у Венецыі» Томаса Мана.

Анджэй Малешка. Чырвонае крэсла

Пераклад з польскай Марыны Шода.

Аповесць з цыклу бестселераў «Магічнае дрэва».

Незвычайныя прыгоды, небяспечныя здарэнні і магічныя пераўвасабленні… Мост са святла і вялізная цунамі. Лятаючы дом, гіганцкі леў і сто зачараваных сабачак! Чароўная гісторыя пра крэсла, якое выконвае любыя жаданні. І добрыя, і кепскія…

Гэтая аповесць атрымала ў Польшчы самыя прэстыжныя прэміі для маладых чытачоў і да гэтых пор б’е рэкорды па продажах.

Серыя кніг «Магічнае дрэва» стала асновай для сусветна вядомага цыклу падлеткавых фільмаў, які атрымаў за фантазію, мудрасць і гумар у ЗША прэстыжную прэмію «Эмі».

Анджэй Малешка — рэжысёр, аўтар кніг і кінасцэнарыяў. Ён атрымаў мноства ўзнагарод на міжнародных фестывалях. Яго творы насычаны фантастычнымі прыгодамі і адначасова яны адказваюць на важныя пытанні.

 

Джэйн Остэн. Пыха і перадузятасць

Пераклала з англійскай Ганна Янкута.

«Пыха і перадузятасць» — другі раман англійскай пісьменніцы Джэйн Остэн (1775—1817), які выйшаў у 1813 годзе, адзін з самых папулярных у свеце твораў англійскай літаратуры. Паўплываў на развіццё жанру любоўнага рамана і зрабіўся адным з самых яркіх яго ўзораў. Вылучаецца непаўторнай остэнаўскай іроніяй і можа лічыцца энцыклапедыяй жыцця дробнапамеснага англійскага дваранства на мяжы ХVІІІ і ХІХ стагоддзяў.

 

Рамэн Гары. Абяцанне на досвітку

Пераклад с французскай Вольгі Колас.

Праўдзівая гісторыя ад аднаго з найлепшых французскіх раманістаў другой паловы 20 стагоддзя. Імя, ахутанае легендамі і містыфікацыямі. Адзіны пісьменнік, які двойчы атрымаў Ганкураўскую прэмію — самую прэстыжную літаратурную ўзнагароду ў Францыі.

Рамэн Гары згадвае сваё дзяцінства ў Вільні і Варшаве, юнацтва ў Ніцы, маладосць у Афрыцы і Англіі падчас Другой сусветнай вайны. Ён робіць усё, каб выканаць абяцанне і апраўдаць матчыну самаахвярнасць і бязмежную любоў. Маці верыла, што аднойчы ейны сын будзе французскім амбасадарам, кавалерам Ордэна Ганаровага легіёна, знакамітым пісьменнікам. Усе прароцтвы здзейсніліся.

 

Зміцер Вішнёў. Калі прыгледзецца — Марс сіні

Пасля васьмігадовага перапынку Зміцер Вішнёў напісаў новы вялікі празаічны твор, якому наканавана стаць сенсацыяй. Ягоны «антыраман» — сапраўдны гімн свабодзе. Паралельныя сусветы рушаць хвалямі — у гэтым варыве ўзнікаюць сілуэты: капітана Барады, Майкла Крывога, Сталіна, Дон Кіхота, Пінокіа, Карлсана, гномаў і таемных курдупеляў. Аўтар лавіруе паміж гандляром, фокуснікам і арбітрам, вядзе бясконцы дыялог з галавой, цешыцца і плюхаецца ў космасе сваіх пачуццяў.

 

Іда Ліндэ. Паехаць на поўнач, каб памерцi.

Пераклад са шведскай Наталлі Паваляевай.

Падзеi рамана вядомай шведскай пісьменніцы Iды Лiндэ «Паехаць на поўнач, каб памерцi» разгортваюцца ў паўночнай Швецыi Ён пачынаецца як крымiнальная драма з варыяцыяй класiчнага сюжэта пра Бонi i Клайда — i працягваецца як фiласофскае разважанне пра ролю выпадку ў нашым жыццi; пра тое, што трагедыя можа зламаць чалавека, а можа надаць яму сiлы пачаць «новую эру» у сваiм жыццi.

Усе выданні цягам бліжэйшага тыдня можна набыць толькі ў выдавецкай інтэрнэт-кнігарні.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру