02.02.2019 / 12:51

Хлопцы з глыбінкі Палесся, якія зляпілі мегаснегавіка з «Пагоняй», расказваюць пра выклікі на «размовы» 39

Снегавік і яго аўтары

Хлопцы з вёскі Глушкавічы, якія зляпілі 5-метровага снегавіка з бела-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоняй», распавядаюць пра выклікі ў міліцыю. Непаўналетніх выклікалі на размову ў школу — з бацькамі.

Віктар Снягур, які раніцай 1 лютага распавядаў Еўрарадыё пра снегавіка, кажа, што таксама атрымаў выклік у Лельчыцкі РАУС — «на размову». Ён не пагадзіўся прыйсці. Але некаторыя (усяго над снегавіком працавалі 8 чалавек) вырашылі не адмаўляцца ад запрашэння.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, хлапцоў выклікалі да начальніка крымінальнага вышуку Лельчыцкага РАУС: «Спыталі, што яны маюць супраць улады і навошта прымацавалі сцяг. Хлопцы адказалі, што гэта нацыянальная сімволіка, і яны вырашылі ёю ўпрыгожыць снегавіка. Гэта была не акцыя пратэсту ці яшчэ нешта. Тады Сакалоўскі [часовы выканаўца першага намесніка Лельчыцкага РАУС] сказаў, што пытанняў няма: «Напішыце тлумачальную». Хлопцы напісалі, то бок растлумачылі, што гэта не палітычная акцыя.

Старшыня сельсавета Васіль Коваль паўтараў, што «гэта не беларускі сцяг, а сцяг БНР», а хлопцы кажуць: «А БНР гэта што — не Беларусь? Гэты сцяг бо быў у нас у пачатку 1990-х, да адмены». Коваль, мабыць, не ведаў гэтага.

У сваю чаргу непаўналетніх хлопцаў выклікалі з бацькамі ў школу. Там мясцовыя настаўнікі сталі сварыцца на бацькоў і дзяцей, маўляў, гэта забаронены сцяг і нас могуць за гэта звольніць. Маўляў, што вы робіце, гэта не наш сцяг! Бацькі ім патлумачылі, што гэты герб адносіцца да гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і нават размешчаны на гербах шэрагу беларускіх гарадоў. Але ў школе гэтага не распавядаюць дзецям».

У дзяжурнай частцы Лельчыцкага РАУС Еўрарадыё не пацвердзілі, што сёння каго-небудзь з жыхароў вёскі Глушкавічы затрымлівалі, дастаўлялі ці запрашалі «на гутарку».

5-метровы снегавік з гістарычнымі беларускімі сцягам і гербам з’явіўся 31 студзеня на прыватным падворку ў вёсцы Глушкавічы Лельчыцкага раёна. На тое, каб зляпіць яго, спатрэбілася тры дні. Фота са снегавіком і яго аўтарамі стала вірусным.

1
хамса / Адказаць
02.02.2019 / 13:08
які ж вялікі! малайцы
2
paleshuk / Адказаць
02.02.2019 / 13:10
Малайцы, хлопцы!
5
Axel Justas / Адказаць
02.02.2019 / 13:33
Прабачце, а з чаго расейскі 'прататып' зроблены? Нешта ў мяне недобрыя падазрэнні, і колер падобны...
Паказаць усе каментары/ 39 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру