З 17 чэрвеня пачынаюцца беларуска-расейскія вучэньні.
Для многіх мужчын летні адпачынак распачнецца з вайсковых ботаў, формы і рыштунку. З 17 чэрвеня на Даманаўскім палігоне і каля Дзераўной пачынаюцца беларуска-расейскія вучэньні «Шчыт Саюзу – 2006».
Прызыў рэзэрвістаў распачнецца ўжо 12 чэрвеня, і найбольшы цяжар прыпадзе на Бярозаўскі раён, хаця асобных небаракаў з адмысловымі прафэсіямі пабяруць і зь іншых раёнаў.
Таму многім гэтым летам давядзецца адпачываць не на лецішчы ці ў вёсцы, а капаць акопы, поўзаць ды аднаўляць забытае майстэрства шыхтаваньня і маршыраваньня. Вучэньні працягнуцца да 25 чэрвеня.
Усяго ў вучэньнях чакаецца ўдзел шасьці беларускіх верталётаў і 23 самалётаў, з Расеі прылятуць 6 верталётаў і 13 самалётаў.
Дасюль невядома, ці прыедуць на вучэньні кіраўнікі дзяржаваў – Пуцін і Лукашэнка. На баранавіцкім аэрадроме пасьпешна наводзяць парадак – фарбуюць, ламаюць, будуюць.
Ужо сам факт запрашэньня Пуціна на вучэньні можна расцэньваць як посьпех эканамічнага шантажу Масквы. Узамен за эканамічную падтрымку Беларусь дэманструе гатоўнасьць і надалей ісьці ў фарватэры расейскай палітыкі.
Руслан Равяка, Баранавічы