Аляксандр Лукашэнка 4 лютага сустрэўся з кіраўніком Пагранічнага камітэта Анатолем Лапо. Прысутнічалі таксама кіраўнік Рады бяспекі Станіслаў Зась і памочнік па бяспецы Віктар Лукашэнка. 

На сустрэчы Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржграніцы органамі пагранічнай службы ў 2019 годзе

Асноўны момант, які звяртае на сябе ўвагу, гэта тое, што будзе павялічана колькасць пагранічнікаў. 

«З улікам павелічэння негатыўных фактараў, звязаны з незаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай (асабліва зброі), перад Дзяржпагранкамітэтам пастаўлена задача павялічыць да неабходнага штатную колькасць. Беспрэцэдэнтны крок, але нацыянальная бяспека — найважнейшы фактар», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА. 

Таксама Лукашэнка запатрабаваў прыняць вычарпальныя захады па павелічэнні і стварэнні новых падрадзяленнях граніцы. 

«Асабліва тое, пра што мы з вамі дамаўляліся — узнаўленне ці ўзмацненне манеўраных груп. Гэта тыя групы, якія знаходзяцца заўсёды ў рэзерве кіраўнікоў пагранічных атрадаў і ў лічаныя хвіліны высоўваюцца ў кірунку імавернага руху праціўніка, калі там абвастрэнне сітуацыі», — працягве цытату афіцыйнае агенцтва. 

Такім чынам, можна вылучыць прынамсі два важныя — з ліку публічна зробленых — меседжы.

Першы ў тым, што будзе мадэрнізавацца інстытут пагранічнай службы. Можна падумаць, што гаворка ідзе не толькі пра стварэнне новых падраздзяленняў, якія не з'яўляліся ўжо вельмі даўно, але і пра рэканструкцыю, напрыклад, пунктаў пропуску. Якія будаваліся яшчэ за савецкім часам, адпаведна — і нагрузкі на іх разлічаныя былі згодна з тымі нагрузкамі, калі мала хто выязджаў і мала хто прыязджаў, параўноўваючы з сённяшнім днём. 

Можна меркаваць, што ўдала скончыўся эксперымент па навучанні мытнікаў у Інстытуце пагранічнай службы, і таму вырашана перакласці на іх частку функцый пагранічнікаў у прапускных пунктах, а вызваленыя рэсурсы накіраваць на заставы. 

Другі ж істотны момант у тым, што, як выглядае, манеўраныя падраздзяленні змогуць дзейнічаць побач з расійскай граніцай нават без стварэння адмысловай пагранічнай інфраструктуры.

Гаворка ідзе пра мабільныя групы, якія Лукашэнка прапануе «аднавіць», як у СССР. Іх функцыяй у СССР было высунуцца ў раён меркаванага прарыву граніцы і ўтрымліваць яго да падыходу войска. 

Вядома, у сучасных беларускіх рэаліях у іх будуць пераважна іншыя задачы — агучваецца небяспека наркатрафіку, кантрабанды зброі і гэтак далей.

З граніцамі Расіі судакранаюцца два пагранічныя атрады — Полацкі і Гомельскі. Пакуль не агучваецца, дзе канкрэтна будуць базавацца ўзмоцненыя манеўраныя групы, але можна падумаць, што Гомельская і Полацкая зоны без іх не застануцца.

Стварэнне паўнавартаснай граніцы ў дадзены момант малаімаверна па некалькіх прычынах, першая з якіх — палітычная. Ну і, зрэшты, гэта проста дорага: узяць пад ахову амаль 1300 кіламетраў граніцы вымагае каласальных грашовых выдаткаў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?