Улады сталіцы адмовіліся ад запланаванага раней зносу прыватных дамоў у Сельгаспасёлку, піша Tut.by

Сельгаспасёлак знаходзіцца ў Савецкім раёне Мінска. Ён размешчаны ў раёне вуліц Бяды, Някрасава, Халтурына і Алешава. Тут у асноўным знаходзіцца прыватны сектар.

Фота Аляксандра Васюковіча

Фота Аляксандра Васюковіча

І калі заходнюю частку пасёлка з добрымі дамамі і пасольствамі вырашылі захаваць раней, то над усходняй часткай некалькі гадоў таму навісла рэальная пагроза зносу.

Усходняя частка Сельгаспасёлка, над якой навісла пагроза зносу. Малюнак: «Яндэкс. карты»

Усходняя частка Сельгаспасёлка, над якой навісла пагроза зносу. Малюнак: «Яндэкс. карты»

Так, у 2015 годзе на гэтую тэрыторыю прынялі праект дэталёвага планавання (ПДП), згодна з якім з 881 дома трэба захаваць толькі 281. Астатняе — пад знос для будаўніцтва шматпавярховікаў, школы, дзіцячых садкоў і развіцця вулічна-дарожнай сеткі. Мясцовыя ў большасці сваёй выступілі катэгарычна супраць такіх пераменаў, але тады гэта нічога не змяніла.

Але ў канца 2018 года ініцыятыўная група жыхароў Сельгаспасёлку выйшла на новага старшыню Мінгарвыканкама Анатоля Сівака і ўзняла пытанне захавання сядзібнай забудовы. Ён не раз выязджаў на месца, сустракаўся там з людзьмі і слухаў іх довады.

Па выніках сустрэч у Менгарвыканкаме прынялі рашэнне не чапаць прыватны сектар у Сельгаспасёлку і прыняць новы ПДП на гэтую тэрыторыю.

— Бо ў горадзе можа быць разнапланавая забудова, у тым ліку і сядзібная. Галоўнае пытанне — у камфортнасці асяроддзя. І калі ў Сельгаспасёлку людзі самі могуць стварыць камфортнае асяроддзе, то іх не трэба мучыць, а трэба даць ім гэтую магчымасць, - кажа галоўны архітэктар Мінска Павел Лучыновіч.

Праўда, гэта рашэнне ўжо не ўратуе 29 прыватных дамоў у межах вуліц Бяды - 1-й Пасялковай - Усходняй і 1-й Базіснай, якія пойдуць пад знос па выніках снежаньскага аўкцыёну. Тут з'явяцца апошнія шматпавярховікі Сельгаспасёлка.

А ўвогуле ж, з прыходам новага старшыні Мінгарвыканкама ўся палітыка па прыватным сектары ў сталіцы будзе пераглядацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?