У Куала-Лумпуры затрымалі двух расейцаў пасля шматлікіх скаргаў на выступ, падчас якога яны круцілі на руках і падкідвалі ўгору чатырохмесячную дачку. Відэа з гэтым выпадкам з'явілася ў фэйсбуку. Паліцыя палічыла, што дзеянні бацькоў небяспечныя для жыцця дзіцяці, піша «Коммерсант».

Затрыманыя паведамілі паліцэйскім, што прыбылі ў сталіцу Малайзіі з Тайланда, дзе ладзілі падобныя прадстаўленні. Затрыманымі аказаліся расійскія вандроўцы Міхаіл Бандарук і Кацярына Шыхманава, ім 28 і 27 гадоў. Са слоў іх знаёмай, пара вядзе «альтэрнатыўны лад жыцця» і займаецца з дачкой «дынамічнай гімнастыкай».

Яны падарожнічаюць па Азіі, займаюцца ёгай, сілкуюцца толькі садавінай, заўсёды ходзяць басанож, не ўжываюць наркотыкі. Міхаіл — музыкант, яго жонка — мастачка.

Малайзійская паліцыя пакуль не завяршыла расследаванне. Па мясцовым законе, бацькам пагражае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 20 тысяч малазійскіх рынгітаў (амаль 5 тысяч даляраў) або турэмнае зняволенне тэрмінам да 10 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0