6 лютага споўнілася б 105 гадоў Аркадзю Куляшову (1914—1978), Народнаму паэту Беларусі, аўтару легендарнага верша «Бывай…». Паэт Андрэй Хадановіч — пра знакаміты тэкст і яго версіі, гісторыю стварэння і публікацыі.

Аркадзь Куляшоў

Аркадзь Куляшоў

Мабыць, не толькі мяне ў дзяцінстве ўражвалі цыркавыя выступы магаў-ілюзіяністаў. Адной з вяршынь іх таемнага майстэрства, так бы мовіць, вішанькай на торце чарадзейства, быў фокус з шафай і распілаванай у ёй дзяўчынай. Прыгожая асістэнтка адчыняе дзверку і заходзіць у скрыню, якая зачыняецца, а потым — о, магутны Божа ўсіх вернікаў ды атэістаў! — распілоўваецца або разразаецца чымсьці вострым на дзве паловы. Часткі шафы раз’язджаюцца ў розныя бакі цыркавой арэны, а часткі цела жанчыны, што трохі вытыркаюцца з іх на радасць гледачам, працягваюць жыць сваім жыццём. «Адрэзаныя» ногі жывуць асобна, галава таксама захоўвае ўсе прыкметы жыцця. Потым часткі магічнай скрыні зноў злучаюцца, дзверка адчыняецца — і цудоўная асістэнтка выходзіць вонкі, цэлая і непашкоджаная, без жывой і мёртвай вады, падзеленая на два, а потым спалучаная ў адно незразумелай уражанаму дзіцяці магіяй. Якое расчараванне, але і мудры жыццёвы досвед — дазнацца потым, што асістэнтак насамрэч было дзве.

Аналагічны фокус (або цуд, як каму падабаецца) аднойчы зрабіў з самім сабой, сваім героем і гераіняй ды ўсімі беларускімі чытачамі паэт Аркадзь Куляшоў, паклаўшы ў адну магічную скрыню свой геніяльны верш «Бывай…» — і не менш геніяльна створаную легенду пра яго. Верш, тры страфы якога сталі тэкстам культавай песні «Алеся». Песня (музыка Ігара Лучанка, аранжыроўка Уладзіміра Мулявіна) «выбухнула» на пачатку 1970-х і не толькі зрабілася любімай у Беларусі, але і паразбівала сэрцы шмат каму на тэрыторыі ўсёй «шостай часткі зямлі». Не раз меў прыемнасць назіраць, як чалавек, чыя маладосць прыпала на 70-80-я, дзе-небудзь у Кіеве, Маскве або, скажам, Алматы бярэ ў рукі гітару і пачынае спяваць «Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая…» на не зусім правільнай беларускай мове, якая яму (ці ёй) зусім не замінае, наадварот — толькі дадае хвалявання сваёй не да канца зразумелай чароўнасцю.

Гэта пры тым, што рускі пераклад у свой час быў замоўлены «крэпкаму прафесіяналу», паэту-песенніку Леаніду Дзербянёву. Але, будучы зроблены, так і застаўся збольшага на паперы, бо знікла ўся лірычная магія, якая была і застаецца ў арыгінале. З чыстага садызму працытую гэты пераклад:

Прощай, любимая, все было не напрасно,

Пусть навсегда ты счастье дать мне не смогла.

И жаль зари, что в небе раннем вдруг погасла,

А в сердце только разгораться начала.

Прощай, любимая, прощай, моя Алеся.

Все миновало — вспоминай не вспоминай.

И песней жаворонка в ясном поднебесье

Любовь ушедшую оплакивает май!

Прощай, любимая, считать не будем раны.

И рядом с сердцем май, и как звезда далек.

Ты оставляешь мне холодные туманы,

Печаль осеннюю и сумерки дорог.

Рускі перакладчык не песціць свайго слухача разнастайнасцю: «Прощай, любимая», — пачынаецца кожная страфа, хоць у тыя часы, здаецца, яшчэ не карысталіся капіпэйстам. «Считать не будем раны» больш пасавала б не паэту, а рахункаводу (калі паэт — не аўтар «Барадзіна»). Але ўсе перлы блякнуць побач з пачатковым «всё было не напрасно», быццам бы Дзербянёў пачаў перакладаць, яшчэ не дачытаўшы твор да канца, і думаў, што далей будзе пра камсамольскае будаўніцтва, а калі даперакладаў (заадно і дачытаў), то пашкадаваў працы і перарабляць ужо не стаў. Зразумела, «абуджаная сэрцам» — як найвышэйшы пілатаж — мусіла загінуць у перакладзе найперш. Дарэчы, цікава, ці ведаў перакладчык, падганяючы рускі тэкст пад лучанкоўскую мелодыю, што перакладае толькі «надводную частку айсберга» — і якога класу радкі і строфы ў тэкст песні не ўвайшлі? А каб дазнаўся, ці пераклаў бы іначай?

 

Бывай

 

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.

Чаму так горка, не магу я зразумець.

Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае

На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

 

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..

Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.

Назаўтра золкае, туманнае світанне,

Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

 

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,

Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,

Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе

На сцежках ростані мой адзінокі сум.

 

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы

Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.

Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры

Слязой халоднаю застылі на траве.

 

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,

Палынны жаль смугой ахутаных дарог,

Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны

Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

 

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

 

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.

Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.

На ўсходзе дня майго заранка дагарае,

Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

 1928 (?)

 

Тэкст уражвае ці не кожным радком, і не ў апошнюю чаргу самым апошнім — лічбай, што пазначае дату яго стварэння. Калі верыць гэтай даце (пытальнік у дужках — мой), верш напісаў 14-гадовы вундэркінд — не проста шчодра адораны, але фенаменальна таленавіты. Аднак браць пад сумнеў дату (і ўзрост аўтара) мала каму прыходзіла ў галаву, бо гэты верш існуе неадрыўна ад прыгожай легенды пра абставіны яго напісання (будзем шчырыя, такіх легендаў у беларускай паэзіі зусім няшмат). 11-гадовы хлопчык сустракае 13-гадовую дзяўчынку, юную красуню Сашу Карыткіну, якая жыве па суседстве з яго Саматэвічамі, з якой неўзабаве воляй жыццёвых абставін будзе жыць і гадавацца ў адной дзіцячай «камуне» (восем хлопчыкаў і яна адна), якую потым не ён адзін пакахае, але толькі ён адзін будзе называць Алесяй. Якой, чатырнаццацігадовы, прызнаецца ў каханні і, атрымаўшы адмову ад яе, шаснаццацігадовай, напіша сваю першую паэму, якую прачытае ўражанай малодшай сястры і адразу ж спаліць у печы. А яшчэ створыць верш «Бывай», які, на шчасце, не кіне ў агонь — наадварот, апублікуе ў часопісе «Полымя». Алеся неўзабаве з’едзе вучыцца ў Ленінград. А потым выйдзе замуж і, здавалася б, назаўсёды знікне з яго жыцця. І назаўсёды там застанецца.

polymia_1928

Мужа Алесі (Аляксандры Белазоравай) рэпрэсавалі, як рэпрэсавалі найбліжэйшых сяброў і паэтычных паплечнікаў Куляшова. Аляксандра Васільеўна (так у кнізе дачкі паэта, Валянціны Куляшовай, хоць у аўтабіяграфічнай паэме «Далёка да акіяна» гераіня па бацьку — Тарасаўна) жыла ў Роўне і працавала настаўніцай. Тонка разбіралася ў літаратуры. Ліставалася з Куляшовым, які дасылаў і абмяркоўваў з ёй раздзелы згаданай паэмы. Адзін вялікі фрагмент з ліста Алесі прыводзіць Валянціна Куляшова ў кнізе «Аркадзь Куляшоў. Лясному рэху праўду раскажу…» (с. 90.)

«Дарагі Аркадзь! Даруй, калі ласка, за маўчанне: зноў нада мною цёмная хмара гора, і я не магу ні пра што іншае ні думаць, ні пісаць… Але… цябе цікавіць мінулае, што было б, калі б… і г.д. Магу табе сказаць толькі, што ты мяне ў свой час не разумеў зусім, ды і цяпер таксама, напэўна. У той далёкі год усе мае мары і жаданні былі скіраваныя да адной мэты: вучыцца, спазнаць іншае жыццё. І не аднаму табе я адмовіла, многія могуць на мяне крыўдаваць. А я рвалася, ляцела ў марах і наяве і проста ненавідзела ўсіх, хто мяне затрымліваў. Бо ў мяне не было іншага выбару: ці замуж, ці ехаць вучыцца. А там новыя інтарэсы, новыя людзі, а ты недзе ў мінулым і не паспрабаваў наблізіцца, пазнаёміцца. Адна справа — дзеці, і зусім іншае — сталыя, дарослыя, даводзіцца пазнаваць сяброў дзяцінства нанава. А мы так і не сустрэліся зноў, і што ты за чалавек, я так і не даведалася і не ведаю дагэтуль. І ты таксама. Вось і ўся праўда». (12 жніўня 1971, г. Роўна.)

Аднойчы, у 50-х, Алеся пагадзілася з ім сустрэцца. Паводле легенды, якую часта згадваюць, спатканне мусіла адбыцца на пошце ў Быхаве, але Куляшоў — пабачыўшы праз шкло ўжо немаладую жанчыну замест свайго юначага ідэалу — спалохаўся і ўцёк. Кіроўца, што вёз паэта назад, быў амаль упэўнены, што ён плача. Гэты эпізод, не шкадуючы сябе, любімага, паэт уключыў у тэкст «Далёка да акіяна». А колькімі старонкамі раней даў як бы яго рэпетыцыю, размову, што адбываецца між героем-апавядальнікам і Алесяй, якая так тлумачыць свой сыход — з жыцця паэта на тэрыторыю яго памяці:

 

Буду я старэць, старой

Стану, нехлямяжай,

Але толькі хай не ў той,

Не ў крынічцы нашай.

Я ў вачах яе такой,

Як сягоння ў садзе,

Быць хачу, на зло ліхой

Вечнай часу ўладзе.

Што мілей табе: лісты

Вершаў з іх гарэннем

Ці маё старэнне?

— Ты

Са сваім старэннем.

Не спяшайцеся расчульвацца высакароднасцю апавядальніка, бо, па-першае, размова ўяўная і адбываецца толькі ў яго галаве, гэта ён сам ад імя Алесі кажа пра яе будучую «старасць» і «нехлямяжасць». А па-другое, прыгожае абяцанне не вытрымлівае праверкі жыццём: як мы памятаем, праз гады герой не наважваецца на спатканне і ўцякае.

Значна радзей згадваюць іншую сустрэчу, з якой ніхто не ўцякаў. Яна адбылася нашмат раней, у 1938 годзе. Куляшоў убачыў Алесю на кірмашы ў Саматэвічах, яшчэ маладую, але ўжо замужнюю — сам яшчэ малады, але ўжо жанаты. І праз колькі месяцаў, у лютым 1939 г., апісаў гэтую сустрэчу ў вершы «Карусель, дзе ёсць і такія строфы:

 

Пачуццё былое да дзяўчынкі

Нёс і я.

І тут яе сустрэў.

Між густых аглобляў, як між дрэў,

Я іду на аганёк касынкі.

/…/ 

Мы адны з ёй. З нашых — больш нікога.

Той жа рып гармоняў, бубнаў гром.

Тая ж з кірмашу пад гай дарога.

— Што ж, пайшлі?

— Пайшлі…

І мы ідзём.

 

Сем гадоў не бачыліся — раз,

Замуж выйшла,

Добра ладзіш з мужам;

Дзе ж ты, карусель? За ўсё адкружым,

Як усё кружылася за нас.

 

Апошняя працытаваная страфа пазначаная «фірмовай» куляшоўскай недагаворанасцю і двухсэнсоўнасцю. Адны чытачы паставяць націск на «ладзіш з мужам», іншыя — на «за ўсё адкружым». Адны ўявяць рэальную карусель на кірмашы (якая, безумоўна, была), іншыя скажуць, што гэта — перадусім паэтычная метафара і азначае штось зусім іншае.

Адным словам, яскравая, занадта яскравая легенда. Скажу больш, у ёй столькі цікавых калялітаратурных або і зусім пазалітаратурных фактаў, што аж кідаюцца ў вочы, быццам нехта наўмысна адцягвае нашу ўвагу ад галоўнага — ад самога тэксту верша. Так, мімаходам згадалася першая публікацыя, а потым хуценька-хуценька далей ад тэксту да жыццёвых рэалій, а потым — адразу песня Лучанка. Усё як у эфектным фокусе, дзе яскравы строй ілюзіяніста, яго эксцэнтрычныя жэсты, магічныя прадметы — усё паклікана заблытаць глядацкую ўвагу і схаваць ад яе той адзіны незаўважны рух, калі, уласна, і робіцца фокус.

З аднаго боку, нібыта ніхто ні ад каго і не хаваў, што юначы верш потым рэдагаваўся, дапрацоўваўся сталым майстрам. Але толькі дабраўшыся да першакрыніцы, агаломшана хапаешся за галаву. Бо ад верша 1928 года ў пазнейшай версіі застаўся… усяго адзін радок. Што праўда, першы. Плюс характэрная для паэтыкі той эпохі (прывітанне Тодару Кляшторнаму) рыфма «дарагая — дагарае». Усё астатняе — ужо іншая рука ўжо іншага паэта. Вось ён, рэальны тэкст 14-цігадовага вундэркінда:

 

БЫВАЙ

(З блёк-ноту таварыша)

 

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая,

Бывай, пялёсткамі разьвеяная квець, —

Тваё, чарнявая, юнацтва дагарае

І слоў заранкавая сонечная медзь…

 

Ці помніш вечару хвіліны агнявыя,

Хто мог юнацкія імкненьні затрымаць?..

І песьні новыя, і песьні маладыя —

На сэрцы ў цьвецені зьвінеў і плакаў май…

 

Зялёным вечарам ліхое разьвітаньне,

Апошнім вечарам чаромхі мілай пах…

Назаўтра ў шэрані праплакала сьвітаньне,

Туман на ростанях скаціўся, ў травы паў…

 

А ты, каханая, пад скрыпы жоўтых сосен

Пашла, трывожачы сьцюдзёную расу, —

Пашла, дзе гойдала зялёнае калосьсе

На сьцежках ростані пяшчотна-ціхі сум.

 

Пашла, чарнявая, каб сэрца больлю крануць,

Палыньню горкаю заросьці мне ў душы,

Хвілінай зробленыя золкавыя раны

Каб змог у сэрцы я гадамі патушыць…

 

Пашла за ціхія і дальнія прасторы,

Як казка сьветлая, ты зьнікла ў сіняве…

…І сэрца новыя, гарачыя дакоры

Са звонам срэбраным застылі на траве…

 

Пашла… Забылася… Ня вернешся, Алеся…

Бывай, чарнявая, каханая, бывай!..

А дні напорныя ізноў цьвітуць і весьняць,

І сэрца ў цьвецені, і сэрца п’яніць май…

 

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая,

А мне так хочацца юнацтва сыпаць квець, —

На сэрцы палкае імкненьне расьцьвітае,

А ў словах звонкая, заранкавая медзь!..

 

5/V-28 г. Расна-Самацэвічы

«Полымя», №5, 1928

Розніца ў тэкстах аж б’е ў вочы. Юначы верш на адну страфу даўжэйшы — і ўвесь у рэчышчы тагачаснай мадэрнісцкай паэтыкі пачынаючы з лексікі. Ясенінска-імажынісцкая «квець», так любімая тым жа Кляшторным. Паслядоўна недакладныя, але цікавыя рыфмы (старанна аўтарам у позняй версіі прычасаныя). Трохі крыклівыя знакі прыпынку: правае поле шчодра засеянае шматкроп’ямі, коскамі з працяжнікамі ды клічнікамі, што, быццам бурлівая жэстыкуляцыя, дапамагаюць аўтару выказаць усё, што ён не змог да канца выказаць у словах. (Позняя версія ў гэтым дэманстратыўна ашчадная, ніводнага з пералічаных знакаў, толькі кропка і коска.) Але гэта ўсё другаснае, важней, што ў ранняй версіі аж віруе юначы аптымізм, які не дасць горычы страты сябе перамагчы («Пайшла… Забылася…»), тым больш што «А дні напорныя ізноў цьвітуць і весьняць, / І сэрца ў цьвецені, і сэрца п’яніць май…». «Каб змог у сэрцы я гадамі патушыць…» (у позняга Куляшова, нагадваю, «Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог». Вось ужо сапраўды жыццялюбства маладой савецкай літаратуры! Але зусім хутка адбудуцца падзеі, пасля якіх пісаць так зробіцца няёмка.

polymia_1928_byvaj

Толькі параўнаўшы два вершы (хтосьці запярэчыць — дзве версіі аднаго верша, але хай тады яшчэ раз іх параўнае), разумееш, якім сляпым (ці аслепленым магіяй умелага ілюзіяніста) трэба быць, каб прыпісаць хрэстаматыйны тэкст чатырнаццацігадоваму хлопцу. «Стаю на ростанях былых» — нічога не насцярожвае? А метафара Алесі-«заранкі», што напрыканцы ўзыдзе «вечарам»? (Неадназначны прарочы радок, калі ўзяць пад увагу дзявочае прозвішча будучай жонкі хлопца — Аксаны Вечар.) А фінальнае «абуджаная ў сэрцы» — замест пачатковага «абуджаная сэрцам»? На ўзроўні падтэксту ўвесь твор як бы пярэчыць Геракліту, што, як вядома казаў: усё цячэ — і нельга двойчы ўвайсці ў тую ж раку. Наш аўтар спрабуе — і перамагае ў сваіх «пошуках страчанага часу».

Дачка паэта згадвае, як здымаўся дакументальны фільм пра Куляшова, калі на адным эпізодзе рашуча настаяў ён сам: «паэт паволі падымаецца на курган, стаіць там і з вышыні ўглядаецца ўдалячыць, туды, дзе каласіцца жытнёвая ніва і хлопец з дзяўчынай, узяўшыся за рукі, знікаюць у жыце». Цуд паэзіі — у шчаслівым пераадоленні гэтай дыстанцыі. Апавядальнік і глядзіць на юнакоў са свайго пагорка — і адначасова трымаецца за рукі ў жыце. Памылковае прачытанне «позняга» тэксту толькі як споведзі 14-гадовага хлопчыка знішчае большую палову яго сэнсу. Але засталіся чытачы — і сярод іх тыя, ад каго ў апошнюю чаргу можна было такога чакаць, — якія не зразумелі, «пра што перапісаў» свой верш Куляшоў. І ўвогуле таго, што ён перапісаны.

«Гэтай мары, — піша Валянціна Куляшова пра Алесю, — бацька прысвяціў многія радкі сваёй паэзіі, але я згадаю толькі адзін верш, напісаны пад знакам ростані з каханай і цяпер шырока вядомы, дзякуючы песні Ігара Лучанка. Прывяду яго ў першапачатковым, не адрэдагаваным пасля бацькам (курсіў мой, як сказала б адна спадарыня з не чужым Валянціне Аркадзеўне прозвішчам Берберава) варыянце:

 

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.

Чаму так горка, не магу я зразумець.

Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае

На ўсходзе дня майго, якому ружавець».

 

Што гэта? Даследчыца абяцае цытаваць «першапачатковы» і «не адрэдагаваны», а цытуе пазнейшы і яшчэ як адрэдагаваны паэтам верш! У чым рэч? Яна ж не магла не ведаць тэкст, сапраўды надрукаваны ў «Полымі» ў 28-м годзе! (Або магла?) Вельмі хочацца адкінуць версію пра свядомую хлусню або філалагічную некампетэнтнасць. Тады застаецца адно: паэт сам паспрабаваў увесці ў зман сваіх блізкіх (і шмат каго разам з імі, але найперш — сваіх блізкіх). Аднак ці меў ён шанец зрабіць гэта, не кажучы няпраўды? Выяўляецца, што так. Можна не хлусіць, досыць не дагаварыць да канца ўсёй праўды. (Ужо вядомая нам у Куляшова стратэгія.)

Уважліваму чытачу дастаткова параўнаць «позні» куляшоўскі верш «Бывай…», тры страфы якога сталі лучанкоўскай песняй «Алеся», — і сам выніковы тэкст гэтай «Алесі». У другім куплеце песні — два дробныя разыходжанні з куляшоўскім тэкстам (пятая страфа верша). «Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны» — ператвараецца ў «Каб я хвілінаю нанесеныя раны». Здаецца, вельмі слушна: тэкст робіцца больш «гладкім» і прыдатным для спеву, менш абстракцый, больш канкрэтыкі. Шырокае кола наіўных слухачоў хутчэй расчуляць самі «раны», чым іх «горыч» і «хвілінны боль».

Значна цяжэй заўважыць другую праўку. У той жа страфе, двума радкамі вышэй — «Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны, / Палынны жаль…» — у слове «туманны» знікае адно «н». І ўся структура, як ад дотыку чарадзея, змяняецца. Прыметнік «туманны» ператвараецца ў назоўнік «туманы», а прыметнік «золкі» — адпаведна, у назоўнік множнага ліку «золкі». Неймаверна майстэрская праўка, ад якой тэкст робіцца істотна іншым — калі чытаць яго вачыма. Але ў тым жа і рэч, што вушамі слухачоў песні гэтага абсалютна не чуваць, «на слых» тэкст застаецца ранейшым. Дык ці ёсць у ёй — праўкі ж нібыта ўносяцца дзеля песні — тады сэнс?

Безумоўна. Гэтыя ледзь заўважныя праўкі даюць «алібі» аўтару, які цяпер можа не хлусячы сказаць, што «адрэдагаваў ранейшы тэкст». Не ўдакладняючы, пра які «ранейшы тэкст» і якое «рэдагаванне» гаворка. І «мэтавая аўдыторыя» гэтага фокусу палічыць «ранейшым» тэкст перапісанага сталым Куляшовым верша, з якога зроблена песня, мінус дзве згаданыя праўкі. А калі так, застаецца толькі сказаць будучаму рэдактару, што верш «Бывай…» упершыню друкаваўся ў «Полымі» і г.д., і рэдактар сам можа дапісаць унізе верша патрэбную паэту лічбу — «1928». Пад тэкстам, фактычна напісаным на пачатку 1970-х.

Навошта? Можа, каб не траўмаваць блізкіх, схаваўшы ад іх, што паэт вярнуўся да старой гісторыі кахання, «пераваліўшы» ўсю віну на нявіннага хлопчыка з далёкага мінулага. А можа, ужо адчуваючы прыгажосць легенды, якая толькі ствараецца. Бо ў выніку гэтага «нявіннага» фокуса аўтарам аднаго з найлепшых вершаў беларускай паэзіі і, магчыма, найлепшага ў ёй верша пра каханне абвяшчаецца чатырнаццацігадовы юнак. Заадно і само фокусніцтва ператвараецца ў нешта большае — у міфатворчасць.

Зразумела, у верша, напісанага закаханым вундэркіндам, больш шанцаў зрабіцца легендай, якая сама пачынае як бы «працаваць» на гэты верш, канчаткова ператвараючы яго ў вяршыню паэзіі. Але ці на карысць такі міф творчасці паэта ў цэлым? Ставячы на пачатку «Выбранага» галоўны шэдэўр, укладальнік моцна рызыкуе тым, што наступныя творы будуць недацягваць да яго. Калі прыняць такую логіку, то атрымліваецца, што паэт відавочна развіваецца, мудрэе, некуды ўвесь час эвалюцыянуе, але ў выніку так нічым і не пераўзыходзіць свайго хрэстаматыйнага шэдэўра. Нават крыўдна робіцца.

У прадмове «Першамайстар беларускай паэзіі» да адносна нядаўняга (2009 г.) тома выбраных вершаў Куляшова яго дачка выказвае якраз такую крыўду: «Тады яшчэ найлепшая паэма ўсёй савецкай літаратуры ваеннага часу не была знята са школьнай праграмы на карысць лірычнага юнацкага верша «Бывай…», набыўшага вядомасць толькі ў 1972 годзе дзякуючы з’яўленню песні «Алеся» на музыку Ігара Лучанка» (зноў курсіў мой — А.Х.). Не будзем зараз абмяркоўваць, што важней, паэма «Сцяг брыгады» ці верш «Бывай…», як і тое, што аўтарка прадмовы мела сямейныя прычыны не лічыць гэты верш такім ужо значным для літаратуры. Так ці іначай, праўда ў працытаваных словах толькі ў тым, што да 1972 года верша «Бывай…» сапраўды ніхто не ведаў. Акурат у 1972 годзе з’яўляецца ўкладзены Міколам Аўрамчыкам томік беларускай любоўнай паэзіі «Зорка Венера. Лірыка кахання». Томік з прэтэнзіяй на анталагічнасць. І што ў раздзеле «Аркадзь Куляшоў»? 4 вершы: «Млын», «Бюро даведак», «Нібы здраду салдат…» і «Я ў лузе кветкі не сарваў ніводнай…». Ні пра які твор з назвай «Бывай…» нават почуту няма! І не магло быць, бо аўтар толькі працуе над ім, старанна перапісваючы ніколі і нідзе не перавыдадзены з 1928 года верш.

Першыя публікацыі новага верша «Бывай…» адбудуцца толькі пасля з’яўлення песні «Алеся» (1972), але як перавыданні старога твора з датай «1928» у кнізе выбраных вершаў Куляшова «Мая Бесядзь» (1973), а таксама ў першым томе пяцітомнага збору твораў (1974). Дачка паэта і даследчыца яго творчасці, мяркуючы па цытатах вышэй, не заўважыць падмены. Але хто б на яе месцы не трапіў у пастаўленую аўтарам пастку?

Дарэчы будзе згадаць, што паэт Куляшоў — яшчэ і вялікі аматар шахмат, добры гулец, які ведаў, што любы эфектны ход (часам нават з ахвярай фігуры) — толькі частка пэўнай стратэгіі, скіраванай на выйгрыш у партыі. Калі верш «Бывай…» можна назваць яскравым ходам, то яму папярэднічала цэлая «шахматная» камбінацыя. Гаворка пра паэму «Далёка да акіяна», адзін з найважнейшых матываў якой рыхтуе чытача да з’яўлення геніяльнага верша. Гэта вобраз Алесі, тэма кахання і расстання, якая выразна і пераканаўча гучыць у паэме. Настолькі пераканаўча, што школьныя настаўнікі і нават універсітэцкія выкладчыкі, апавядаючы пра верш і гісторыю яго стварэння, робяць гэта па сюжэтнай канве паэмы. То бок бачаць і аналізуюць твор дакладна так, як гэта запраграмаваў сам аўтар.

Мала хто звярнуў увагу, што паэма «Далёка да акіяна», як і верш «Бывай…», існуе таксама ў дзвюх версіях: кароткай і поўнай, калі хочаце — «дзіцячай» і «дарослай». Першая версія паэмы выйшла ў куляшоўскім зборніку «Сасна і бяроза» ў 1970 годзе. Кніга была перакладзеная і адразу ж апублікаваная па-руску — з няпоўнай версіяй паэмы. Вобраз Алесі з’яўляецца ў ёй — у паэтычным раздзеле «Восем і адна». Менавіта тут — пра дружную камуну з васьмі хлопцаў і адной дзяўчыны:

 

Восем нас было ў той час:

Я, Кандрат, Лявон, Панас,

Сцёпка, Казік, Стась, Ігнась

І адна — яна.

Так і звалі людзі нас —

Восем і адна.

Пра штодзённыя радасці і клопаты, пра сумеснае пяянне народных песень, у якіх столькі непрыхаванага падтэксту, але і нявыказаных пачуццяў: «З песняй аб крынічаньцы, / Што хлапец капаў, / З жалем аб дзяўчыначцы, / Што кахаў — не ўзяў». Аднак, калі не лічыць фальклору, усё вельмі нявінна, бо героі — яна прыгожая, ён чатырнаццацігадовы — як бы яшчэ на тэрыторыі дзяцінства. Ці не таму гэтая частка робіцца ўлюбёнай (часам — ледзь не адзінай) крыніцай інтэрпрэтацыі верша «Бывай…» на школьным узроўні?

Але неўзабаве паэма «Далёка да акіяна», над якой паэт працягае працаваць, выходзіць у 1972 годзе асобнай кнігай, у пашыранай версіі — з часткамі «Князёўна» і «Лісты», дзе паэт расказвае гісторыю кахання далей, апавядае пра новыя сустрэчы і расстанні герояў, якія трохі падрастаюць, і іх адносіны робяцца ўжо не такімі па-дзіцячаму наіўнымі і зручнымі для школьнай настаўніцы. Вось як апісваецца сустрэча з Алесяй пасля доўгай ростані:

 

Не! Не доўга на двары

Вочы пазнаваліся…

 

Абняліся, як сябры,

А пацалаваліся,

З нечаканасці такой,

Так, што крышку сорамна

Стала вокнам хаты той…

/…/

Запрашала да стала,

Як прыйшла, Тадораўна.

Чым карміць нас? Чым паіць? —

Лётае чумная.

Дзе нас разам пасадзіць,

Дзе лажыць — не знае.

Дзень скаціўся ўжо з гары.

На дваіх пасцелю,

Звычай помнячы стары,

Рукі яе сцелюць.

 

Ад ідэі спаць разам героі, зрэшты, адмаўляюцца, праводзячы ноч у садзе, у будане, у няспынных душэўных размовах. («З ёй сядзім — шчака ў шчаку».) А што азначала гэтае «звычай помнячы стары» ў кантэксце «пасцелі на дваіх», аўтар нічога чытачу не тлумачыць. Як казаў герой культавага кінафільма: «Запішам у загадкі». Другі ўжо выпадак згаданай раней двухсэнсоўнасці і недагаворанасці, што інтрыгуе цынічнага чытача зусім не гамлетаўскім пытаннем: «Было ці не было?»

Была карусель на кірмашы ў Саматэвічах. Настолькі важная для Куляшова, што ён піша ўжо другі верш з такой назвай. Піша амаль праз 40 гадоў, але таксама ў лютым — у апошні дзень свайго жыцця. Калі паэт памірае ў ноч з 3-га на 4-га лютага ў нясвіжскім санаторыі, сярод чатырох новых вершаў знаходзяць і «Карусель» — развітальны твор, дзе аўтар «закрывае» некалькі самых важных для яго і самых недагавораных ім у творчасці тэм: тэму «пабрацімства» і трагічнага сыходу сваіх найбліжэйшых сяброў, а таксама свайго першага і не забытага кахання. Усяго, што здарылася з ім яшчэ ў дзяцінстве — і выявілася найважнейшым у жыцці.

 

Дзе ж вы, дзе, майго дзяцiнства конi,

Паскакалi без мяне куды вы?

Больш не чутна за спiной пагонi…

Дзе спынiлi вы свой бег iмклiвы?..

…Праплывае мiма пабрацiмства,

Конi, конi дыхаюць гарача.

Каруселi кружаць, а дзяцiнства

Убаку стаiць маё — i плача.

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?