На волю выйшаў Ігар Карыцкі — былы супрацоўнік брэсцкага КДБ і адзін з асуджаных па «справе сямнаццаці». Два гады таму суд прызначыў яму 8 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Але ў студзені яго пабачылі на волі, у родным горадзе Брэсце. Ёсць даныя пра тое, што на волі знаходзіцца яшчэ адзін фігурант справы, піша Tut.by.

Карыцкі падчас слухання справы ў лютым 2016-га. Фота: Сяргей Балай, Tut.by.

Карыцкі падчас слухання справы ў лютым 2016-га. Фота: Сяргей Балай, Tut.by.

«Я шакаваны, як такія вялікія справы хутка вырашаюцца», — разважае берасцеец Аляксандр. Удзень 21 студзеня ён сустрэў у гарадскім ЦУМе свайго даўняга знаёмага, таго самага Ігара Карыцкага.

Нагадаем, у чэрвені 2017 года Вярхоўны суд паставіў кропку ў гучнай крымінальнай справе пра абарот псіхатропных рэчываў. Сярод 17 фігурантаў былі супрацоўнікі КДБ Карыцкі (Брэсцкае ўпраўленне) і Вераценскі (Цэнтральны апарат), а таксама супрацоўнік аднаго з упраўленняў ГУБАЗіК МУС па Мінску Дзенісевіч. Першапачаткова ўсе трое атрымалі тэрміны ад 14 да 15 гадоў. Але пазней прысуд абскардзілі ў Вярхоўным судзе, з абвінавачання выключылі шэраг эпізодаў пра наркотыкі і тэрміны скарацілі да 8-9 гадоў.

Так, былы супрацоўнік упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці Ігар Карыцкі атрымаў 8 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем звання маёра.

Вядома, што мужчына быў пад вартай з лістапада 2014, а гэта ўлічваецца ў агульны тэрмін. Вынікае, ён адседзеў каля чатырох гадоў.

Адзначым, што былыя сілавікі абвінавачваліся па артыкулах 424 і 455 Крымінальнага кодэкса: «Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі», а таксама «Перавышэнне ўлады або бяздзейнасць».

Законам прадугледжана некалькі падстаў для вызвалення ад адбывання пакарання: адмена прысуду, УДВ (але па гэтых артыкулах трэба адбыць дзве траціны тэрміну), амністыя або памілаванне, цяжкая хвароба або замена неадбытай часткі пакарання на больш мяккае пакаранне.

Tut.by з кампетэнтнай крыніцы стала вядома: менавіта замена неадбытай часткi пакарання больш мяккім і стала прычынай выхаду Карыцкага на волю.

Акрамя таго, па словах суразмоўцы, такое ж рашэнне прымалася і па яшчэ аднаму супрацоўніку КДБ з гэтай справы — Дзмітрыю Вераценскаму. Раней суд прызначыў яму 9 гадоў у калоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0