17.02.2019 / 16:23

«Вежа ўзнёслага славянства»? Мастацкі музей прэзентаваў свой гімн і выпусціў прыгожыя цукеркі ВІДЭА, ФОТА 1

Нацыянальны мастацкі музей адзначае 80-годдзе.

З нагоды святаў музей прэзентаваў свой гімн. Словы напісала ўраджэнка Пастаўшчыны, паэтка з Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна Легастаева, музыку — Аліна Безенсон.

Уласны гімн для беларускага музея — выпадак унікальны. Больш пашырана гэта традыцыя ў музеях Расіі. 

Гімн мае традыцыйнае гучанне. Праўда, тэкст не такі выразны, як музыка. Некаторыя вобразы зразумець цяжка.

У стольным градзе Беларусі,
Няма якога прыгажэй,
На ўсе часы адданы Музе,
Галоўны высіцца музей.

З карцін жывая веліч праўды
Глядзіць вачамі мастакоў.
Лунае тут на крылах славы
Магутны дух былых вякоў.

Музей — скарбонка нацыі,
Свяцілішча краіны,
Яе адметнай грацыі
І самабытнай плыні.

Сярод вяршынь мастацтва
Бялее наша вежа
Узнёслага славянства
З далёкага памежжа.

Штодня ў музей адкрыты дзверы
І запрашаюць залы зноў
Да рукатворнае шпалеры,
Да згадкі слуцкіх паясоў.

Сюды ў азораныя высі
Прыдзі з сям'ёй, шаноўны госць.
Красой мастацтва наталіся,
Жыві і вер у прыгажосць!

Упершыню гімн Нацыянальнага мастацкага музея выканаў Канцэртны хор музычнага каледжа імя Глінкі.

Гімн — не адзіны падарунак музея сабе і аматарам.

Сёлета «Камунарка» будзе выпускаць каробкі цукерак з «Партрэтам невядомай» Хруцкага, працягне выпуск набораў шакаладак «Слуцкія паясы».

У склад «Слуцкіх паясоў» уваходзіць «Любімая Алёнка», «Камунарка» горкі 68% і «Камунарка» класічны. Фота kommunarka.by

Акрамя таго, з нагоды 80-годдзя музей адкрыў мемарыяльную дошку па адрасе Маркса, 29, па суседстве з філфакам. У будынку былой жаночай гімназіі, а потым сельгасінстытута з 1939-га па 1957 год знаходзілася Дзяржаўная карцінная галерэя.

Першым, даваенным, кіраўніком галерэі-музея быў дызайнер і кераміст Мікалай Міхалап. Менавіта ён прапанаваў слуцкія паясы ў якасці брэнду Беларусі: у 1939-м перавёз з Нясвіжа Радзівілаўскую калекцыю, пасля вайны ствараў эскізы посуду з адпаведнай аздобай.

Для Мінскага фарфоравага завода Міхалап стварыў эскіз хлебніцы, салонкі і падстаўкі.

Акрамя таго, спраектаваў гарадскія ліхтары з узорам, узятым са старадаўняга шаўковага поясу.

Фота Сяргея Гудзіліна.

ПК

2
Helgi / Адказаць
17.02.2019 / 18:11
Дзіўныя словы... 
Асабліва гэты радок:

Сярод вяршынь мастацтва
Бялее наша вежа
Узнёслага славянства
З далёкага памежжа.

Як яго зразумець? 

https://nn.by/?c=ar&i=224961
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру