5 лютага ў ваколіцах вёскі Букча Лельчыцкага раёна застрэлілі пазначанага GPS-ашыйнікам ваўка, якому выбіралі імя ўсёй краінай, паведамляе «Воўчы блог».

Застрэлены воўк быў самцом-адзіночкай. Яму было 3 гады. Да гэтага ўзросту ваўкі часта пакідаюць зграю каб выбудаваць сваё жыццё, таму мы не ведаем, ці пайшоў ён са сваіх родных месцаў у пошуках лепшай долі, або стаў адзіным жывым пасля палявання. У тым месцы, дзе ён жыў, колькасць ваўкоў была вельмі нізкай, і ён не ўваходзіў у зграю.

Месяц таму аб'явілі конкурс на выбар імя для палескага ваўка. Імя яму выбіралі ўсёй краінай: «Ахова птушак бацькаўшчыны» атрымала 660 заявак. Канчатковы выбар імя быў прызначаны на 10 лютага. Навукоўцы ж далі яму палявое імя Вася.

Аднаму ваўку вельмі складана паляваць зімой, таму сілкаваўся ён падлай. Даследчыкі знайшлі трох ласёў, на якіх карміўся гэты воўк. Адзін з ласёў быў забіты людзьмі, адзін, верагодна, збіты машынай і яшчэ адзін здабыты іншымі ваўкамі. Застрэлены воўк таксама з'еў сабаку ў ваколіцах адной з вёсак. Але ў населеныя пункты ён ніколі не заходзіў і вясковых сабак не чапаў.

Забілі ваўка ноччу 5 лютага. Адбылося гэта на полі ў ваколіцах вёскі Букча Лельчыцкага раёна. Уначы 5 лютага паляўнічым паступіў званок ад мясцовых жыхароў з паведамленнем аб з'яўленні ваўка ў ваколіцах вёскі. Па трэку перамяшчэння ваўка навукоўцы ведаюць, што гэта быў першы «выхад» асобіны да гэтай вёскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0