09.02.2019 / 17:14

Палітычныя куміры 90-х: дэпутаты легендарнага Вярхоўнага Савета сабраліся ў Мінску ФОТА 36

У Менску сяброўскае паседжаньне правялі дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ і ХІІІ скліканьня, піша радыё «Свабода».

Сустрэча прымеркаваная да 25-годзьдзя прыняцьця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

  • Вярхоўны Савет 12-га скліканьня — першы парлямэнт у гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь. Упершыню ў Вярхоўны Савет прайшлі апазыцыйныя дэпутаты. У выніку была ўтвораная апазыцыйная фракцыя БНФ з 26 дэпутатаў.
  • Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня быў абраны ў 1995 годзе і лічыцца апошнім дэмакратычным парлямэнтам Беларусі. Паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету былі спыненыя 27 лістапада 1996 году пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падпісаў адпаведны Закон.

На паседжаньне сабраліся блізу 50 экс-дэпутатаў. У залі — Мечыслаў Грыб, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Аляксандар Сасноў, Анатоль Вярцінскі, Васіль Шлындзікаў, Ёсіп Сярэдзіч, Іван Герасюк, Лявон Дзейка, Станіслаў Багданкевіч, Сяргей Калякін, Аляксандар Дабравольскі, Сяргей Антончык, Лявон Зданевіч, Анатоль Лябедзька, Сяргей Законьнікаў, Аляксандар Бухвостаў, Пётра Садоўскі, Сяргей Папкоў, іншыя.

Ёсіп Сярэдзіч.

Сяргей Антончык.

Сяргей Папкоў.

Мечыслаў Грыб: «Асноўны закон прымаўся цяжка»

З кароткім дакладам выступіў экс-старшыня Вярхоўнага Савета 12 скліканьня Мечыслаў Грыб, які 15 сакавіка 1994 года падпісаў першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі.

Мечыслаў Грыб.

Мечыслаў Грыб згадаў, што Вярхоўны Савет 12 скліканьня павінен быў складацца з 360 дэпутатаў — 310 абіраліся па мажарытарнай сыстэме па акругах, 50 — прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыі. Парлямэнт тады быў вельмі стракаты і складаўся з сакратароў ЦК, абкамаў, старшыняў райкавыканкамаў, прадстаўнікоў сілавых структур, было там 13 рабочых, 3 калгасьнікі, 3 сьвятары. У жывых са складу Вярхоўнага Савета 12 скліканьня засталося 170 чалавек.

«Асноўны закон краіны прымаўся вельмі цяжка і складана — па главах, па разьдзелах, літаральна па радках — неабходна было, каб прагаласавалі дзьве траціны дэпутатаў. І менавіта Канстытуцыя ў рэдакцыі 1994 года была дэмакратычнай», — заўважыў Грыб.

Зянон Пазьняк: «Пагроза беларускай незалежнасьці і сувэрэнітэту з боку пуцінскай Расеі рэальная і небясьпечная»

Дэпутат Вярхоўнага Савета 12 скліканьня Сяргей Папкоў зачытаў зварот Зянона Пазьняка, лідэра фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.

Пазьняк адзначыў, што народ пазбаўлены правоў чужароднай уладай. Ён перакананы, што існуе пагроза беларускай незалежнасьці і сувэрэнітэту з боку пуцінскай Расеі

«Пагроза рэальная і небясьпечная. Пасьля ўкраінскіх падзеяў я пастаянна заклікаю беларусаў рыхтавацца да абароны сваёй краіны», — піша Зянон Пазьняк. На яго думку, што незаконная дамова аб Саюзнай дзяржаве павінна быць скасаваная тым, хто яе падпісаў.

Валянцін Голубеў: «На жаль, не распрацаванае заканадаўства па рэалізацыі Асноўнага закону»

Валянцін Голубеў.

Шэраг выступоўцаў заклікалі не правакаваць супрацьстаяньне, а кансалідаваць сілы грамадзтва.

Дэпутат Вярхоўнага Савета 12 скліканьня, прафэсар-гісторык Валянцін Голубеў заўважыў, што Канстытуцыя — вялікая каштоўнасьць, і вельмі ганарыцца, што мае дачыненьне да яе распрацоўкі і прыняцьця.

«Але палітыкі ў будучыні павінны ўлічыць памылкі, якія былі зробленыя намі. Аснова канстытуцыйных норм і ў Канстытуцыі 1994 года, і з папраўкамі 1996 года — яна адна і тая ж. Зьмены адбыліся толькі ў арганізацыі ўлады і сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня. На жаль, не распрацаванае заканадаўства па рэалізацыі Асноўнага закону — гэта самае галоўнае. Прадэкляраваць — гэта вельмі мала. Да прыкладу, у Канстытуцыі прапісана, што ўсе палітычныя партыі маюць роўны доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Але няма закона аб рэалізацыі гэтага палажэньня. І ёсьць маса такіх іншых прыкладаў», — кажа Валянцін Голубеў.

Анатоль Лябедзька: «Цяпер дэкрэты, указы і нават тэлефоннае права вышэй за Канстытуцыю»

Анатоль Лябедзька.

Дэпутат Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканьняў у сваім выступе Анатоль Лябедька згадаў ключавыя словы: Канстытуцыю, незалежнасьць, парлямэнтарызм.

«Неабходна вярнуць Канстытуцыі права быць Асноўным законам — бо цяпер ня толькі дэкрэты, указы, а нават і тэлефоннае права важнейшыя за Канстытуцыю. Неабходна аднавіць парлямэнтарызм — каб былі свабодныя, дэмакратычныя выбары. Трэба вярнуць права выбару 7,5 мільёнам выбарцаў», — перакананы дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканьняў Анатоль Лябедзька.

Удзельнікі сустрэчы прынялі Зварот групы дэпутатаў да беларускага народа, а таксама ўтвораны аргкамітэт па стварэньні дэпутацкага клюбу

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Сяргей Калякін падсумаваў, што гэтая сустрэча дазволіла наладзіць кантакты. А стварэньне дэпутацкага клюбу і праца яго на пастаяннай аснове — добрая ідэя, каб выкарыстоўваць патэнцыял, досьвед гэтых людзей.

Лявон Дзейка.

Алег Трусаў, Мечыслаў Грыб, Станіслаў Багданкевіч.

0
Танчык / Адказаць
09.02.2019 / 17:52
Работа над памылкамі амаль заўседы прыносіць плен.
70
Ляксандра / Адказаць
09.02.2019 / 18:03
Як заўсёды:пагаварылі і разышліся.Ну і няхай.
53
Эхо / Адказаць
09.02.2019 / 18:12
Годы мучительных раздумий о судьбе Родины не принесли результата. Старейшины, как не знали тогда, так не знают и сейчас - что делать. А была надежда на "заветное слово". Стало быть, коллективная мудрость - это тоже, не наше.
Паказаць усе каментары/ 36 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру