Чыстыя абочыны, выбеленыя фасады, акуратныя двары. Смачныя натуральныя прадукты. Сумленныя твары людзей, у якіх ёсць праца і сацыял. За ўсім гэтым мы ехалі ў Беларусь — і амаль усё гэта ўбачылі. Але нечага нам не хапіла. Чаго?

«Хочаш распавесці пра Беларусь — узбройся словам «нявызначаны»: яно спатрэбіцца часта» — гэтая фраза з новай кнігі сацыёлага Сяргея Барысава дакладна апісвае нашы ўражанні ад зімовага аўтапрабегу па рэспубліцы. Прайшоў ужо месяц, а сфармуляваць адказ на пытанне «Як вам Беларусь?» так і не ўдалося. Спадабалася? Не спадабалася? Напэўна, самай дакладнай будзе фраза «не зайшла».

Ніхто з нас да гэтага ў Беларусі не быў. Чаго мы чакалі ад гэтай краіны?

Вядома, адпаведнасці стэрэатыпам. Таннасці і якасці. Знешняй упарадкаванасці і дагледжанасці прасторы. Камернасці і душэўнасці, уласцівай невялікім краінам. Навагодняга настрою, бо Беларусь — гэта снег і лес. Яшчэ вабіла настальгія: у Севастопалі, які жыве мінулым, востра адчуваецца туга па страце савецкага — таго, што вызначала побыт і ўнутранае жыццё кожнага 30 гадоў таму. Здавалася, дзе-небудзь там, у Мінску, усё гэта ёсць, і мы ўбачым страчаны рай і адчуем яго менавіта раем. Але пагружэнне не ўдалося.

Трэба прызнаць, што ў нас было вельмі мала часу — усяго тыдзень. Але за гэты час мы праехалі амаль ўсю рэспубліку, ад Гомеля да Гродна і назад у бок Віцебска. І за гэты час уступіць у нефармальную камунікацыю з мясцовымі жыхарамі нам так і не ўдалося.

Не, беларусы не здаліся нам закрытымі ці пагардлівымі, проста яны іншыя.

Можа быць, нам пашанцавала, але за ўвесь час мы нідзе не сустрэлі быдла: нават ахоўнікі начных устаноў у невялікіх гарадках выглядаюць і паводзяць сябе інтэлігентна. У любым месцы, дзе даводзіцца сутыкацца з абслуговым персаналам, ты можаш быць упэўнены, што цябе не пакрыўдзяць, не зняважаць, не зачэпяць наўмысна. Але ў памяці не застаецца чалавека — толькі функцыя, і ўжо праз пяць хвілін ты не можаш успомніць твару таго, з кім размаўляў.

Спачатку гэта нам імпанавала — пасля месяцаў напружанай працы браць інтэрв'ю ў кожнага сустрэчнага не ўваходзіла ў нашы планы. Але пазней мы спахапіліся: нам так і не ўдалося нічога пра беларусаў зразумець.

Таму, адрынуўшы ўсякую прэтэнзію на глыбіню і аб'ектыўнасць, мы проста раскажам тое, што так і не ўсвядомілі, але быццам бы адчулі пра Беларусь.

***

Першым горадам для нас стаў Гомель, а першым месцам у Гомелі — чыгуначны вакзал, жудасны ў сваёй гулкай пустаце і няўтульнасці. Цёмныя залы, дзе амаль няма людзей і не працуе ніводная гандлёвая кропка, і «ўкрыжаваны ластаўкай» чалавек ля лесвіцы, якога абшукваюць некалькі міліцыянтаў.

Нам ніколі не падабаліся «таталітарныя» цэтлікі, якія вешаюць на Лукашэнку яго крытыкі, але гэты ператрус быў першай жывой сцэнай у Беларусі. Потым мы яшчэ пару разоў бачылі, як на вуліцах кагосьці «вяжуць».

Мы прыехалі ў Гомель а 9-й вечара, і па мясцовых мерках гэта аказалася вельмі познім часам: большасць крам і офісаў зачыніліся да 20.00. Купіць мясцовую сім-карту, прадукты, ды і проста паесці — гэта квэст. Пакуль мы шукалі жыллё і па дурасці знялі нумар у прывакзальнай гасцініцы (пра яго пазней) — большасць грамадскага харчавання зачынілася, а ў начных клубах і караоке не працавала кухня. Прыйшлося задаволіцца знойдзеным за паўтара кіламетра фастфудам.

І вось першае адкрыццё: Беларусь — гэта зусім не танна. Пасля дэнамінацыі мясцовага рубля кошты тут толькі здаюцца капеечнымі, на самай справе абед у кавярні каштуе як у Крыме. А фастфуд — крыху даражэй.

Пасля Варонежскай вобласці з яе капучына па 70 рублёў (2,30 BYN — заўв. Рэд.) і роламі па сотні (3,28 BYN — заўв. Рэд.) гэта было нечаканым. Тым больш што кухня тут, у тым ліку нацыянальная, нічым не ўражвае.

Нейкага асаблівага беларускага «орднунгу» (парадку — заўв. Рэд.) у Гомелі мы таксама не ўбачылі: на дарогах каша, снег прыбіраюць дрэнна. А 10-й вечара ўсю ілюмінацыю на вуліцах адключылі, патухлі нават навагоднія ялінкі. Сам горад дагледжаны — фасады пафарбаваныя, мінімум рэкламы. Напэўна, таму нам, звыклым да візуальнай агрэсіі шыльдаў, горад здаўся аднастайным.

Што парадавала і запомнілася — гэта палац Румянцавых-Паскевічаў і прасторы вакол яго. Сам палац (цяпер музей) быў адрэстаўраваны ў 2004 годзе сучаснымі матэрыяламі і даўніной амаль не дыхае. Але старадаўні заснежаны парк і набярэжная ракі Сож выдатныя. Ніякай забудовы і шалманаў: прастора, святло, шмат паветра. Тое, чаго ўжо амаль не засталося ва ўрбанізаванай частцы Крыму.

***

Дарогамі Беларусі прынята захапляцца, але і тут уражанні ў нас засталіся змяшаныя. <…> Палатно на беларускіх аўтабанах падалося нам прытомленым — ёсць і ямы, і расколіны, і снежныя замёты.

У Мінск з Гомеля мы ехалі па платнай трасе (для грамадзян Мытнага саюза праезд на легкавушках бясплатны).

Што радуе, дык гэта хуткасныя абмежаванні: мяжа для легкавушак — 100—120 км/г, непадалёк ад сёлаў і ля пешаходных пераходаў хуткасць можа зніжацца да 80. Такія перапады цалкам камфортныя, у адрозненне ад пастаянных знакаў «40» на бясплатных кубанскіх трасах, якія дэ-факта робяць іх платнымі.

***

У Мінску мы забраніравалі кватэру ў самым цэнтры, каля плошчы Якуба Коласа, з даволі «паштовачным» выглядам з акна. І тут мы зрабілі яшчэ адно турыстычнае адкрыццё: неканкурэнтная якасць жытла.

Заканамернасць простая: калі гэта гатэль, то годны нумар абыйдзецца ў 3—7 тысяч расійскіх рублёў (100—230 BYN — заўв. Рэд.). Танней у гасцініцах можна зняць толькі гадзюшнік — накшталт пакоя ў прывакзальным гатэлі Гомеля.

Гэта быў праўдзівы «back in USSR»: абадраныя, пракураныя шпалеры, аблупленая плітка ў санвузле з пацямнелай ад часу ваннай, правіслыя дзверы, што не зачыняюцца, праціснутыя ложкі, вышчарблены паркет.

Дзіўна, што гэта наогул хтосьці здае. І здымае. Мы папаліся — аплацілі пакой да засялення: на фота ён не здаваўся такім страшным.

Цяпер ведаем: у Беларусі можна здымаць толькі кватэры. За 1500—1800 рублёў (50—60 BYN — заўв. Рэд.) можна зняць прыстойную двухпакаёвую кватэру на суткі ў самым цэнтры любога горада.

***

Першае, што ўразіла ў Мінску — бязлюддзе. Каля 10-й вечара на выхадзе з метро нікога. Раніцай горад таксама падаўся вымерлым.

Шырокія вуліцы і плошчы, у адрозненне ад Гомеля, былі чыстыя, але трохі палохалі пустэчай. Да вечара народ стаў сцякацца да ялінак — на Кастрычніцкай, насупраць Палаца Рэспублікі, і на Нямізе. Калядныя гулянні здаліся нам нязвыклымі: сем'і моўчкі станавіліся на кропку, фатаграфаваліся, і павольна перамяшчаліся на новую лакацыю для ўдалага сэлфі. І ўсё гэта — у цішыні.

Беларусы наогул няшумныя. Мы заўважылі, што на вуліцах не прынята размаўляць па мабільным тэлефоне (выключэнне — гарнітура), гучна смяяцца, прыцягваць да сябе ўвагу.

У святы такія паводзіны здаюцца залішне зарэгуляванымі. Але нас запэўнілі: «Ніякай Паўночнай Карэі ў Беларусі няма, проста мы так выхаваны».

Нават тыя, хто кураць у кампаніі каля дзвярэй начных клубаў, выглядаюць так, быццам выйшлі з лекцыі па вышэйшай матэматыцы.

Каб хоць нешта зразумець пра краіну, мы адправіліся ў Нацыянальны музей выяўленчых мастацтваў. Яго стары будынак — фактычна клон Пушкінскага музея ў Маскве. Але Беларусі як такой мы там не знайшлі. Несмяротная руская класіка ХVIII—XX стагоддзя, прывезеная з Рыгі выстава даваеннага латвійскага плаката з матывамі эстэтыкі Трэцяга Рэйху і беларускія партрэтысты савецкіх часоў, якія малявалі, здаецца, толькі панылыя твары адно аднаго.

Пасля расійскага культу Перамогі, ведаючы, як моцна прайшлася па Беларусі вайна, мы чакалі, што яе матыў у нацыянальным жывапісе таксама будзе дамінаваць. Але не — вобразаў вайны тут было мала. Затое шмат партрэтаў напышлівых вяльможаў Вялікага Княства Літоўскага/Рэчы Паспалітай. І цыклы сучасных мастакоў, якія тлумачаць, чаму Беларусь — не Расія, і куды ж нам плыць.

Ад карцін творцаў беларускага міфа вее Перабудовай: цяжарныя будучыняй жанчыны на фоне руінаў замкаў усё той жа эпохі Вялікага Княства Літоўскага (іх цяпер ударна аднаўляюць па ўсёй рэспубліцы), змучаныя горам чорныя жанчыны на савецкіх магілах без крыжоў. Пры гэтым пейзажаў чамусьці няма.

У цэлым Мінск не пакінуў уражання сталіцы. Прасторны, шырокі, грунтоўны, чысты, добра падсветлены, з фундаментальным ядром сталінскай архітэктуры — але занадта ўжо малалюдны і стрыманы.

А галоўнае, мы не заўважылі нічога спецыфічнага, такога, што магло б быць толькі тут. Што паказвае на тое, што гэта Беларусь? Говар? Яго няма, тут чыстая сярэдняруская мова. Шыльды на «мове»? Яны і ў Крыме былі, але не зрабілі яго Украінай. Дранікі ў меню? Яны ёсць не толькі тут. Сціпласць? Так, мабыць, сціпласць.

***

Невялікі горад Гродна на берагах Нёмана быў не толькі фінальнай кропкай нашага аўтапрабегу, але і ў нейкай меры яго мэтай. Бо калі прыняць на веру мэсэджы, што сучасная Беларусь — ужо не «рускі свет», то дзе яшчэ шукаць яго літвінскую вялікакняжаскую іншасць і еўрапейскі дух, як не на заходняй мяжы?

Аднак зімовы Гродна ніякай Еўропай не пах. Гарадок аказаўся дзіўна сумным, шэрым і панылым, а яго турыстычны цэнтр — занадта прыкметным наватворам.

Ад Белых Росаў да Ласасянкі: 25 адрасоў каралеўскага Гродна

Наватвор у Беларусі — наогул асобная тэма. У пошуках нярускіх каранёў, таго, што корміць суверэнітэт, мясцовыя ўлады абнаўляюць усё хоць крыху старадаўняе. З аднаго боку, будынкі выглядаюць ідэальна: фасады атынкаваныя, пафарбаваныя, падсвечаныя. Пад'езды ў дамах таксама адрамантаваныя, а ўсе вокны заменены на тыпавыя шклопакеты ў драўляных рамах.

Але ўсё гэта робіць новабеларускую даўніну нежывой. У ёй няма налёту часу, паціны. У замку над Нёманам на нашых вачах ляпілі карніз ці то з пенапласту, то з пенабетону.

Затое выстава ялінак ў гарадзенскім парку Жылібера выклікала непадробна жывую эмоцыю. Кожнае гродзенскае прадпрыемства ўпрыгожыла да свята сваю прыгажуню з падручных матэрыялаў. Атрымалася арыгінальна і незвычайна. Трэба было б і Крыму такую ​​традыцыю пераняць.

***

<…> Для дзяўчат у Беларусі добрым лічыцца даход у 500—700 беларускіх рублёў (15-20 тыс расійскіх), для мужчыны — у 700—800. Калі абодва зарабляюць па 1000 і больш, сям'я лічыцца заможнай. Але ў масе дабрабыт па людзях не заўважны — заўважная эканомія на ўсім.

У кошыках у большасці наведвальнікаў крам — самыя простыя прадукты: хлеб, алей, трохі тварагу. Прычым хлеба бяруць шмат, а тую ж каўбасу выбіраюць прыдзірліва. Фраза «гэтую добра расіяне бяруць» лічыцца прыкметай якасці.

У «налівайках», куды заходзіць пасля працоўнага дня просты люд, аншлагаў таксама няма. Мужчыны ў цёмных пінжаках і вадалазках — амаль забыты ў нас савецкі тыпаж — бяруць бутэльку гарэлкі, пачак соку на траіх, зрэдку катлету, і так сядзяць. Прыўзнятасць не адчуваецца.

Пазней нам распавялі, што ў Беларусі высокая норма назапашвання: навучаныя дэвальвацыяй сем'і імкнуцца адкладаць як мінімум траціну і без таго невялікай зарплаты ў валюце.

Беларускую прадукцыю ў нас прынята лічыць апрыёры недарагой, натуральнай і якаснай. Але з апрабаванай у самой Беларусі мы змаглі б такое сказаць толькі пра каўбасу і алкаголь (яго прадаюць кругласутачна, у тым ліку на запраўках). Трыкатаж, тэкстыль, абутак, мэбля — даволі пасрэднага дызайну і панылых расфарбовак.

Кажуць, добрыя тавары ідуць на экспарт, паколькі мясцовым яны не па кішэні. Ці так гэта, мы не ведаем, але дзіўна, што ў краіне, якая столькі ўсяго вырабляе, так мала месцаў, дзе гэта можна ўбачыць.

Прыходзілася рабіць намаганне, каб прымусіць сябе зайсці ў краму ці кавярню — настолькі непрывабныя многія з іх звонку. А калі голад заставаў на трасе — зусім няма куды было звярнуць. Снежная пустыня, белае бязмоўе, адзін-два «піт-стопы» (кавяранька ці малюсенечкі матэльчык ля самай трасы) на 200 км — гэта норма. Каб пераночыць, трэба з'ехаць з аўтабана ў бок хаця б метраў на пяцьсот.

А яшчэ ў нас склалася ўражанне, што геданізмам тут як бы пагарджаюць, а на расіян, што ходзяць без справы, глядзяць часам са здзіўленнем: «Будні дзень, а яны не на працы». Хоць, магчыма, нам падалося, бо беларусы вельмі стрыманыя.

<…>

***

<…>

Беларусь падалася нам краінай, якая захрасла ў ліхалецці. Краінай, якая бяжыць неверагодна доўгую дыстанцыю, якой быццам бы і няма канца, але ў кожным кроку ёсць яго прадчуванне. Краіна, якая, здаецца, і сама сябе не вельмі разумее — яна пакінула ў нас больш пытанняў, чым адказаў.

А значыць, ёсць падстава вярнуцца і зноў іх сабе задаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1